Политика
Анастасія Зелянкова

Са шпаргалкамі і падказкамі замежныя дыпламаты напісалі беларускую дыктоўку

15 сакавіка прадстаўнікі замежных амбасадаў і рэдактары незалежных СМІ селі за дыктоўку па беларускай мове. Як амерыканскі дыпламат карыстаўся шпаргалкай, якую памылку дапусціў Іосіф Сярэдзіч і што за хітрасць прыдумаў шведскі амбасадар Стэфан Эрыксан — у рэпартажы “Салідарнасці”.

У першы дзень агульнанацыянальнай дыктоўкі на офісе Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны сабралася каля двух дзесяткаў прадстаўнікоў замежных амбасадаў і рэдактараў незалежных СМІ.

Дыпламаты відавочна хваляваліся.

— А што калі я не напішу? — перажывала за сваю рэпутацыю прэс-сакратар польскай амбасады Моніка Садкоўска.

Яе адразу супакоілі, патлумачыўшы, што адзнакаў тут ніхто не ставіць і ўвогуле, калі будзе патрэба, дадуць перапісаць дома.

— Можаце зараз пісаць на любой мове: сваёй, беларускай, англійскай, лацініцай, кірыліцай — як заўгодна, — тлумачыў ініцыятар мерапрыемства, Ініцыятар палітолаг Уладзімір Падгол.

— Для прадстаўнікоў Еўрапейскага Саюза не павінна быць ніякіх паблажак. Гэта для краін СНД — яшчэ куды ні ішло, — кінуў хтосьці, відаць, з недалёкіх замежнікаў.

Экзаменуемыя паціху расаджваліся. Салідныя мужчыны і жанчыны часам нагадвалі школьнікаў перад сапраўдным дыктантам. “Я да вас. Буду, калі што спісваць”.

— “А я шпаргалку прынёс, будзем падглядаць”, — чулася з розных бакоў.

Ва ўступным слове старшыня ТБМ Алег Трусаў патлумаўчы, што гэты дзень для напісання дыктоўкі быў абраны невыпадкова.

— Менавіта 15 сакавіка мы адзначаем дзень Канстытуцыі, у якой беларуская мова была абвешчана дзяржаўнай, — зрабіў невялікі экскурс у гісторыю старшыня.

Уладзімір Падгол расказаў, што ноччу яму патэлефанавалі з Віцебску паплечнікі знакамітага Мірона і паведамілі, што з нагоды напісання агульнанацыянальнай дыктоўкі ў цэнтры горада быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг.

— Амерыканскі амбасадар Карэн Сцюарт таксама хацела пісаць з намі гэтую дыктоўку і нават падрыхтавала для нас падарунак, — распавёў Падгол. — Яна збіралася зачытаць нам Біль аб правах чалавека на беларускай мове. На жаль, пачуць яго сёння мы не зможам.

Тым не менш ідэю Карэн Сцюарт падхапілі іншыя замежныя дыпламаты. Часовы павераны Славакіі ў Беларусі Любамір Рэгак з дапамогай Васіля Сёмухі пераклаў і прачытаў па-беларуску верш пра славацкую мову. Таксама пра сваю родню мову выказаліся ў вершах саветнік амбасадара Літвы Дарыус Віткаўткас, амбасадар Украіны Ігар Ліховы, прэс-сакратар польскай амбасады Моніка Садкоўска. А часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс прачытаў у перакладзе на ангійскую верш Янкі Купалы “Беларус”.

Мерапрыемства пагражала перацячы ў літаратурную вечарыну. Нарэшце перайшлі да дыктоўкі. Яе пачатак абвесцілі ўдарам ў звон, створаным скульптарам і мастаком Алесем Шатэрнікам спецыяльна з нагоды 90-х угодкаў БНР.

Чытаць дыктоўку даручылі выкладчыцы беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва, намесніку старшыні ТБМ Людміле Дзіцэвіч. Дыпламаты і рэдактары ўважліва слухалі тэкст “Наша мова” з прадмовы Францішка Багушэвіча да зборніка “Дудка беларуская”. Час ад часу падглядаючы ў суседзяў незразумелыя словы, яны старанна выводзілі на паперы беларускія літары.

— А ў гэтым сказе перад “як” коску трэба ставіць? — паспрабаваў высветліць ў настаўніцы рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч.

— Што ж вы не ўзялі з сабой карэктара? Трэба паклікаць, — паддзеў яго пісьменнік і выдавец Уладзімір Сіўчыкаў.

— У мяне такія паузы, што не толькі коску — слана можна паставіць, — празрыста намякнула Людміла Луцэвіч.

Лепш за ўсіх адчуваў сябе першы сакратар і кіраўнік палітычна-эканамічнага аддзела Амбасады ЗША Луіс Дж.Крышак. Ён прынёс з сабой тэкст дыктоўкі і, паклаўшы побач, старанна перамалёўваў літары, пакуль іншыя пыхцелі над незнаёмымі словамі.

Шведскі амбасадар Стэфан Эрыксан таксама праявіў кемлівасць. Сваю дыктоўку ён пісаў простым алоўкам, выціраючы ласцікам дапушчаныя памылкі. Трэба аддаць дыпламату належнае, памылак было не шмат.

— А слова “Бог” з вялікай літары пісаць, ці, як раней, з маленькай? — пацікавіўся нехта з дасведчаных.

— З вялікай, — падказала настаўніца.

— Во, а ў “Народнай волі” ў гэтым тэксце маленькая напісана, — тыкнуў Сярэдзічу ў газету пальцам Сіўчыкаў.

Іосіф Паўлавіч цалкам праігнараваў заўвагу.

— Нікуды не падглядаем. Усе пішам самастойна, — ушчувала іх, нібы школьнікаў, настаўніца.

— А можа, хопіць ужо пісаць? — не вытрымаў рэдактар “Новага часу” Аляксей Кароль і вырашыў перавесці стрэлкі на дыпламатаў: — У замежных гасцей, напэўна, шмат сваіх спраў.

— Не, пішам, пішам далей, — хорам адгукнуліся замежнікі.

Нарэшце дыктоўка скончылася. Да здзіўлення арганізатараў, амаль усе прысутныя вырашылі адразу здаць свае працы. Хтосьці нават пашкадаваў, што іх дыктоўкі ніхто не будзе правяраць.

— Дзякуй вам вялікі. У мяне за ўсе мае 32 гады, што я працую ў школе, яшчэ ніколі не было больш уважлівых і дысцыплінаваных вучняў, — адзначыла настаўніца.

— А рэдактар "БелаПАН" Ліпай у Стэфана Эрыксана спісваў, — падліў дзёгцю ў бочку мёду Сіўчыкаў.

У адказ яму прыпомнілі “Народную волю”.

На гэтым і разышліся.

Агульнацыянальная дыктоўка па беларускай мове будзе праводзіцца 23 сакавіка кожную гадзіну з 10.00 да 18.00. Пераможцам абяцаюць прызы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)