Шлык: «Варта было б узгадніць, чым будзе наступная Рада, перад тым, як заклікаць людзей на выбары»

Спецпрадстаўнік Ціханоўскай — пра выбары ў Каардынаыйную Раду, карысць квотаў і галоўнае пытанне, на якое трэба мець адказ.

Сёння сканчаецца тэрмін паўнамоцтваў у Каардынацыйнай Рады. Што чуваць пра выбары новых дэлегатаў, аб чым гаворка ішла яшчэ летась, калі і як яны адбудуцца?

— Выбарчага працэсу хіба яшчэ няма, усё на стадыі падрыхтоўкі, — распавёў у эфіры Еўрарадыё спецпрадстаўнік Святланы Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык.

Аляксандр Шлык

— Апошнія некалькі месяцаў, наколькі я разумею, вядуцца дэталёвыя дыскусіі наконт выбарчай сістэмы. Каб усе разумелі, гэта не арганізацыя выбараў, не камісіі ці іншае адміністраванне — гэта тое, як галасы пераўтвараюцца ў мандаты: галасуем мы за спіс кандыдатаў, ці паасобку, як галасы падлічваюцца і пераўтвараюцца ў мандаты чальцоў КР.

І паколькі мандат сканчаецца, то няма лепшай нагоды, каб абвесціць, як будуць адбывацца наступныя выбары.

Тое, што абмеркаванне выбарчай сістэмы зацягнулася на некалькі месяцаў, на думку спецпрадстаўніка Святланы Ціханоўскай, з аднаго пункту гледжання, добра — бо трэба, каб як найбольшая колькасць палітычных суб’ектаў брала ўдзел у такіх дыскусіях. Але прынятае супольнае рашэнне ў любым выпадку мусіць быць агучана для грамадскасці.

Зараз у Беларусі, зазначае Аляксандр Шлык, дзейнічае мажарытарная сістэма — ад кожнай акругі выбіраюцца пэўныя прадстаўнікі, да такой сістэмы людзі прызвычаіліся і больш-менш яе ведаюць. Але скарыстацца гэтым вопытам на выбарах у КР будзе вельмі складана, бо тут узнікае пытанне ідэнтыфікацыі выбаршчыкаў:

— У гэтым няма сэнсу. Хіба адзіным падыходам можа быць прапарцыйная сістэма: з адной акругай, у якую ўваходзяць усе беларусы па ўсім свеце, і яны будуць галасаваць за тое, што можна выбраць: закрытыя спісы, або адкрытыя, за канкрэтных кандыдатаў, што дадасць шансаў вядомым асобам, і г.д.

Далей, пытанне квот — напрыклад, для жанчын. Квоты працуюць у закрытых спісах лепш, чым у адкрытых. Увогуле я падтрымліваю гэтую ідэю.

Адказваючы ўсім тым, хто лічыць квоты прыніжэннем для жанчын (маўляў, атрымліваецца, што інакш кандыдаткі не здольныя прайсці на выбарах?), Аляксандр Шлык згадвае: у Канвенцыі аб супрацьдзеянні дыскрымінацыі ў межах ААН прапісана, што некаторыя часовыя меры падтрымкі не могуць лічыцца дыскрымінацыяй.

— А ўсе квоты — гэта часовыя меры.

Некаторыя краіны, як скандынаўскія, ужо пазбаўляюцца ад квот — але не трэба забывацца, што акурат яны былі тымі, хто іх уводзіў, піянерамі ў гэтым плане, і менавіта праз тое, што зрабілі гэта 40 год таму, цяпер ёсць магчымасць квоты адмяніць. Таму і нам варта зрабіць так, каб у КР, у нашым протапарламенце, былі прадстаўленыя жанчыны — гэта палова нашага насельніцтва, і ёсць вялікая вартасць у тым, каб усе рашэнні прымаліся на падставе рознабаковых поглядаў.

Так што, калі жанчыны недапрадстаўленыя ў палітыцы, практыка паказвае, што квоты — добры спосаб вырашыць праблему.

Чаму беларусы наогул мусяць удзельнічаць у выбарах у КР?

— Апошнім часам зноў з’явілася пытанне, навошта наогул патрэбная КР. І гэта суперважнае пытанне, — гаворыць Аляксандр Шлык, — бо без адказу на яго, без тлумачэнняў, якія рашэнні КР прымае, на што яна мае ўплыў, цяжка ўявіць, як камунікаваць з патэнцыйнымі выбарцамі і патлумачыць, навошта ім галасаваць, — тым больш, што ў цяперашніх рэаліях гэта можа быць небяспечна.

Але гэта пытанне больш да палітычных аглядальнікаў і хіба да самой КР. Варта было б узгадніць, чым будзе наступная Рада, перад тым, як заклікаць людзей на выбары. Бо часамі я чуў такія меркаванні: давайце выбары правядзем, а потым новы склад КР вырашыць, што яна такое — але ж гэта так не працуе.

У статуце пазначана, «прадстаўнічы орган і орган для каардынацыі высілкаў» — добра, супер, але што гэта значыць у канкрэтных тэрмінах — трэба патлумачыць. Да таго ж, рэчаіснасць таксама мяняецца, і да яе трэба адаптавацца ў бачанні сваіх задач.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.9(7)