«Сістэма пабудаваная на прыніжэнні». На што падобныя беларускія СІЗА знутры

У якіх умовах трымаюць вязняў на «Валадарцы» і «Амерыканцы»? Як выглядаюць камеры, прагулачныя дворыкі, карцар? Незалежныя журналісты цяпер не маюць доступу ў падобныя ўстановы. Але мы знайшлі спосаб гэта паказаць.

У падвале былога літоўскага КДБ размяшчаўся следчы ізалятар. Цяпер гэта музей — камеры захаваліся ў тым выглядзе, у якім былі ў 1991 годзе, калі КДБ на той тэрыторыі спыніў сваю дзейнасць. Абстаноўка, якую можна пабачыць там, у многім падобная да ўмоў у беларускіх СІЗА.

Васіль Завадскі, які 20 гадоў працаваў у пенітэнцыярнай сістэме і сам сядзеў у «амерыканцы», пагадзіўся пракаментаваць для НН фота з былой турмы і правесці паралелі з нашай сучаснасцю. «Тыповая карціна», — не раз скажа ён.

«Стакан»

Бокс памерам усяго 0,6 квадратнага метра. У такія вузкія «шафы» людзей заводзяць на момант чакання. У нашых СІЗА яны могуць выглядаць па-рознаму. Як правіла, дзверы «стакана» — гэта рашотка, праз якую можна бачыць, што робіць зняволены.

Камера

Васіль Завадскі кажа, што камера вельмі падобная да той, у якой ён сядзеў у «Амерыканцы». Такія ж драўляныя зэдлік і тумбачка (у большасці папраўчых устаноў іх робяць на сваёй вытворчасці), такія ж металічныя нары.

— Грыбок на сценах — на жаль, характэрная з’ява ў следчых ізалятарах. Вільготнасць вялікая, бо, па-першае, вентыляцыя вельмі дрэнная ў такіх месцах, а па-другое, шмат людзей у камеры. І людзі ж вымушаныя мыць тут сваю бялізну, а сушыць няма дзе і праветрыць няма магчымасці.

Пра гэту праблему пісаў у лісце і Эдуард Бабарыка: спёка і вільгаць такая, што адзенне пакрываецца цвіллю.

У некаторых СІЗА камеры пасля нядаўняга рамонту выглядаюць больш сучасна. Але з часам цвіль усё адно праядае фарбу.

— «Амерыканка» сама па сабе круглая, камеры знаходзяцца па вонкавай частцы перыметру. Ад уваходу да акна камера пашыраецца — па форме, як мы казалі, падобная да труны. У мяне яна была маленькая, можа, каля 10 квадратных метраў. Нары металічныя, толькі двух'ярусныя — на чацвярых чалавек. Часам дадавалі пятага: тады заносіўся драўляны шчыт, адмыслова зроблены для гэтай мэты. На дзень ён падымаўся, а на ноч клаўся на падлогу.

У той час у «Амерыканцы» толькі ў некалькіх камерах былі туалеты. Я не патрапіў у такую — у маёй стаяла звычайнае вядро з вадой (параша). Два разы на дзень дазвалялася выйсці ў туалет па графіку — раніцай і ўвечары.

А вось што пра знаходжанне ў СІЗА на Валадарскага расказвала Лілія Уласава, якая правяла там амаль 50 дзён:

— На Валадарцы я «пажыла» ў дзвюх камерах. Першая камера на шэсць чалавек была на тэрыторыі турэмнага шпіталя, у ёй знаходзіліся хворыя людзі, у тым ліку з сур'ёзнымі псіхічнымі захворваннямі. Потым мяне перавялі ў іншую камеру, дзе змяшчалася 10 чалавек. У ёй я правяла тры тыдні, да дня вызвалення. Там умовы былі жорсткія. У невялікім пакоі знаходзіцца 10 жалезных нараў у два паверхі, туалет і рукамыйніца з халоднай вадой, дзённага святла не было. Акрамя кратаў, вокны забітыя жалезнымі жалюзі, якія не прапускаюць дзённае святло і ўскладняюць доступ паветра. Пад'ём а 6-й раніцы, з гэтага часу і да адбою а 22-й гадзіне забаронена ляжаць, можна хадзіць і сядзець на ложку. Мне па стане здароўя было дазволена ляжаць. У камеры быў тэлевізар, які трансляваў толькі беларускія каналы і НТВ. Дзесяць чалавек у адным пакоі спалі, елі, мылі, мыліся і хадзілі ў туалет.

Восем з дзесяці жанчын палілі, часам я адчувала, што задыхаюся, даводзілася паветра «лавіць» у маленькую шчылінку «жалюзі». Усім зняволеным выдаюць персанальныя кубкі. Калісьці яны былі эмаліраваныя, але эмаль знасілася, у мяне быў кубак з іржавым дном. Я прасіла яго замяніць, але прынеслі такі ж, сказалі, што лепшага няма. Муж некалькі разоў спрабаваў перадаць пластмасавы кубак — не бралі. Выбару не было, піла з таго, што было і старалася не глядзець на іржу.

Ад доўгай эксплуатацыі металічныя нары ламаюцца. Некаторыя латалі тым, што прыварвалі арматуру. Спаць на іх надзвычай нязручна.

Зняволеным выдаюць алюмініевы посуд. Кубкі вельмі награюцца, іх немагчыма ўзяць у рукі. Палітвязень Настасся Міронцава пісала, што яны выразалі для кубкаў кружочкі-чахольчыкі з газеты «СБ». А каву і гарбату пілі праз трубачкі ад асадак, каб не апякчы вусны аб метал.

