Шрайбман: «Нашчадкі будуць узгадваць, што, дзякуючы 2020 году, беларусаў чакаў іншы лёс, чым расіян»

Палітычны аналітык — пра значную дату для беларусаў.

Арцём Шрайбман

— Мы трапілі ў сітуацыю вельмі цяжкай рэпрэсіўнай рэакцыі, у сітуацыю падзеленага грамадства, у сітуацыю вайны. І гэта вайна яшчэ толькі развіваецца, вельмі рана рабіць высновы, — кажа Арцём Шрайбман на Еўрарадыё.

Аналітык не раіць канчаткова падсумоўваць вынікі апошніх трох гадоў, але раіць паглядзець на тое, што адбылося, з гістарычнага пункту гледжання.

— Сітуацыя сумная, але не магу сказаць, што сама па сабе дата 9 жніўня таксама сумная.

У будучых падручніках гісторыі нашы дзеці, магчыма, будуць вывучаць гэта прыблізна гэтак жа, як мы шануем дату паўстання Каліноўскага, можа, у іншым маштабе.

Так, гэты было вельмі трагічна для людзей, якія тады жылі, паўстанцаў, але ў жыцці іх нашчадкаў гэта яшчэ адна дата пра беларускі гераізм, пра беларускую ідэнтычнасць, пра беларускую барацьбу за самавызначэнне.

І 9 жніўня 2020 года, мне здаецца, будзе прыблізна тым жа, нягледзячы на ўсе пакуты, якія зараз у моманце для нас першасныя. Для нашых нашчадкаў яны першаснымі могуць і не быць. Першасным будзе той імпульс, тая энергія, якая вылілася на вуліцы Беларусі ў жніўні 2020 года.

Паўстанне Кастуся Каліноўскага было адной з цаглін у фундаменце, які потым прывёў да стварэння протабеларускай дзяржавы — БНР.

І гэта прывяло да таго, што нават бальшавікі былі вымушаныя стварыць Беларускую ССР, што прывяло да таго, што з’явілася незалежная Беларусь. Гэта ўсё пачыналася тады.

читайте также

Тое ж і 2020 год — зараз трагічны, як і некалькі гадоў пасля паўстання Каліноўскага, думаю, тады таксама ніхто вельмі не радаваўся. Але з гістарычнай перспектывы гэта будзе ўнёсак у больш дэмакратычную, у больш беларускую Беларусь, у Беларусь эмансіпаваную ў пэўным сэнсе ад імперскага і аўтарытарнага ўплыву Расіі.

Таму гістарычна гэта адназначна будзе ў шэрагу трагічных, але доўгатэрмінова пазітыўных падзей, якія з намі здарыліся, — лічыць Шрайбман.

Ён упэўнены, што як мінімум адзін са станоўчых вынікаў рэвалюцыі 2020 года мы адчуем у бліжэйшай перспектыве.

— Найбліжэйшым з такіх гістарычных наступстваў будзе тое, што пасля вайны ў Беларусі і беларусаў ёсць вялікі шанец выйсці ў пэўным сэнсе на баку пераможцаў. Я маю на ўвазе, калі Расія прайграе.

Бо 2020 год даў зразумець, што беларусы не ёсць беларускі рэжым, і гэта дае нам лепшыя пазіцыі для пасляваеннага пазіцыяніравання Беларусі і беларусаў.

Таму, калі нашы нашчадкі будуць казаць пра тое, як Усходняя Еўропа сфармавалася пасля расійска-украінскай вайны 2022 года, яны будуць узгадваць, што, дзякуючы 2020 году, беларусаў чакаў іншы лёс, чым расіян, — упэўнены эксперт.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2(93)