Комментарии
Віктар Марціновіч, Будзьма

Што адбываецца з Сяргеем Міхалком?

Выхад альбома Underdog гурта Brutto, спадкаемца легендарных «Ляпісаў», мае ўсе рысы агульнанацыянальнай трагедыі. Хвалі абурэння дагэтуль каламуцяць сацыяльныя сеткі.

Тут змяшалася ўсё: крыўда, з’едлівасць, падманутыя чаканні. Нават пра магчымае падвышэнне падаходнага падатку з 12% да 13% пішуць цяпер з меншым запалам, чым пра альбом, запісаны нібыта «за тры дні» «новымі сябрамі Міхалка» – накачанымі спартоўцамі. Міхалок «збухаўся», «стырчаўся» і нават – маё любімае – «скачаўся». Міхалок «зра лез у паліціку», вось ён, вынік: тэксты ні пра што, рыфмы ў стылістыцы «мяч-ху...ч».

Літаральна ў кожнага Васі з “УКантакце” знайшлося што прад’явіць нацыянальнаму куміру. Гэта менавіта такое агульнабеларускае «бууу!», што чутно ад Смалявіч да Пухавіч. Ці значыць гэта, што гурт Brutto «не пацэліў»? На маю думку, якраз наадварот. Проста так спецыфічна ў Беларусі праяўляецца ўсенародная слава.

Сяргей Міхалок – творца шматгранны. У ім змяшана ўсё – дваравая рамантыка, блізкая да кранальнага свету тых, хто цяпер раве «Буу!», – усе гэтыя «Голубі», «Зіленаглазыя таксі», «Сочы». Ёсць у ім зарад інфернальнай весялосці, што прымушаў некалі ўсміхацца пад «вы гаварылі, не моршчся, дружочак, і цалавалі ў губы міня» – гэты блазенскі падыход таксама вельмі пасуе нашай публіцы, вельмі «заходзіць», бо яна ж прызвычаілася ў любым творцу бачыць Саладуху. І калі творца схільны да самаіроніі, калі можа вымусіць смяяцца з сябе – дык «зачот» і «біром», «дайце дзве». Але побач з гэтым «зразумелым» Міхалком увесь час лунаў іншы, глыбокі і незразумелы.

Чалавек, які напісаў «Грай», у іншай краіне, у іншай культуры нават не павітаўся б з аўтарам «Сочы». Але гэта Беларусь, дзетка. Тут кожны мусіць быць спеваком і крытыкам, празаікам і выкладчыкам, музыкам і культурыстам.

Інакш нельга. Проста зашмат пустога месца вакол. Яно цісне і душыць.

Мы ўсе (акрамя Саладухі) смяёмся і плачам адначасова, хаця, зноў жа, комік і трагік – гэта зусім розныя ролі. Міхалок – рускамоўны і беларускамоўны. Міхалок стварыў адну з найбольш кранальных рок-кампазіцый на мове апошняга часу – «Зорачкі», ад якой літаральна сціскаецца сэрца.

Дык вось: кожным сваім альбомам, кожнай кніжкай, кожным фільмам, беларускі творца здольны падкрэсліць адзін складнік сваёй шматграннай натуры. Underdog гурта Brutto – гэта простая, энергічная, моцная музыка моцных людзей. Дзіўна было б, калі б пасярод «Мяча» ці «Гіры» музыкі зарадзілі нешта а-ля «Грай» ці «Зорачак», гэта выглядала б ненатуральна.

Але – і тут я падышоў да галоўнага – у пэўны момант сваёй вядомасці чалавек, які піша музыку ці тэксты ці здымае фільмы ў Беларусі, пачынае ўспрымацца тут не першым, але адзіным на ўсю культуру.

Больш няма нікога. Можна не слухаць наіўна-рамантычную «Серебряную свадьбу», можна не ўслухоўвацца ў аўдыяльны эстэтызм Пукста, можна забыцца на Кулінковіча. Цяпер Сяргей Міхалок усе – і Кулінковіч, і «Свадьба», і Shuma, і Пукст. Да гэтага пра кожны ягоны крок пісалі. Вось ён заявіў пра скон «Ляпісаў». Вось ён напісаў запавет. Вось ён раскрыў рот. Вось зараз ён будзе спяваць. Вось ён нешта праспяваў! А што ён там праспяваў? Нееее! Неее тоеее! Бууу!

Важная акалічнасць: асабіста мне альбом Underdog гурта Brutto не спадабаўся, але не таму, што ён дрэнны, а таму што я слухаю крыху іншую музыку. Мне хапае базавых ведаў, каб усведамляць, што ў той стылістыцы, у якой зроблены гэты альбом, у той прыпанкаванай парадыгме, у якую схіліўся Сяргей, менавіта так і трэба працаваць: тэксты тут павінныя быць нескладанымі, метафары – простымі, але заборлівымі, як удар пад дых. Гэтая музыка спрацоўвае на сваім узроўні – на тым самым, дзеля якога я ўключаю «Mambacore» by Infected Mushroom, калі еду па трасе на сваёй тачцы – уключаю на максімум, аж пакуль дынамікі не пачынаюць парыпваць, а гук проста не ўдзёўбвае ў сядушку разам з пачуццём хуткасці.

Дык вось, я ж не буду прад’яўляць Сяргею, што ён дагэтуль карыстаецца гітарай і барабанамі, хаця я – чалавек электроннай культуры, сінтэтычных гукаў, кіслотных колераў, дабу ды хаўсу ў спалучэнні з фальклорам. Я ведаю, дзе гэта шукаць, і я рады, што ў нас ёсць дзіўная Shuma, рады асабістаму знаёмству з прарочым DJ Korney, які значна апярэдзіў свой час (упэўнены, мы хутка пра яго пачуем).

Але ж гэта так па-беларуску: абіраць аднаго куміра, не заўважаць усіх іншых творцаў і даводзіць гэтаму куміру, што ён дурань, бо не піша як One Republic, хаця і One Republic свой у нас таксама ёсць, трэба проста прыкласці мінімум намаганняў, каб пра яго даведацца.

Літаратура мае абарону ад дурня: пакрыўджанаму розумам чытачу патрэбны доўгі час, звычайна некалькі дзён, каб засвоіць кніжку. Таму ўсё гэтыя Васі з “УКантакце” літаратараў не чапаюць – іх уседлівасці не хапае на тое, каб дачытаць раман да канца і зразумець, што гэта «не Куэлью». Так самыя энергічныя недалепкі адсейваюцца. Яны ідуць на ultra-music.com, трацяць 40 хвілін на азнаямленне з альбомам Underdog гурта Brutto – і вось яны ўжо зацятыя крытыкі, абазнаныя ведуны творчасці. Вось яны ўжо патрабуюць ад Міхалка неўласцівага яму. Яшчэ яны могуць экспертна выказацца пра тое, што Шагал – гэта ніякі не мастак, а так, мазня, яны самі так могуць.

Што ў гэтых умовах рабіць? Міхалку – працягваць гнуць сваю лінію і не азірацца ні на кога. Калі вам падабаецца Brutto – тлумачыць тым, каму яно не падабаецца, што гэтая музыка не магла быць іншай. Калі вам не падабаецца Brutto – не выносіць мозг калектыву ўласнымі прад’явамі, а азірнуцца вакол і зразумець, што ў беларускай культуры, у сённяшнім Мінску, усё ўжо ёсць, у тым ліку тое, што вы асабіста будзеце слухаць з асалодай. Трэба проста знайсці.

Гэтая парада актуальная таксама для жывапісу, скульптуры, паэзіі, прозы і іншых мастацтваў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)