Што пісаў Васіль Быкаў абаронцам Курапатаў
Сёння класіку беларускай літаратуры, які атрымаў сусветную вядомасць, споўнілася б 94 гады.
Так здарылася, што ў дзень народзінаў аўтара апавядання «Жоўты пясочак» зноў абвастрылася тэма пра Курапаты. Яшчэ ў пачатку 2000-х Васіль Быкаў звяртаўся да абаронцаў Курапатаў, якія баранілі ўрочышча ад будаўніцтва па ім аўтатрасы з кастрычніка 2001-га па ліпень 2002-га.
«Тады Быкаў зьвяртаўся да тых, хто перамог бяспамяцтва — а сёньня ягоныя словы чытаюцца з надзеяй», — адзначаў тады Сяргей Навумчык на Радыё Свабода.
Як ні дзіўна, але і праз 15 год словы Васіля Быкава гучаць актуальна:
«Бальшавікі маюць вялізную практыку закочваць пад асфальт ня толькі непажаданых для іх асобаў, але і хаваць у зямлі цэлыя пласты нашай пакутнай гісторыі. Адэкватных сродкаў супрацьстаяньня іхнаму гвалту дэмакратыя, здаецца, ня мае, апроч хіба памяці. Памяць для бальшавікоў — жах, злачынства, крамола, бо гэта заўжды памяць пра іхныя злачынствы ды іхныя ахвяры.
Але ў маладых людзей Беларусі — сьвежы розум і добрая памяць, і яны ім ня здраджваюць. Што ж да Курапатаў, дык вы іх зьбераглі цягам завейных месяцаў, праз сьцюжу і тэрор праваразбуральных ды іншых «органаў». Вы абаранілі, можа, самы жахлівы краёчак нашай гісторыі — памяць пра зло і крывавае злачынства, што чыніліся супраць нацыі.
Натуральна, тое было ня проста, але менавіта ў тае упартай непадлегласьці, апроч іншага — надзея на вольнасьць Беларусі, яе дзяржаўнасьць і духоўнае адраджэньне занядбанай нацыі, лёс якой надышоў да вырашальнай мяжы.
Беларусь будзе ўпэўненая, што яшчэ шмат чаго добрага і гераічнага зьдзейсьніць для яе наша мілая беларуская моладзь!»
Читайте еще
Избранное