В мире

Скандал у Жэнэве: Рада правоў чалавека ААН ухваліла намаганьні ўладаў Беларусі

51 з 92 дзяржаваў віталі дасягненьні Беларусі ў галіне правоў чалавека, піша Радыё Свабода.

Сілавікі настаўляюць зброю на мірных пратэстоўцаў. Менск, Курапаты, 1 лістапада 2020. Фота Reuters

Рада правоў чалавека ААН, якая засядае ў Жэнэве, ухваліла намаганьні ўладаў Беларусі ў выкананьні правоў чалавека. Беларуская дэлегацыя прадставіла чальцам Рады свой «Пэрыядычны даклад аб выкананьні правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь»​. Усе дзяржавы –​ чальцы Рады правоў чалавека ААН падаюць такія даклады кожныя пяць гадоў.

З ацэнкай хады абмеркаваньня дакладу выступіла няўрадавая праваабарончая арганізацыя UN Watch, заснаваная ў 1993 годзе для праверкі адпаведнасьці рашэньняў праваабарончых органаў ААН прынцыпам Статуту гэтага найбуйнейшага міжнароднага форуму.

UN Watch, якая зьяўляецца няўрадавай арганізацыяй, мае адмысловы кансультацыйны статус пры эканамічнай і сацыяльнай Радзе ААН і мае асацыяванае сяброўства ў Дэпартамэнце грамадзкай інфармацыі ААН.

Паводле UN Watch, 51 з 92 дзяржаваў – удзельніц Рады правоў чалавека (55%) віталі дасягненьні Беларусі ў галіне правоў чалавека.

Сярод краінаў, якія ўхвалілі дзеяньні рэжыму Лукашэнкі — 36 дзяржаваў, якія традыцыйна падтрымліваюць рэпрэсіўныя рэжымы, і яшчэ 15 дзяржаваў, якія палічылі магчымым даць станоўчую ацэнку некаторым дасягненьням беларускіх уладаў.

Пасол Беларусі ў ААН у Жэнэве Юры Амбразевіч заявіў на форуме, што Беларусь «мае неабходныя інструмэнты для аднаўлення стабільнасьці ў грамадзтве мірным шляхам».

— У той час, калі рэжым Лукашэнкі жорстка душыць пратэсты грамадзян, нязгодных з афіцыйнымі вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, б'е жанчын на вуліцах і кідае ўсіх апазыцыйных лідэраў за краты або змушае іх пакінуць краіну, найвышэйшы праваабарончы орган ААН не павінен рабіцца форумам фальшывага ўхваленьня прыгнятальнікаў, — заявіў Гілель Наер, выканаўчы дырэктар незалежнай праваабарончай арганізацыі UN Watch, якая базуецца ў Жэнэве.

Наер вітаў той факт, што хаця б 41 дзяржава, карыстаючыся сваім правам на кароткі выступ, выказала рэальную ацэнку становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Прадстаўнік ЗША Шон Гарсія параіў Менску неадкладна «спыніць жорсткія рэпрэсіі супраць беларускага народу», у тым ліку адмовіцца ад выкарыстаньня празьмернай сілы супраць мірных дэманстрантаў і жорсткага абыходжаньня з затрыманымі.

Амэрыканскі дэлегат запатрабаваў «неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і затрыманых за ўдзел у акцыях пратэсту, зьвязаных з выбарамі».

— Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, якія прайшлі 9 жніўня, былі сфальсыфікаваныя. Мы глыбока занепакоеныя працягам ужываньня гвалту, запалохваньня і рэпрэсій супраць беларускага народу, — сказаў Гарсія.

Падобную пазыцыю выклалі прадстаўнікі Грузіі, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Нідэрляндаў, Польшчы, Чэхіі, Швэйцарыі, Францыі і Ўкраіны. Прадстаўніца Нідэрляндаў Моніка Даален настойліва параіла Менску ўнесьці ў Крымінальны кодэкс артыкул, які прадугледжвае адказнасьць за ўсе віды катаваньняў, а таксама далучыцца да Факультатыўнага пратаколу да Канвэнцыі супраць катаваньняў.

На слуханьнях афіцыйны Менск асабліва рашуча падтрымалі дэлегацыі Расеі і Кубы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(42)