Комментарии
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Саюзьнікі не падтрымалі ваяўнічую пазыцыю Расеі

Галоўная інтрыга самітаў АДКБ і ЭАЭС у Маскве 21 сьнежня палягала ў тым, ці патрымаюць саюзьнікі ваяўнічую лінію Расеі на ўцягваньне ў канфлікты з суседзямі.

На саміце АДКБ абмяркоўвалася супрацьстаяньне РФ з Турэччынай. У гэтым пытаньні склалася супярэчлівая і трохі дзіўная сытуацыя. З афіцыйных заяваў МЗС краін-чальцоў АДКБ, саюзьнікаў Расеі, вынікала, што тыя займаюць пазыцыю нэўтралітэту. А Лукашэнка, выступаючы ў Туркмэністане, загаварыў нават пра памылкі РФ у гэтым канфлікце.

І вось саміт АДКБ нібыта сапраўды падтрымаў РФ у яе канфлікце з Турэччынай. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Армэніі, якая старшынюе цяпер у арганізацыі, Серж Саргсян. Па выніках паседжаньня ён адзначыў: «Мы, як саюзьнікі Расеі, выказваем салідарнасьць і падтрымку пазыцыі Масквы па гэтым інцыдэнце».

Але тут ёсьць важныя нюансы. Інфармацыю пра такую пазыцыю на закрытай сустрэчы прэзыдэнтаў даў толькі Серж Саргсян. Вядома, што ў Армэніі даўняя гістарычная варажнеча з Турэччынай. Таму ягоная інтэрпрэтацыя можа быць не зусім аб’ектыўная. Астатнія прэзыдэнты на гэты конт прамаўчалі.

Па выніках саміту АДКБ была прынятая толькі заява «Аб супрацьдзеяньні міжнароднаму тэрарызму». У гэтым афіцыйным дакумэнце пра канфлікт Расеі з Турэччынай нічога не гаворыцца. Таму, відаць, падтрымка вельмі ўмоўная.

Ня менш знамянальным быў і саміт ЭАЭС. Справа ў тым, што з 1 студзеня 2016 пачне дзейнічаць пагадненьне аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўрапейскім Саюзам. Адным з ягоных элемэнтаў зьяўляецца зона вольнага гандлю. 16 сьнежня прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прыпыненьні дзеяньня дамовы аб зоне свабоднага гандлю СНД з Украінай з 1 студзеня 2016 году.

Сытуацыя, калі адзін з чальцоў мытнага саюзу ў аднабаковым парадку ўводзіць эксклюзіўны гандлёвы рэжым зь нейкай трэцяй дзяржавай, дзіўная і абсурдная. Гэтая абсурднасьць выявілася яшчэ год таму, калі Расея ўвяла эмбарга на імпарт харчаваньня з ЭЗ. Што прывяло на практыцы да вялікага аб’ёму рээкспарту забароненых тавараў празь Беларусь, пэрманэнтных прэтэнзій з гэтай нагоды Масквы да Менску. Гэтае рашэньне РФ апрыёры праграмавала канфлікт паміж чальцамі ЭАЭС. Таму што, калі ў адной краіны-чальца мытнага саюзу існуе іншы гандлёвы рэжым з трэцяй дзяржавай, то дэ-факта мытны саюз ня дзейнічае, ён разбураецца.

Але Расея на гэтым не спынілася. У лістападзе Масква ўвяла забарону на імпарт харчовых тавараў з Турэччыны. І вось цяпер выходзіць з рэжыму вольнага гандлю з Украінай. Відавочна, гэта больш палітычнае рашэньне, чым эканамічнае, працяг расейска-ўкраінскага канфлікту іншымі мэтадамі.

Саміт ЭАЭС не падтрымаў Расею ва ўкраінскім пытаньні. Фармальна прынялі рашэньне пачакаць паўгода, паглядзець («правесьці маніторынг») якія будуць наступствы пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і ЭЗ, ці сапраўды эўрапейскія тавары праз украінскую тэрыторыяю будуць трапляць на рынкі краін ЭАЭС. І толькі пасьля гэтага прымаць нейкія захады.

Але аднабаковае рашэньне Расеі стварае глебу для новых беларуска-расейскіх супярэчнасьцяў. Можна чакаць, што будзе адбывацца рээкспарт украінскіх тавараў у Расею празь Беларусь.

І тут узьнікае больш глябальнае пытаньне. Ці магчымы эканамічны саюз паміж краінамі ЭАЭС, калі нават паўнавартасны Мытны саюз ня можа эфэктыўна працаваць, ён разбураецца на вачах. Мытны саюз у параўнаньні з эканамічным саюзам — ніжэйшы ўзровень інтэграцыі. Дык калі нават ён працуе з такімі хібамі, то пра што можна казаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)