Руднік: «У Беларусі сітуацыя іншая: тытульная мова падаўляецца самой дзяржавай»

Даследчыца Цэнтра новых ідэй Леся Руднік – пра русіфікацыю ў Беларусі.

— Яшчэ чатыры гады таму ў Беларусі можна было знайсці і пэўную літаратуру на беларускай мове, развівалася беларуская культура, можна было бачыць лацінку і, наогул, без праблем карыстацца мовай. Вельмі шкада, што шмат з гэтага было страчана, — адзначыла даследчыца і дырэктарка Цэнтра новых ідэй Леся Руднік на Еўрарадыё. — Рэпрэсіўная сістэма робіць сваю працу.

Адбываецца русіфікацыя па ўсіх напрамках — у школах, з адукацыйнымі кнігамі, нейкімі матэрыяламі, нават любая камунікацыя на роднай мове становіцца больш цяжкай, чым было раней, і гэта вельмі сумна.

Беларуская мова дагэтуль унутры краіны знаходзіцца ў вельмі ўразлівым, нават прыгнечаным стане.

Даследчыца ўзгадвае, што праблемы з захаваннем мовы існуюць у шмат якіх народаў і краінах, але адбываецца гэта па іншых прычынах.

— Насамрэч у свеце ёсць шмат краінаў, дзе мовы выміраюць ці знаходзяцца пад пагрозай. Звычайна такое адбываецца праз гістарычныя чыннікі, праз былыя рэпрэсіі ці каланізацыю.

У Беларусі сітуацыя іншая: тытульная мова падаўляецца самой дзяржавай. То-бок мова тытульнай нацыі знаходзіцца пад пагрозай менавіта праз тое, што на яе і на культуру аказвае ціск беларускі рэжым.

Але беларускаму рэжыму трэба падумаць, чаго яны дасягаюць для сябе гэтым чынам. Зразумела, што ім хочацца ўтрымаць уладу.

Але ці хочацца ім увогуле згубіць усё, што хоць нейкім чынам адрознівае іх ад сярэдніх расійскіх чыноўнікаў ці падобных людзей? — задаецца пытаннем Леся Руднік.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(37)