Филин

Юлія Кот

Слюнькін: «Нават калі б Лукашэнку захацелася нармалізаваць адносіны — ці ёсць у яго дастаткова магчымасцяў?»

Аналітык — пра сітуацыю на межах Беларусі з краінамі ЕС.

Кіраўнік МУС Польшчы Марыюш Камінскі заявіў, што Польшча, Літва і Латвія могуць сумесна прыняць рашэнне аб закрыцці сваіх межаў з Беларуссю, калі на мяжы адбудуцца сур’ёзныя інцыдэнты з удзелам наймітаў з ПВК «Вагнер».

Раней пра магчымае закрыццё межаў некалькі разоў казала міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ.

Канешне, складана чакаць іншай рэакцыі, калі Масква і Мінск працягваюць агрэсіўную рыторыку і закіды ў бок Польшчы, а ў Беларусь прыбываюць усё новыя групы вагнераўцаў, якія дэманстратыўна ўдзельнічаюць у вучэннях блізу межаў ЕС.

І ўсё ж наколькі верагоднае поўнае закрыццё межаў, а не толькі далейшае скарачэнне грузаперавозак? Ці ёсць падставы для таго, каб напружанне ў стасунках зменшылася, і ці варта беларусам рыхтавацца да «жалезнай заслоны» з адзіным адкрытым шляхам у Расію?

Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з аналітыкам Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах (ECFR), экс-супрацоўнікам МЗС Беларусі Паўлам Слюнькіным.

— Заявы з боку Польшчы і Літвы зараз зробленыя не проста так, — зазначае аналітык, — а каб у тым ліку перадухіліць непажаданыя сцэнары, даць іншаму боку зразумець магчымыя рэакцыі.

Аднак, безумоўна, галоўная мэта суседніх краінаў зараз не столькі у тым, каб напужаць ці распавесці рэжыму ў Беларусі пра захады ў адказ, а менавіта падгатавацца да самых негатыўных сцэнароў.

Наймітаў «Вагнера» ў Беларусі ўжо некалькі тысяч. І хоць яны пакуль што прыяжджаюць без цяжкай зброі, але ўлічваючы «крэдытную гісторыю» рэжыма Лукашэнкі, асабліва цягам апошніх некалькіх гадоў, у шмат якіх краін ёсць падазрэнні, што ў выніку ўсё гэта можа абярнуцца вельмі вялікімі нечаканасцямі і непрыемнасцямі для іх, абвастрэннем міграцыйнага крызісу ці нейкімі новымі гібрыднымі формамі атак.

Адпаведна, суседнія краіны рыхтуюцца да розных сцэнароў.

Заявы, якія гучаць у публічнай прасторы, ускосна пацвярджаюць, што дыскусіі аб сумесным адказе таксама ёсць. Ужо разумеючы, як можа дзейнічаць рэжым, яны рыхтуюцца, каб адказ быў сумесны і больш эфектыўны.

Цяпер складана гаварыць, ці адбудзецца поўнае альбо частковае закрыццё межаў, скарачэнне пунктаў пропуску — цалкам магчыма, мяркуе аналітык, што Польшча, Літва і Латвія яшчэ самі гэтага не ведаюць, разглядаючы шэраг верагодных сцэнароў развіцця падзей.

— Думаю, калі кажуць пра закрыццё межаў, то маюць на ўвазе перадусім усё ж менавіта магчымасці для перасячэння мяжы грамадзянамі, а не пра перавозку грузаў. Там дзе чыгуначнае грузавое злучэнне функцыянуе, яно, верагодна, працягне функцыянаваць. Але ўсё ж гэта гіпотэзы, дэталяў планаў ад саміх ініцыятараў мы пакуль не чулі.

Такое рашэнне адаб’ецца на саміх беларусах, у тым ліку тых, хто вымушаны бегчы з краіны праз палітычны пераслед — атрымліваецца, ахвяры і каты будуць закрытыя ў адной бляшанцы, з выйсцем хіба праз Расію? Павел Слюнькін не выключае такі варыянт:

— Гэта ж не нешта новае: у першы раз абмежаванні, якія звужалі магчымасці уцякчы ад пераследу, былі ўведзеныя яшчэ ў 2021-м, калі з’явіліся авіяцыйныя санкцыі і перарвалося авіязлучэнне Беларусі з заходнімі краінамі, з Украінай. Ужо тады ад’езд стаў нашмат складанейшым, і даводзілася шукаць шляхі праз Расію, праз іншыя краіны СНД, што, натуральна, займала больш часу, рэсурсаў і павялічвала рызыкі.

