Общество
Зміцер Кустоўскі, Еўрарадыё

Шэсць беларускіх гарадоў пазмагаюцца за званне лепшага ў свеце

Ці вартыя таго беларускія абласныя цэнтры і Мінск, разважаюць гісторык Сяргей Харэўскі і журналіст Віктар Марціновіч

Некамерцыйная арганізацыя New Open World Corporation абірае сямёрку лепшых гарадоў свету. У конкурсе, які будзе цягнуцца амаль 2 гады, ўдзельнічае больш за 1200 гарадоў. Сярод намінантаў прысутнічаюць беларускія абласныя цэнтры і Мінск. А вось на думку гісторыка Сяргея Харэўскага, у гэты спіс варта ўключыць таксама Пінск ды Оршу.

Сяргей Харэўскі: “Дзе прыгожыя краявіды, ландшафты, там, дзе захавалася вялікая доля прыватнай забудовы. Дзе ёсць помнікі архітэктуры, дзе захавалася блізка прырода. Такім чынам, мой бы рэйтынг складаўся так: Мінск, Магілёў, Полацк, Пінск, Мсціслаў, Мазыр. Даруйце, яшчэ забыў пра Оршу!”

Аднак у першую чаргу трэба дбаць не пра рэйтынгі, а пра тое, каб беларускія гарады былі прывабнымі для саміх беларусаў, лічыць гісторык.

Сяргей Харэўскі: “Думаю той, хто зацікаўлены, ён сам і без спісаў паедзе. Зразумела, усяму свету вядомы Віцебск і без гэтых спісаў. На маё здзіўленне, увесь свет ведае Пінск. Бо, як вы разумееце, ні Рым, ні Парыж не будаваліся для студэнтаў. І, перадусім, мы будзем цікавыя ў свеце самі па сабе”.

Беларускія гарады маюць рэальныя шанцы трапіць у рэйтынг экзатычных і цікавых месцаў, лічыць журналіст і выкладчык ЕГУ Віктар Марціновіч. Напрыклад, беларуская сталіца — гэта добры кандыдат у спіс лепшых гарадоў.

Віктар Марціновіч: “Ёсць нейкія зусім феерычныя вар’яцкія новабудоўлі, выкананыя ў стылі шызафрэнічнага мадэрнізма накшталт бібліятэкі. І ўсё гэта разам прыпраўленае абсалютна еўрапейскім кавярным жыццём і зусім оруэлаўскім вываратам гэтага жыцця. Тым, аб чым людзі размаўляюць у гэтых кавярнях, як яны напужаныя, насамрэч, у гэтых кавярнях”.

Не горш за сталіцу выглядаюць і абласныя цэнтры. На думку Віктара Марціновіча, гэта таксама “штосьці з чымсьці”. Напрыклад, у Гродна ёсць усе шанцы стаць беларускай Вільняй. А ў Гомелі журналіста прываблівае тое, як “суіснуюць” гістарычныя помнікі і заводы. І дадае, што для саміх гарадоў будзе лепш, калі дзяржава не будзе займацца брэндынгам.

Віктар Марціновіч: “Я думаю, што нашай дзяржаве трэба расслабіцца, а не задумацца. Бо чым менш дзяржавы ў любым беларускім праекце, тым лепш для праекта. Дзяржаве лепш сюды НЕ лезці. Чым менш дзяржава будзе думаць пра Мінск, Гродна ці Гомель, тым лепш”.

Дарэчы, дапамагчы беларускім гарадам увайсці ў рэйтынг лепшых у свеце можа кожны жадаючы. Дастаткова аддаць свой голас да 7 сакавіка на сайце спаборніцтва. Пасля гэтага этапу галасавання колькасць гарадоў-удзельнікаў скароціцца да 300.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)