Руднік: Думаю, у хуткім часе пабачым пазітыўныя вынікі паездак Ціханоўскай у дачыненні да праекту пашпарту «Новай Беларусі»

Паліталагіня — пра тое, ці ёсць сэнс ад працы дэмакратычных сіл на міжнароднай арэне. 

У эфіры Еўрарадыё кіраўніца Цэнтра новых ідэй Леся Руднік тлумачыць, чаму праца Святланы Ціханоўскай і Кабінета важная.

— Ва ўмовах, калі дэмакратычныя сілы фізічна не могуць падступіцца да ўлады ў Беларусі, канечне, гэта важныя дзеянні. Іх трэба рабіць, бо гэта каменьчыкі, якія закладваюцца ў падмурак будучых міжнародных стасункаў, — адзначае аналітык.

Леся Руднік

Яна нагадвае, што адміністрацыі і кіраўнікі ў некаторых краінах змяніліся па некалькі разоў, прыходзяць новыя людзі, якія адказваюць за стасункі з Беларуссю.

— Трэба зноў нагадваць ім, што адбываецца ў краіне, дасягаць новых аўдыторый, — тлумачыць Леся Руднік. — Вядома, амбасадорства вельмі важна, дапамагае трымаць увагу ў адносінах да Беларусі. Лепш так, чым ніяк. Іншага выйсця цяпер няма, акрамя таго, як працаваць непублічна ўнутры краіны. Але для гэтага не патрэбна асоба Ціханоўскай, яна займае сваё месца як лідарка, якая звяртаецца да міжнароднай аўдыторыі дзеля таго, каб умацоўваць імідж Беларусі. 

Думаю, што ў хуткім часе пабачым нейкія пазітыўныя вынікі яе паездак, будзе прывязана да праекту пашпарту «Новай Беларусі». Таму я бы не асабліва неяк крытыкавала дэмакратычныя сілы, таму што гэта адзінае, што можа рабіць Ціханоўская адкрыта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(27)