«Кармушка»

Вось якія ўспаміны пра Валадарку засталіся ў Лявона Халатрана, які быў у штабе Бабарыкі:

— Камеры, дзе я быў, большую частку часу былі запоўненыя цалкам, першая была на 13 месцаў, другая на 18, гэта не мяжа, чуў, бываюць камеры на 20 і больш чалавек.

Свае нары былі ў кожнага, хоць раней, кажуць, на «Валадарцы» часта абвінавачаныя дзялілі іх паміж сабой. Я быў у корпусе, які называюць Шанхай, таму што людзі там сапраўды сядзяць шчыльна.

Другая праблема — курэнне. У некаторых камерах ёсць вентыляцыя, але яе рэдка ўключаюць. Калі вентыляцыі няма, а нехта курыць, уся камера маментальна запаўняецца дымам, які не адразу рассмоктваецца.

Сярод «палітычных» многія не паляць, хлопцы па іншых артыкулах у большасці сваёй паляць, і для іх гэта святое, кавалачак свабоды, які ў іх не адабралі. Так што дамовіцца, каб людзі не палілі, проста немагчыма. Я чытаю Салжаніцына і бачу ідэнтычныя моманты, проста менш жорсткія. Але савецкая спадчына засталася.

Сістэма пабудаваная на прыніжэнні, але ты да гэтага прывыкаеш і ў нейкі момант табе пачынае здавацца нармальным, што ў камеры цесна, што ўначы не выключаюць святло, што ў некаторых камерах не агароджаны туалет.

Адміністрацыі гэта зручна, яны не хочуць нічога мяняць, умоўна: вось у вас ёсць туалет, можаце паліць, а святло на ноч мы пакідаем, каб у любы момант глядзець, што тут адбываецца. «Нам так зручна, а як вам — усё роўна». Ім пляваць, яны не думаюць пра чалавека, у іх адсутнічае эмпатыя і гуманізм».

У падобных нішах ля камер захоўваюцца лекі вязняў. Яны не могуць узяць іх самі — кожны раз трэба прасіць супрацоўніка ізалятара

Душавыя

У душ водзяць раз на тыдзень. Дзверы ў памяшканне зачыняюць, але праз акенца можна з суседняга пакоя назіраць, што адбываецца.

— У «Амерыканцы» ў душы былі яшчэ адны дзверы, за якімі — мы былі амаль упэўненыя — змяшчалася лазня для супрацоўнікаў. Бо там і венікі сушылі — відавочна, што не для нас, — згадвае Васіль Завадскі.

Карцар

Цеснае халоднае памяшканне без акна. «Футра» на сценах, бетонная падлога, уманціраваны зэдлік, вакзальны туалет.

— Сцены такімі робяць, каб вязні там не пісалі нічога, не пакідалі адмецін. Санітарная служба змагалася з «футрам», бо гэта — добры рэзервуар для інфекцый рознага кшталту, не дазваляе добра апрацаваць сцены. І ў некаторых установах яго замянілі, — дзеліцца Васіль Завадскі.

У былым літоўскім КДБ змяшчаліся таксама мокрыя карцары (іх выкарыстоўвалі з 1945 да 1950-х гадоў). Там зняволеныя вымушаны былі стаяць у вадзе або балансаваць на маленькім узвышэнні, спаць у такой позе было б немагчыма. У беларускіх следчых ізалятарах такіх катавальняў, вядома, няма. Але вось у якіх умовах на «Валадарцы» трымалі Сяргея Ціханоўскага.

— У карцары вільготна — у камеры праходзіць стаяк, і труба стаяка працякае, таму бетонная падлога пастаянна мокрая. Нармальна сядзець фактычна няма на чым, а ложак адкідаюць толькі на ноч з 22 да 6 гадзіны раніцы, — распавядаў адвакат Ціханоўскага.

Так выглядаў мокры карцар у турме літоўскага КДБ

Мяккая камера

Камера, абабітая тканінай. Яе сцены не прапускаюць гукаў. За савецкім часам туды змяшчалі буйных вязняў ці тых, хто аказваў супраціў. У беларускіх рэаліях у такой камеры можа аказацца любы.

— Я ў ёй быў, — кажа Завадскі. — Адразу як прывялі ў СІЗА, мяне туды адправілі — напэўна, каб не перасякаўся з іншымі, не бачылі адно аднаго. Сцены там абабітыя мяккім матэрыялам, каб, калі чалавек будзе сябе весці агрэсіўна, ён не здольны быў сам сабе нанесці пашкоджанні. Але чытаў, што туды змяшчаюць людзей і з мэтай псіхалагічнага ціску. Пах там не дай бог, канечне, стаіць. Такі чалавечы боль там накоплены.

Нам вядома, што ў такой камеры ўтрымлівалі і затрыманых беларускіх журналістаў.

Прагулачныя дворыкі

У амерыканскіх фільмах паказваюць прасторныя турэмныя двары — з баскетбольнай пляцоўкай і газонам. Але гэта ні разу не падобна на нашы следчыя ізалятары.

Тыповы прагулачны дворык — з лаўкай пасярэдзіне і нацягнутай зверху сеткай. Дворыкаў звычайна некалькі. У «амерыканцы» маленькія маюць плошчу 6-8 квадратных метраў, большыя — 20-25 квадратаў.

На тэрыторыі «Валадаркі» ёсць прастора для гульні ў валейбол. Яе можна ўбачыць з вышыні рэстарана, які знаходзіцца па суседстве. Вось толькі гуляюць там не вязні, а супрацоўнікі СІЗА.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2(28)