Общество
Мікола Чарняўскі

Скрадзены 50 тысяч подпісаў за перайменаванне вуліцы ў гонар Быкава (абноўлена)

6 ліпеня была абрабавана кватэра, якую актывісты кампаніі «Гавары праўду!» знялі, каб перад падачай у гарвыканкам праверыць і пералічыць подпісы за перайменаванне адной з мінскіх вуліц у гонар Васіля Быкава.

Па папярэдніх дадзеных было страчана больш за 50 тысяч подпісаў. Нічога больш не прапала.

Актывісты кампаніі выклікалі міліцыю, быў складзены пратакол.

Нагадаем, збор подпісаў у рамках акцыі «ЗА вуліцы Быкава» скончыўся 22 чэрвеня ў Гродна ў гадавіну народзінаў пісьменніка.

Як адзначаюць прадстаўнікі «Гавары праўду!», на подпісы за ўшанаванне памяці Быкава вядзецца сапраўднае паляванне.

5 ліпеня машына, у багажніку якой знаходзіліся яшчэ 30 тысяч подпісаў, была эвакуіравана са двара, у якім стаяла без парушэння аніякіх правіл. Зараз аўтамабіль апячатаны, лёс подпісаў дагэтуль невядомы.

Яшчэ каля 10 тысяч подпісаў былі канфіскаваны ў часе ператрусу ў офісе кампаніі 18 мая на вуліцы Машэрава, 54.

Каментуючы сітуацыю вакол інцыдэнту, лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў паведаміў «Салідарнасці», што скрадзеных подпісаў магчыма было і болей – да 60-70 тысяч.

– Улада ўжо крадзе галасы людзей, – адзначыў Уладзімір Някляеў. – У кватэру залезлі ў ноч з панядзелка на аўторак. Замок не заламаны – значыць, працавалі прафесійна. Злодзеі вельмі дзіўныя, бо забралі толькі подпісы. Яны што хочуць зрабіць? Выставіць нас балбатунамі – казалі, што збяруць подпісы, а глядзіце людцы: у іх нічога няма. Дык вось яны памыляюцца. У нас ёсць іншыя фокусы, якія мы прадставім заўтра на прэс-канферэнцыі.

Някляеў: кампанія «Гавары праўду!» не спыніцца ў любым выпадку

Каментар Уладзімір Някляеў даваў каля гаспадарчага суду г. Мінска, дзе сёння будзе разглядацца справа аб пазбаўленні рэгістрацыі ўстановы «Движение вперед», у рамках якога дзейнічае кампанія «Гавары праўду!».

– Без арганізацыі кампанію «Гавары праўду!» працягваць будзе цяжка, – сказаў Уладзімір Някляеў. Але падобна на тое, што рашэнне ўжо прынята, бо нам не даюць магчымасці ўзяць неабходныя для абароны дакументы з апячатанага офіса. Цырк заключаецца ў тым, што я не магу суду давесці, што гэта я!

Следчы, які вядзе крымінальную справу, у рамках якой офіс кампаніі «Гавары праўду!» быў апячатаны, абяцаў знайсці і прынесці на суд неабходныя дакументы. «Хутка пабачым, ці выканае сваё абяцанне», – сказаў Някляеў.

У выпадку, калі арганізацыя пазбавіцца рэгістрацыі, лідэр «Гавары праўду!» абяцае працягнуць кампанію.

– Некалі я напісаў шлягер «Гуляць, дык гуляць!». Калі яны так будуць сябе паводзіць, то і нам не застанецца нічога, як «гуляць, дык гуляць!». Кампанія «Гавары праўду!» не спыніцца ў любым выпадку, – адзначыў Някляеў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)