Комментарии
Ігар Карней, «Радыё Свабода»

«Спадзяюся, што ў Расеі «лукашэнізацыя» немагчымая»

У Расеі не спыняюцца акцыі супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Ўладзімера Пуціна, з патрабаваньнем свабодных выбараў.

Апошнімі днямі апазыцыя праводзіць іх у фармаце «народных гуляньняў», што не перашкаджае паліцыі расцэньваць гэта як «несанкцыянаваныя мерапрыемствы». Адміністрацыйныя арышты напярэдадні прысудзілі арганізатарам супраціву — незалежнаму палітыку Аляксею Навальнаму і лідэру «Левага фронту» Сяргею Ўдальцову, штрафамі пакараныя іншыя ўдзельнікі маніфэстацыяў.

Сьледчы камітэт Расеі абвясьціў, што шэраг расейскіх палітыкаў будуць дапытаныя ў рамках крымінальнай справы аб беспарадках на Балотнай плошчы ў Маскве 6 траўня, за дзень да інаўгурацыі Ўладзімера Пуціна. Паводле зьвестак сілавікоў, у той дзень ад дэманстрантаў пацярпелі тры дзясяткі паліцэйскіх. Апазыцыянэры, у сваю чаргу, кажуць пра сама меней паўтысячы зьбітых і затрыманых удзельнікаў акцыі.

Адзін з заснавальнікаў руху «Абарона», сябра Палітрады аб’яднанага дэмакратычнага руху «Салідарнасьць» Алег Казлоўскі падкрэсьлівае брутальнасьць дзеяньняў паліцэйскіх і неабгрунтаванае ўжываньне сілы. У 2006 годзе ён быў асуджаны судом Ленінскага раёну Менску на 15 сутак арышту за ўдзел у «джынсавай рэвалюцыі» і адзначае: тое, што цяпер адбываецца ў Расеі, мае яскравы «беларускі прысмак»:

«Пакуль што адрозьненьняў, на шчасьце, больш, чым падабенстваў. Але факт, што яны, канечне, вучацца адзін у аднаго, капіююць шмат якія прыёмы. Прыкладам, расейскія паліцэйскія ў сваіх беларускіх калегаў запазычылі тактыку прэвэнтыўных затрыманьняў, якая празь нейкі час стала ў нас папросту паўсюднай. Зразумела, што ўзятыя на ўзбраеньне і іншыя „перадавыя мэтады“. Можна згадаць, што ў нас упершыню ў найноўшай гісторыі была ўзбуджана крымінальная справа паводле артыкула „Заклікі да масавых беспарадкаў“. Паказальна, што гэта здарылася ў студзені 2011-га — неўзабаве пасьля таго, як па выніках сьнежаньскіх падзеяў 2010 году аналягічная справа была распачатая ў Менску. Таму, сапраўды, ёсьць такое адчуваньне, што яны глядзяць адзін на аднаго, ацэньваюць, што ў каго атрымліваецца, і капіююць пасьпяховы, зь іх пункту гледжаньня, досьвед».

Вядомы пісьменьнік, адзін з актыўных удзельнікаў руху за свабодныя выбары Барыс Акунін лічыць, што рушыць шляхам Беларусі кіраўніцтву Расеі будзе складана. На яго перакананьне, апанэнты Пуціна маюць у грамадзтве шырокую падтрымку, што не дазволіць усталяваць у Расеі паліцэйскі парадак:

​​«Я думаю і спадзяюся, што гэта ўжо немагчыма

ў Расеі ў прынцыпе. Зразумела, што барацьба за дэмакратыю, за ўсталяваньне каштоўнасьцяў грамадзянскай супольнасьці будзе працягвацца дастаткова доўга, гэта не ў адзін дзень, не ў адзін месяц і, верагодна, нават не ў адзін год адбываецца. Але я ня думаю, што Расея можа ператварыцца ў паліцэйскую дзяржаву. Мне здаецца, мы ўсё ж прамінулі гэтую рысу. Бяда Беларусі якраз у тым, што вось гэты самы аўтарытарны рэжым усталяваўся на тым этапе, калі грамадзтва яшчэ не дайшло да пэўнай стадыі разьвіцьця. На жаль, гэты працэс цягнецца ўжо вельмі даўно».

Барыс Акунін

Карэспандэнт: «То бок Расеі лукашэнізацыя не пагражае?»

«Думаю, што не. Цяпер вось Уладзімер Уладзімеравіч вучыцца ў Лукашэнкі ў хакей гуляць — ну дык бог зь ім, няхай гуляе... Шчыра кажучы, мяне ўвогуле мала хвалюе зьнешняя рэакцыя на тое, што ў нас тут адбываецца. Даўно ўжо зразумела, што ўсё вырашаецца і ўсё вызначаецца тым, што адбываецца ўнутры, у Расеі, у Маскве».

Удзельнік усіх масавых акцыяў расейскай апазыцыі, аўтар нашумелага антыпуцінскага мэдыя-праекту «Грамадзянін паэт» Дзьмітрый Быкаў таксама ня верыць, што Расею можна сілком загнаць у таталітарнае мінулае. І ня думае, што Лукашэнка для Пуціна можа служыць нейкім палітычным арыенцірам:

Дзьмітры Быкаў

​​«Гэта немагчыма таму, што ў слана і зайца розныя хваробы. Не таму, што заяц горшы за слана, а таму, што заяц меншы за слана. Расея — вельмі вялікая і разнастайная, і параўноўваць яе зь Беларусьсю няма ніякай магчымасьці. Беларусь — невялікая, правінцыйная, ня мае досьведу ўласнай дзяржаўнасьці. На жаль, была часткай Расеі доўгі час, дастаткова няўдала выкарыстала свой шанец на незалежнасьць, хутка разьвітаўшыся са сваёй вельмі, канечне, аднабокай і вельмі нядоўгай свабодай ад Расеі. Адным словам, Беларусь ня можа ні па якім крытэрыі зраўняцца з Расеяй. Я вельмі люблю і глыбока паважаю Беларусь, як назваў яе Салжаніцын — „нашу кроткую сестру“ — і не залежыць ад памеру дзяржавы маё стаўленьне да яе. Але маштаб краіны трэба разумець. Яшчэ раз кажу: Расея — вельмі вялікая. Гэта і добра, і дрэнна. Але, на жаль, гэта так».

У інтэрвію расейскай службе Радыё Свабода адзін з арганізатараў травеньскіх акцый пратэсту, сустаршыня Партыі народнай свабоды Барыс Нямцоў патлумачыў, чаго расейская апазыцыя дасягнула мітынгамі. Паводле ягоных слоў, найперш дамагліся таго, што проста так Пуціну «красьці, хаміць і гістэрыць, але пры гэтым нічога не рабіць, ня ўдасца»: «Калі б мітынгаў не было, мы б даўно ў Менск ператварыліся», — сказаў Нямцоў і зазначыў, што Беларусь — гэта людзі, якія сядзяць у турмах, людзі, якіх не выпускаюць з краіны; гэта гіпэрінфляцыя, заработная плата ў памеры 200–250 даляраў, якая лічыцца «добрай». І тое, што Пуцін «хоць сьмяротна баіцца ўласнага народа, але ня робіць такіх гадасьцяў, як Лукашэнка», на думку палітыка, адбываецца таму, што людзі выходзяць на плошчы: «Трэба працягваць нарошчваць мірны пратэст — шэсьці, мітынгі, пікеты, страйкі, усерасейская палітычная стачка з патрабаваньнем імпічмэнту», — падсумаваў Барыс Нямцоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)