Самыя яркiя факты пра бел-чырвона-белы сцяг
19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет тады яшчэ БССР надаў бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» статус дзяржаўных сымбаляў.
З гэтай нагоды Радыё Свабода падрыхтавала 50 фактаў за бел-чырвона-белы сцяг. Прапануем вашай увазе выбраныя моманты.
Ад Вітаўта Вялікага
1410 год. Беларускія дасьледнікі браты Іван і Антон Луцкевічы знайшлі ў адным з аль-кітабаў зьвесткі пра татарскую коньніцу, якая брала ўдзел у Грунвальдзкай бітве пад бел-чырвона-белым сьцягам Вітаўта Вялікага з нашытымі на яго паўмесяцам і зоркай. Менавіта з прычыны прыналежнасьці бел-чырвона-белага палотнішча да выбітнага вялікага князя дзеячы нацыянальна-вызваленчага руху пачалі актыўна прапагандаваць яго як гістарычны сьцяг беларусаў.
Сьцяг Сьвятога Юр’я як прататыпа
Карціна «Бітва пад Воршай 8 верасьня 1514 г.», 1520 год/ Сьцяг Святога Юр’я
Каля 1520 года. Створана вялікае палотнішча «Бітва пад Воршай 8 верасьня 1514 г.». Яго аўтар, мяркуюць гісторыкі, быў удзельнікам бітвы, а захоўваецца яно ў варшаўскім Нацыянальным музэі. На карціне з фатаграфічнай дасканаласьцю ўзноўленыя дэталі перамогі над утрая большым маскоўскім войскам.
Вялікалітоўская кавалерыя карысталася сьцягам Сьвятога Юр'я — чырвоны крыж на белым палотнішчы, які, хутчэй за ўсё, стаў прататыпам бел-чырвона-белага сьцяга.
Беларускія гусары і бел-чырвона-белыя сымбалі
Ротны сьцяг беларускай гусарскай харугвы (1776—1783 гады)
Так выглядаў галаўны ўбор палкоўніка Беларускага гусарскага палку ў 1824—1825 гады
А так ківер ніжніх чыноў Гарадзенскага лейб-гвардыі гусарскага палку
Бел-чырвона-белыя сьцягі пад Псковам
Выяву бел-чырвона-белых сьцягоў можна пабачыць на карціне Яна Матэйкі «Стэфан Баторы пад Псковам» (1872)
Каліноўскі адрадзіў бел-чырвона-белы сьцяг?
У час паўстаньня 1863—1864 гадоў, калі Кастусь Каліноўскі вярнуўся да герба «Пагоня», ёсьць падставы меркаваць, што ён адрадзіў і бел-чырвона-белы сьцяг: у Віленскім гістарычна-этнаграфічным музэі захоўваецца трыкутны сьцяжок тых часоў, на якім у сярэдзіне, уздоўж белага поля, праведзена чырвоная паласа.
Сучаснаму бел-чырвона-беламу сьцягу 100 гадоў
Паводле шматлікіх сьведчаньняў, праект сучаснай выявы бел-чырвона-белага сьцяга распрацаваў беларускі грамадзка-палітычны і культурны дзяяч Клаўдзій Дуж-Душэўскі не пазьней за 1917 год.
Упершыню над Менскам
Упершыню беларускі сьцяг узьняўся над будынкам губэрнатарскага палаца ў Менску пасьля выгнаньня бальшавікоў.
Зацвярджэньне
5 жніўня 1918 года. Зьяўляецца дакумэнт, якім Сакратарыят БНР зацьвярджае бел-чырвона-белы сьцяг.
З прыходам бальшавікоў урад БНР выправіўся ў эміграцыю.
Слуцкі збройны чын пад бел-чырвона-белым сьцягам
1920 год. Бел-чырвона-белым сьцягам, як беларускім і дзяржаўным, карысталіся кіраўніцтва Слуцкага паўстаньня і вайсковыя фармаваньні Булак-Балаховіча.
Вяртаньне да ўжытку ў гады Другой сусьветнай вайны
Менскі гарадзкі тэатр, 1943 год
1941-1944 гады. У Другую сусьветную вайну бел-чырвона-белы сьцяг разам зь іншымі нацыянальнымі сымбалямі вярнуў да ўжытку калябарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада).
Пад забаронай на радзіме
Беларускае сьвяткаваньне ў Таронта,1971 год
50-80-я гады XX стагодзьдзя. У савецкі час у БССР бел-чырвона-белы сьцяг трапляе пад забарону, але актыўна выкарыстоўваецца беларускай дыяспарай за мяжою.
Вяртаньне
24 жніўня 1991 года. Дэпутат Галіна Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сьцяг у Вярхоўны Савет.
На наступны дзень, 25 жніўня, Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, якая была прынятая 27 ліпеня 1990-га года Вярхоўным Саветам БССР, быў нададзены статус канстытуцыйнага закону.
19 верасьня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь», а таксама аб назьве нашай краіны. У адпаведнасці з гэтымі законамі краіна стала называцца Рэспублікай Беларусь і была ўведзеная новая дзяржаўная сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня»/
Читайте еще
Избранное