Лица
Ілля Маліноўскі, «Еўрарадыё», фота Юліі Аляксандравай, «Салiдарнасць»

«Самыя памятныя падарункі – мабільнік і мінашукальнік!»

14 верасня славуты беларускі музыкант Лявон Вольскі адзначае свой 45-ы дзень нараджэння.

Як распавёў Еўрарадыё нязменны лідар NRM і "Крамбамбулі" ніякіх гучных святкаванняў ён не плануе.

Лявон Вольскі: "Я не буду адзначаць публічна. З сябрамі з'едзем з горада на вечарок, у вузкай кампаніі. Я не лічу такую дату падставай для нейкіх урачыстасцяў і наогул не бачу ў гэтым сэнсу".

Што ж датычыцца падарункаў, то Лявон не пераборлівы і нейкіх незвычайных сюрпрызаў ад гасцей не чакае.

Лявон Вольскі: "Тое, што мне б хацелася, я не атрымаю, а таму і не буду афішаваць. Я ж, ведаеце, не поп-зорка, гэта яны на дзень нараджэння атрымліваюць аўтамабіль Infiniti ці ключы ад кватэры. У мяне будуць звычайныя сціплыя падарункі".

Дарэчы самыя памятныя падарункі рокер атрымаў у дзіцячым узросце ад бацькі, а пазней – ад жонкі:

Лявон Вольскі: "Ой, вельмі шмат было яскравых падзеяў. Бацька, напрыклад, падарыў мінашукальнік дзіцячы, але сапраўдны. Гэта была падзея. Першы мабільны тэлефон мяне проста ўразіў, мне як раз яго Ганна, жонка, падарыла. Гэты было даўно, гэта быў такі Mitsubishi Трыумф, яна яго ў атмасферы поўнай таямніцы набыла ў Польшчы, а потым падарыла мне на дзень нараджэння".

P.S. “Салідарнасці”

Мы віншуем Лявона з днём народзінаў і зычым, каб ідэалы Незалежнай Рэспублікі Мроя паступова авалодалі ўсей краінай, і “пасьлязаўтра на нашых палетках узышлі белыя і чырвоныя кветкі”. І за гэта выпьем сёння “Крамбамбулі” :)

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)