Общество

Што за дзіўная ініцыятыва, якая прапануе беларусам замежжа «пакаяцца» па пошце і вярнуцца дамоў?

Прапагандысцкія тэлеграм-каналы і ў тым ліку канал ГУБАЗіКа неаднаразова рэкламавалі электронны адрас, на які нібыта можа напісаць любы беларус замежжа, «пакаяцца» і пры жаданні без пагрозы пераследу вярнуцца дамоў. Журналисты Нашай нівы самі напісалі на гэтую пошту і папрасілі спецыяліста пракаментаваць, ці маюць такія формы «пакаяння» юрыдычную моц.

«Пры жаданні вярнуцца дамоў вы дасылаеце нам сваё прозвішча, імя, імя па бацьку і фота»

Пошта darohadadomu@gmail.com рэкламуецца як працуючы кантакт для паспяховай рэпатрыяцыі і ініцыятыва, запушчаная сілавікамі напрыканцы года «Народнага адзінства» для «вяртання ў краіну абнядоленых грамадзян, якія пасля жнівеньскіх падзей паддаліся інфармацыйнаму псіхозу і выехалі за мяжу» (і цяпер пра гэта шкадуюць).

«Дарагія нашы суайчыннікі, радзіма вас чакае! Мы — адзіны народ, здольны дамаўляцца», — завабліваюць у анонсе.

Апошнімі дадзенымі аб выхлапе ад гэтай задумы ананімныя прадстаўнікі ініцыятывы дзялілася яшчэ напярэдадні Новага года: «27 сем'яў ужо звярнуліся з просьбай аб рэпатрыяцыі і яшчэ сем рыхтуюцца».

Пры гэтым ніякіх пацверджанняў такой статыстыцы няма. Апошняя рэклама ўсплыла ў звязцы з гісторыяй затрымання Іллі Вайцяховіча, якія так і не даехаў на пахаванне бацькі з Рыгі.

У канале ГУБАЗіКа прапаноўвалі пісаць на вышэй згаданую пошту, каб удакладніць загадзя, «ці вернецеся вы на радзіму без затрымання і на якіх умовах».

У прыватнай перапісцы з ініцыятывай мы папрасілі падзяліцца хоць нейкімі дадзенымі, якія б дэманстравалі рэальнасць рэкламуемай схемы, намякнуць, з кім маем справу і якім чынам будзе гарантаваная недактыкальнасць пры ўездзе ў краіну. Прадставіліся мы звычайнай беларускай, якая разважае пра вяртанне ў Беларусь.

На нашы пытанні прыйшоў досыць абстрактны адказ. Нехта, зарэгістраваўшы пошту на імя Ян Даброў, рапартаваў наступнае:

«Добры дзень! Мы з'яўляемся прадстаўнікамі ініцыятывы ўплывовай у Беларусі арганізацыі па вяртанні вымушаных эмігрантаў на радзіму. Кейс кожнага чалавека разглядаецца індывідуальна і прадугледжвае аптымальныя шляхі вырашэння сітуацыі.

Як паказвае практыка, частка людзей, што да нас звяртаюцца, не маюць нейкіх правапарушэнняў і вымушаныя знаходзіцца за мяжой па прычыне дезінфармаванасці.

На жаль, выдаць нейкія дадзеныя нашых кліентаў няма магчымасці па прычыне выканання адвакацкай таямніцы. Пры жаданні вярнуцца дамоў вы самастойна дасылаеце нам сваё прозвішча, імя, імя па бацьку і фота. Далей працэдура аказання паслуг будзе праходзіць з вашым узгадненнем».

Пасля просьбы ўсё ж удакладніць, каму мы будзем дасылаць свае асабістыя дадзеныя і фотаздымак, уся камунікацыя з таго боку спынілася.

«У практыцы «палітычных» крымінальных спраў мне невядомыя выпадкі вызвалення ад крымінальнай адказнасці»

Для юрыста Андрэя Мачалава такі падыход ў вядзенні спраў указвае на тое, што на сувязі могуць быць махляры.