Тое самае адбывалася і ў візавым пытанні, магчымасці атрымання якіх увесь час памяншаліся. То бок, гэты працэс не пачнецца наноў, проста тэрміновы выезд з краіны, калі такая магчымасць не будзе цалкам страчаная, стане яшчэ больш складаным.

Я магу сабе ўявіць, што нягледзячы на закрытыя межы, суседнія краіны пакінуць адкрытымі гуманітарныя калідоры, каб захаваць магчымасць выезду для палітычных уцекачоў— але тут пытанне, якая рэакцыя будзе з беларускага боку, ці будуць яны выпускаць гэтых людзей праз мяжу. Таму як эфектыўна арганізаваць гуманітарныя калідоры ў бягучых умовах — загадка. І цалкам магчыма, што адзіным шляхам застанецца выезд праз трэція краіны.

З 2020 года ўсё ідзе да таго, што беларусам становіцца толькі цяжэй выбірацца. І ў Літве, напрыклад, ўжо ідуць такія размовы, што большасць людзей, якія знаходзяцца пад пагрозай і якія хацелі з’ехаць, ужо з’ехалі. Я з гэтым меркаваннем нязгодны, але яно распаўсюджанае, таму варта яго ўлічваць і быць гатовым да самых негатыўных сцэнароў.

Калі гаворка ідзе пра ваенную бяспеку і ахову межаў, «фільтрацыю» вагнераўцаў, безумоўна, і літоўскі, а латвійскі, і польскі бакі у першую чаргу будуць дбаць пра свае інтарэсы, а не пра інтарэсы беларусаў. Таму і беларусам, кажа аналітык, трэба думаць перадусім пра сябе: «не чакаючы, што пра іх бяспеку нехта падумае ці за ніх нешта зробіць».

Ці застаюцца ўвогуле шансы на нармалізацыю адносінаў Беларусі з суседзямі, калі эскалацыя працягваецца?

— Зараз такое вельмі складана ўявіць, бо ў гэтым «танга» ёсць трэці чалавек, — зазначае Павел Слюнькін. — І невядома, хто ў тым трохкутніку адносінаў сапраўды вырашае. Нават калі б Лукашэнку захацелася нармалізаваць адносіны — а ці ёсць у яго дастаткова магчымасцяў, каб зрабіць гэта ці не дапусціць эскалацыі? Адказ невідавочны.

Пакуль ідзе вайна, дзеянні Расіі падначальваюцца яе вайсковым інтарэсам, і з улікам залежнасці Беларусі ад Масквы шмат якія рашэнні Лукашэнкі падначалены інтарэсам яго сюзерэна — Пуціна. І неяк кардынальна мяняць сітуацыю Лукашэнка не збіраецца, ці разумее, што не можа, бо сам сябе паставіў у такія варункі.

Для паляпшэння няма таксама аніякага даверу паміж бакамі. Іх чаканні вельмі моцна адрозніваюцца, прэтэнзій шмат, да таго ж ёсць Расія, зацікаўленая ў тым, каб адносіны Беларусі з заходнімі краінамі не паляпшаліся. Пры такіх умовах і захаванні статус-кво чакаць нейкага пазітыву не выпадае.

Хутчэй, калі вайна будзе працягвацца, пашырацца, то і на заходніх межах Беларусі спакою не будзе.

Каб лепей уявіць, што нас можа чакаць у будучыні, дастаткова паглядзець на шлях, які мы прайшлі з 2020 года. Трэнд апошніх трох гадоў відавочна негатыўны і не падобна, што ёсць стымулы і перадумовы да змены паводзінаў рэжыму, на нейкае паляпшэнне.

Больш верагодным падаецца далейшае пашырэнне ўплыву Расіі на Беларусь, размаху рэпрэсій і міжнароднай ізаляцыі краіны і яе грамадзян.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(33)