Политика

«Шанс ці ШОС»

Каментуючы палітычную сітуацыю, Уладзімір Някляеў прапанаваў Аляксандру Лукашэнку выбар.

“Адна з галоўных палітычных падзей, якія чакаюцца ў верасні -- саміт Усходняга партнёрства. Для Беларусі гэтая падзея -- без перабольшання -- гістарычная. Дакладней, можа стаць такой, калі Лукашэнка зразумее, які ёсць для краіны шанс, якая ўзнікае перспектыва.

Упершыню з Беларуссю на роўных, як партнёр з партнёрам, мае намер весці дыялог аб’яднаная Еўропа. Толькі вось канкрэтна з кім? Запрашэнне на саміт ні Лукашэнку, ні прадстаўнікам беларускай улады пакуль не напісана. І папера можа застацца чыстай, калі не будзе выкананае найпершае патрабаванне Еўразвязу: цалкам рэабілітаваць, без аніякіх умоў вызваліць усіх палітзняволеных.

Калі думаць па-дзяржаўнаму, дык ужо сёння так і трэба зрабіць. І тады -- запрашэнне, тады саміт, шанс і перспектыва. Калі не -- тады ніякіх перспектыў. Тады не шанс, а ШОС!

Такі вось выбар.

Шмат хто кажа: нельга даваць Лукашэнку выбіраць. Навыбіраўся. Толькі ШОС! Я адказваю: не, шанс таксама. Бо саміт, удзел у праграме Усходняга партнёрства -- гэта непараўнальна больш, чым шанс для Лукашэнкі. Гэта шанс для Беларусі, для нас і нашых дзяцей.

У Еўразвязе ёсць меркаванне: абмежавацца ў звязку з сітуацыяй у Беларусі прысутнасцю на саміце прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. Гэта, канешне, ганарова, але куды болей за маральнае задавальненне мне хацелася б мець ад саміту рэальныя, практычныя вынікі. Дарэчы тут нагадаць, што міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў пра пажаданасць прысутнасці на саміце беларускай дэлегацыі на высокім узроўні. Таму яшчэ раз падкрэсліваю: нельга цягнуць з вырашэннем праблемы палітзняволеных. Расчыніць дзверы турмы -- гэта расчыніць дзверы ў еўрапейскую будучыню. Калі, канешне, нехта ва ўладзе, ва ўрадзе пра гэтую будучыню насамрэч дбае”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)