Штраф — за «Пагоню» на ўласным гаўбцы

Галоўны архітэктар Глыбоцкага раёну склаў пратакол за адміністрацыйнае правапарушэньне на былога настаўніка матэматыкі Мар’яна Місевіча.

Паводле спадара Місевіча, ен расфарбаваў свой гаўбец у нацыянальныя колеры, чым упрыгожыў ня толькі свой «шматпавярховік», але й увесь цэнтар паселка Падсьвільле. Бо ў тым доме, дзе ен мае кватэру, ужо 40 гадоў не было рамонту:

«Дом наш у тры паверхі, мая кватэра на другім. Дому 40 гадоў, з той пары так і стаіць. А гаўбцы ў нас такія: пара–тройка лоджыяў зашкленых, астатнія гаўбцы абшарпаныя. І ў мяне такі быў, калі я кватэру тут набыў пару год таму».

Мар’ян Місевіч вырашыў адрамантаваць свой гаўбец, а заадно паказаць, што гаспадар — шчыры беларус:

«Гаўбец мой — 3 мэтры 10 сантымэтраў. І на ўсе гэтыя 3.10 ішлі тры паласы — белая, чырвоная, белая. А па баках, сантымэтраў па 10 — арнамэнт беларускі. А пасярэдзіне — „Пагоня“. Я маляваў гэта на блясе, потым прыкручваў шрубамі, усе фундамэнтальна рабіў. „Пагоня“ была прымацаваная асобна на шрубах. Якая прыгожая была! Увесь горад упрыгожвала! Але ж камусьці не спадабалася».

Спадар Мар’ян цяпер вельмі шкадуе, што не пасьпеў сфатаграфаваць свой бел–чырвона–белы гаўбец, пафарбаваны на пачатку траўня. Бо прыкладна праз тыдзень камунальнікі, не папярэдзіўшы гаспадара, перафарбавалі яго ці то на свой густ, ці то казеннай фарбай, якая знайшлася, — у чырвоны колер. Запэцкалі і «Пагоню», прычым няйнакш як уночы, употайкі. Бо ніхто з суседзяў ня бачыў, як гэта адбывалася.

Але ранкам 6 траўня Мар’ян Місевіч заўважыў, што гаўбец ужо ня той. І пачаў высьвятляць, хто гэта зрабіў.

Высьвятленьні скончыліся пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэньні, працягвае спадар Мар’ян:

«Я паехаў высьвятляць адносіны ў пасялковы савет. Адразу перайшоў у напад: „Хто гэта ўсе нарабіў без майго дазволу?“ Старшыня зьбянтэжылася, сказала, што ня ведае. Участковы нешта прамямліў, што начальнік ЖКГ. Яны яшчэ патрабавалі зь мяне пісьмовых тлумачэньняў, але я адмовіўся: сказаў, што спачатку разьбяруся, хто тут што рабіў і па якім загадзе! Тады я паехаў у ЖКГ, да начальніка: „На якой падставе і хто сапсаваў маю прыгажосьць?“ Ен пачаў казаць, што гаўбец — гэта не мая прыватная маемасьць. Ясна, адным словам: гэта яго падначаленыя зрабілі».

Паводле спадара Місевіча, начальнік ЖКГ у Падсьвільлі — былы кіраўнік Глыбоцкай раеннай міліцыі. Таму й мэтады ў яго такія: адразу позву да галоўнага архітэктара раена, каб складаць пратакол:

«Пратакол ен пры мне складаў. „Парушэньне архітэктурнага рашэньня будынкаў і збудаваньняў“, вось такі артыкул я парушыў. У пратаколе былі тры радкі на мае заўвагі. Я сказаў, што не ўкладуся, і ў маей тлумачальнай запісцы, якую да пратакола прыклалі, я ўсе напісаў: „Па цэнтры гаўбца была „Пагоня“, гэта афіцыйны герб вобласьці. Па бакох я разьмясьціў для прыгажосьці беларускі арнамэнт. І наш дом адразу папрыгажэў, нягледзячы на лахманы, што сушыліся на суседніх гаўбцах, на рознакаляровыя рамы і лоджыі“. Так што тут, я думаю, галоўнае — не расфарбоўка. А тое, што намалявана!»

Паводле артыкула 21.13 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях за «парушэньне архітэктурнага рашэньня фасадаў будынкаў і збудаваньняў» Мар’яну Місевічу пагражае штраф ад 200 тысяч да мільена рублеў. Памер штрафу мае вызначыць адміністрацыйная камісія. На пасяджэньне спадар Мар’ян зьбіраецца прыйсьці ў сваім звычайным адзеньні — у майцы з «Пагоняй», са значкам у выглядзе бел–чырвона–белага сьцяжка. А з сабой абяцае ўзяць сапсаваны камунальнікамі старажытны герб: гаспадар зьняў яго з гаўбца, дзе засталася толькі пляма на месцы запэцканай чырвоным «Пагоні».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)