«Гэтая ініцыятыва выклікае шмат пытанняў — ад ананімнага характару працы да незразумелых і нікім не гарантаваных вынікаў. Відавочна, што падобныя праекты мусяць быць максімальнае адкрытымі і празрыстымі, мець падтрымку дзяржаўных органаў, засноўвацца на адпаведных законах. У дадзенай сітуацыі нічога гэтага няма, таму закрадваецца думка, што мэтай ініцыятывы можа быць проста атрыманне прыбытку ад аказання такога роду «паслуг»», — каментуе адвакат, пазбаўлены ў Беларусі ліцэнзіі.

Спецыяліст адзначае, што грамадзяне Беларусі, згодна з 30-м артыкулам Канстытуцыі, у прынцыпе не могуць быць абмежаваныя ў праве выезду ці ўезду ў сваю краіну.

Перашкодай для прыезду ў сучасную Беларусь можа стаць асабісты страх чалавека, звязаны з патэнцыйным пераследам. І ён цалкам апраўданы, нават калі грамадзянін не парушаў ніякіх законаў, таму што ў сучаснай Беларусі «не да іх».

Людзі могуць з’язджаць без аб'ектыўнай боязі крымінальнага пераследу, асцерагаючыся дэманстратыўных застрашванняў: ператрусаў, пашкоджвання маёмасці, прэвентыўных затрыманняў, абмежавання працоўных правоў, статусу «сацыяльна небяспечнае становішча» для дзяцей і гэтак далей.

Але калі казаць пра адміністрацыйную і крымінальную адказнасці, варта памятаць, што, згодна з дзейсным заканадаўствам, тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай па «палітычных» артыкулах складае два месяцы з моманту здзяйснення «правапарушэння».

З крымінальнымі артыкуламі крыху складаней. У выпадку, калі чалавек ужо прызнаны падазраваным/абвінавачаным па крымінальнай справе, то афіцыйнай падставай для вызвалення ад адказнасці можа служыць толькі амністыя: у адпаведнасці з артыкулам №97 Канстытуцыі, закон пра амністыю прымаецца парламентам. У Беларусі гэта, галоўным чынам, выпадае на гадавіны перамогі ў ВАВ.

«Супраца з такой ініцыятывай можа выліцца ў павышаную ўвагу сілавых структур»

«У прыватным парадку чалавек таксама можа быць вызвалены ад крымінальнай адказнасці, і гэта рэгулюецца Крымінальным кодэксам — звяртае ўвагу Андрэй Мачалаў. — Гэта можа адбывацца з прыцягненнем чалавека да адміністрацыйнай адказнасці, па прычыне страты грамадскай небяспекі (ад дзеяння ці асобы), у сувязі ў раскаяннем, самаахвотнай кампенсацыяй нанесенай шкоды ці ў выніку прымірэння з пацярпелым.

Але асноўная асаблівасць такога вызвалення ў тым, што чалавек павінен фактычна знаходзіцца ў Беларусі і пайсці на шэраг дзеянняў. І ў любым выпадку канчатковае рашэнне будзе выносіць пракуратура і суд, што, на жаль, не дае аб'ектыўных гарантый для падазраванага/абвінавачанага. У практыцы «палітычных» крымінальных спраў мне невядомыя выпадкі вызвалення асоб ад крымінальнай адказнасці. Мяркую, што для гэтага патрэбна нейкая палітычная воля».

Юрыст дадае, што не знаёмы з дзяржаўнымі праграмамі, якія займаліся б менавіта вяртаннем беларусаў на радзіму.

«Аднак праца ў галіне культуры, беларускай мовы, а таксама папулярызацыі беларускіх традыцый праводзілася Міністэрствам замежных спраў у рамках Закона «Аб беларусах замежжа», у рамках праграм «Беларусы ў свеце», «Культура Беларусі» і іншых. У маім разуменні, лагічным працягам магло быць стымуляванне беларусаў замежжа да вяртання на радзіму. Праўда, выразнай асаблівасцю такіх праграм з'яўляецца іх адкрытасць і празрыстасць у працы, чаго нельга сказаць пра рэкламуемую ініцыятыву.

Я б асцярог людзей ад супрацы з ёй. На маю думку, як мінімум, гэта можа выліцца ў павышаную ўвагу сілавых структур да асобы заяўніка».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(16)