Случчына 1937: жахлівае падарожжа
У новым выпуску праекта «Будзьма памятаць!» ад кампаніі «Будзьма беларусамі!» — Случчына.
Сумнавядомы 1937 год нават пачынаўся для жыхароў Слуцка досыць трывожна. Каб зразумець гэта, дастаткова проста праглядзець загалоўкі газеты “Праўда на рубяжы” таго перыяду: “Навесці парадак у акруговым тэатры”, “Варожая дзейнасць у Слуцкай МТС”, “Ачысціць бібліятэкі ад контррэвалюцыйнай літаратуры”… Ворагаў шукалі і ў леспрамгасе, шкоднікаў і шпіёнаў спрабавалі знайсці і ў калгасе “Магутны” Ленінскага сельсавета… Немінуча набліжалася штосьці жахлівае.
Улетку пачаліся арышты. За няпоўныя паўгода былі арыштаваныя амаль тры чвэрці ўсіх, хто ўвогуле пацярпеў ад рэпрэсіяў за тыя гады. Арыштоўвалі ў Слуцку, у Агародніках, у Вынісцах, Сорагах, Серадняках, Хорашаве…
Большасць імёнаў арыштаваных забытыя, сцёртыя з памяці, бо забіралі часам цэлымі сем’ямі. Гісторыя захавала імя 72-гадовага Савы Мікалаевіча Чаркоўскага з вёскі Загараддзе, арыштаванага разам з трыма сынамі: Антонам, Іванам і Мікалаем. 18 кастрычніка яны ўсе былі расстраляныя ў Слуцку. І доўгі час нават не было вядома, дзе менавіта. Калі Курапаты вядомыя ўсім, дык сярод іншых месцаў расстрэлаў у Мінскай вобласці вядомыя толькі населеныя пункты — сам Мінск, Барысаў, Чэрвень, Вілейка і Слуцк.
Доўгі час ніхто пошукамі з вядомых прычын не займаўся. Першая камісія па вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, была створаная ўжо падчас перабудовы, у 1988 годзе. Планавалася адшукаць месцы расстрэлаў і ўсталяваць на іх памятныя знакі, але не адбылося. Пасля развалу СССР займацца гэтым давялося ўжо ў прыватным парадку. Вялікі ўнёсак у гэтую патрэбную справу зрабіў слуцкі журналіст Анатоль Жук. У сваёй кнізе “Слуцк, 37-ы” ён апісаў свае пошукі, размовы са старымі людзьмі, якія ў той жахлівы год былі яшчэ дзецьмі.
Болей чытайце ў матэрыяле на сайце кампаніі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное