Шрайбман: «Пасля аслаблення Расіі наша краіна і ўвесь рэгіён будуць цалкам іншымі»

Перамога Ўкраіны ў вайне будзе мець ключавое значэнне для будучыні Беларусі, упэўнены палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

— Зразумела, што Расея выйдзе з гэтай вайны, калі б яна не скончылася, аслабленай краінай. Краінай, якая будзе значна слабейшая за тую, якая ў яе ўвайшла, — выказаў меркаванне аналітык на канале Мне тоже не нравится. — Мы разумеем, у якой ступені Лукашэнка і ягоны рэжым залежыць ад той падтрымкі, якую Расея аказвае, і якую, усе ведаюць, можа аказаць.

Гэта стрымліваючы фактар як для наменклатуры, так і для патэнцыйных пратэстоўцаў. Таму што ўсе разумеюць: калі што, Расея ўвядзе войска, калі што — дасць грошы рэжыму, каб закрыць праблему.

Адсутнасць расійскага фактару, на думку Шрайбмана, зменіць рэгіянальныя адносіны і адкрые новыя магчымасці для беларусаў.

— Калі гэтага фактара не існуе, калі Расея слабая, тады беларускі рэжым пачынае нагадваць сабой усходнееўрапейскія камуністычныя рэжымы канца 1980-х.

У той час калі здараўся кожны крызіс, мясцовы камуністычны князёк мусіў сябе ўжо не весці так, быццам бы за яго спіной стаіць магутны Савецкі саюз, а павінен быў ісці на перамовы, на круглыя сталы, не разганяць пратэсты, якія ён мог разганяць у мінулым.

І зараз аслабленне Расеі створыць новую дынаміку, адкрые новыя магчымасці. І таму, мне здаецца, ключавым для траекторыі беларускага транзіту ўлады і для вызвалення Беларусі будзе тэрмін і фармат выніку вайны ва Ўкраіне.

Адбудзецца да такой ступені фундаментальны злом рэгіянальных зносін, што наша краіна і ўвогуле ўвесь рэгіён будуць цалкам іншымі, — падкрэсліў Шрайбман.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.6(42)