В мире
Алег Новікаў, Новы час

Што дасюль не ўкладваецца еўрапейцам у галовы

80-я ўгодкі Мюнхенскай дамовы не абышліся без заклікаў рэабілітаваць прэм’ера Невіла Чэмберлена. Таго самага, хто, аддаўшы Гітлеру Чэхаславакію, як лічыцца, даў зялёнае святло Другой сусветнай вайне.

Як вядома, Нэвіл Чэмберлен, калі ў верасні 1938 года вярнуўся з Мюнхена, ледзь не на кожным кроку любіў казаць: «Я прынёс вам мір». Натоўп рэагаваў на рэпліку прэм’ера бурнымі авацыямі. Лічылася, што Гітлер, які атрымаў паводле Мюнхенскай дамовы чэшскія Судэты, нарэшце супакоіцца. Аднак ілюзіі існавалі нядоўга. Ужо ў пачатку 1939-га, пасля анексіі нацыстамі Чэхіі, Еўропа імкліва пакацілася да Другой сусветнай вайны.

З улікам наступстваў Мюнхена, фантазія малюе нам Гітлера ў верасні 1938-га як асобу, вельмі задаволеную дамовай з Чэмберленам. Аказваецца, насамрэч усё было не так. Як распавядаў пасля вайны адзін з бонзаў Трэцяга Рэйху, пасля Мюнхена Гітлер літаральна не знаходзіў сабе месца. Ён лічыў, што «гэты стары азадак» — так ён называў Чэмберлена — банальна яго «кінуў».

Калі верыць некаторым сведкам, Гітлер напярэдадні Мюнхену марыў пра хуткі захоп усёй Чэхаславакіі. Пасля планавалася перакінуць нямецкае войска на французскую мяжу і прыму­сіць Парыж і Лондан прызнаць факт ліквідацыі чэхаславацкай дзяржаўнасці. Іншыя ж сведкі кажуць, што гэтая думка не пакідала фюрэра да канца жыцця. Прыкладна за пару месяцаў да смерці ён шкадаваў, што не пачаў вайну ў верасні 1938-га.

Бліцкрыг 1938-га, быццам бы, сарваў той самы Чэмберлен, які літаральна навязаў Берліну мірныя кансультацыі. Прычым прэм’ер дзейнічаў так не таму, што хацеў узняць свой рэйтынг. Ён сыходзіў з дакладаў Генштабу і спецслужбаў, якія адкрыта пісалі: вынікам хуткага канфлікту з Германіяй будзе крах Брытанскай імперыі.

Працяг тут