Филин

Сяргей Васілеўскі

Што будзе, калі Лукашэнка ўцягнецца ў чужую вайну

Аляксандр Пашкевіч — пра тое, ці можа Беларусь стаць краінай-агрэсарам.

У Беларусь прыбываюць расійскія войскі. Афіцыйная нагода — вучэнні. Фота mil.by

Пра што нагадвае сённяшняе супрацьстаянне Расіі і Захада? Ці можа Беларусь стаць краінай-агрэсарам і ці мусяць беларусы адказваць за дзеянні рэжыму?

На гэтыя пытанні Филина адказаў гісторык Аляксандр Пашкевіч.

— Само па сабе супрацьстаянне Расіі і Захаду нагадвае халодную вайну, якая адбывалася ў другой палове ХХ стагоддзя ў Еўропе і свеце. Калі лакальныя канфлікты чаргаваліся з адносна мірнымі перыядамі жыцця і супрацоўніцтва, але ў цэлым бакі не маглі прыйсці да паразумення па светапоглядных момантах, — правёў паралелі гісторык.

Сёння Расія, як некалі СССР, заяўляе пра сферы ўплыву. Выступае, як звышдзяржава, з якой Захад павінен дзяліць свет. Гэта вельмі нагавае колішнія часы, кажа наш суразмоўца.

— Але вагавая катэгорыя сённяшняй Расіі, ня гледзячы на яе амбіцыі, не тая. Паводле свайго патэнцыялу — яна усё ж не Савецкі саюз.

Разам з тым, узровень напружанасці паміж Расіяй і заходнім светам, нагадвае ранейшыя часы. А таму ёсць верагоднасць, што новая халодная вайна можа перарасці ў гарачую:

— Можна спрачацца пра ўзровень верагоднасці вайны паміж Расіяй і Украінай, але магчымасць самой вайны не выглядае такой ужо фантастыкай.

Гісторык нагадаў, што сітуацыі, калі бакі аказваліся за адзін крок да вайны, не заўсёды заканчваліся так, як гэта было ў часы карыбскага крызісу. Пэўныя лакальныя канфлікты ўсё ж здараліся. Як гэта было ў Афрыцы, ці Азіі.

— Выглядае, што Расія хоча іграць па такой мадэлі. Яна, напэўна, лічыць, што найлепш да гэтага падрыхтаваная.

Пра ролю Беларусі

Ці можа Беларусь прымерыць на сябе ролю краіны-агрэсара? Аляксандр Пашкевіч мяркуе, што гэта перабольшванне.

— Краінай-агрэсарам, калі што, будзе менавіта Расія. Наша краіна будзе яе сатэлітам, бліжэйшым паплечнікам. І гэта трошкі іншы статус. Але тое, што Беларусь можа быць уцягнутая ў гэты канфлікт, калі Расія захоча ўвесці войскі ва Украіну, цалкам магчыма.

Якімі могуць быць наступствы для нашай краіны, калі ёй не ўдасца ўтрымацца па-над канфліктам? Гісторык падкрэсліў, што варта падзяляць краіну і рэжым, які ў ёй пануе:

— Наўрадці, калі такое здарыцца, гэта будзе ўспрымацца заходнімі краінамі, Украінай, як воля беларускага народа, як агрэсія беларусаў у дачыненні да ўкраінцаў. Будзе зразумела, што за гэтым стаіць палітычны рэжым, які ўтрымлівае ўладу ў краіне сілай, не маючы ўнутранай легітымнасці. Што гэта ягоная персанальная вайна.

Акрамя таго, усё будзе залежыць ад таго, як доўга будзе трымацца цяперашні рэжым. Калі ён працягне ўтрымліваць уладу, то варта чакаць далейшай ізаляцыі і новых санкцый. Ад чаго, натуральна, будуць цярпець і беларусы. Калі ж улада зменіцца, то народу не давядзецца ў агляднай перспектыве не давядзецца каяцца за зробленае Лукашэнкам:

— Грамадства ў Беларусі на дадзены момант палітычным суб’ектам не з’яўляецца, не яно прымае гэтыя рашэнні і не можа на іх уплываць.

Народ, безумоўна, не можа заставацца ў баку і мусіць адказваць за дзеянні рэжыму, калі ён яго падтрымлівае і атрымлівае ад гэтага калі не пэўныя бонусы, то маральнае задавальненне, падкрэсліў гісторык. І прывёў паралелі:

— Так, за дзеянні пуцінскага рэжыму ў 2014 годзе мусіць адказваць расійскае грамадства, якое падтрымлівала здзейсненае ім у Крыме і Данбасе. І да гэта пары падтрымлівае. Прыгадаем, як беспрэцэдэнтна ўзрасла тады падтрымка Пуціна ў грамадстве —вышэй за 80%. Ці нямецкі народ, які вымушаны быў падзяліць адказнасць за дзеянні Гітлера. Бо тое, што ён рабіў, падабалася немцам, яны ад гэтага мелі нават пэўныя бонусы, а ўласна фюрэр да самага разгрому карыстаўся шырокай падтрымкай.

У выпадку з беларускай сітуацыяй, мяркуе гісторык, Лукашэнка не атрымае падтрымку большасці насельніцтва, калі наважыцца ўвязацца ў канфлікт.

— Гэта, вядома, і з-за ментальнальнай рысы «абы не было вайны» — любыя войны не будуць папулярныя, тым больш па-за межамі краіны і дзеля незразумелых мэтаў. А ўлічваючы тое, што Лукашэнка нелегітымны, утрымлівае ўладу выключна сілай і не мае падтрымкі большасці, ён можа толькі прымусіць удзельнічаць у гэтых авантурах пэўную колькасць беларускіх вайскоўцаў. Адпаведна, адказнасць народа за развязванне рэжымам вайны не можа быць такой, як у выпадку, калі народ ахоплены імперскімі пачуццямі, уздымам патрыятызму ў сваім уяўленні, ідзе побач са сваім авантурным рэжымам. У нас такога не будзе, таму гэта будзе не народная вайна, а вайна рэжымная, — падсумаваў гісторык.

 

 

 

 

 

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)