Што вядома пра завадчан, якія зараз у СІЗА КДБ: «Прыходзілі па артыкуле аб здрадзе дзяржаве»
На некалькіх дзяржаўных заводах і прадпрыемствах — новая хваля затрыманняў. Праваабаронцы паведамляюць, што пецярых змясцілі ў «амерыканку». Наша Ніва даведалася падрабязнасці.
Адна з затрыманых — Ганна Аблаб. Яна працуе на чыгунцы каля 15 год, графіст у Цэнтры кіравання перавозкамі. Жанчыну затрымалі 20 верасня.
Фоты з сацсетак
— Дома быў вобшук. Канфіскавалі цвёды дыск з камп’ютара. Прыходзілі па артыкуле 356 «Здрада дзяржаве», — расказвае калега.
Ганна — маці траіх дзяцей, старэйшаму 18. Жанчына была ў адпачынку, і на працу мусіла выйсці ў наступны панядзелак.
У якім статусе Ганна, невядома. Цяпер яна ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ.
Там жа знаходзіцца яшчэ адзін супрацоўнік чыгункі — Сяргей Дзюба. Дакладней, былы супрацоўнік — яго звольнілі паўгода таму за забастоўку. Сяргей працаваў у Мінску цягніковым дыспетчарам.
— У панядзелак каля пяці вечара прыйшлі з вобшукам, а пасля забралі тыпу на прафілактычную гутарку. Нешта па чугуначных справах. На наступны дзень сказалі, што яго перавялі ў следчы ізалятар, — дзеляцца блізкія.
Па інфармацыі «НН», да Сяргея прыходзілі па тым жа 356 артыкуле. Раней мужчына не затрымліваўся.
У «амерыканку» змешчаны таксама Аляксандр Гашнікаў з БМЗ. Ён слесар-рамонтнік, на заводзе працаваў больш за 10 год.
Аляксандр — член незалежнага прафсаюза. У ліпені адседзеў 15 сутак — за каментар у інтэрнэце. Пасля чаго даведаўся, што хутка застанецца без працы — з кастрычніка мужчыне не працягваюць кантракт.
Падрабязнасці затрымання калегі пакуль не раскрываюць. Кажуць, што 17 верасня Аляксандр пайшоў у гараж і не вярнуўся дадому. Некалькі дзён пра яго месцазнаходжанне не было вядома.
Затрыманні супрацоўнікаў розных прадпрыемстваў ідуць ужо некалькі дзён. На «Гродна Азоце» былі затрыманыя сем чалавек. Па інфармацыі «Вясны» двое з іх — Сяргей Шэлест і Андрэй Пагерыла — у СІЗА КДБ.
Работнікі чыгункі Дзяніс Берген і Таццяна Андрушкевіч пасля вобшукаў атрымалі па 15 сутак — за непадпарадкаванне (артыкул 24.3 КоАП).
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное