Але страх прыходзіць і сыходзіць. Пасля перыяду шоку і дэзарыентацыі, як правіла, прыходзіць асэнсаванне і пераацэнка ранейшага стаўлення. Рост «даверу да ўладаў», калі ён сапраўды меў месца, у любы момант можа ператварыцца ў супрацьлегласць. Нагадаем, што на пачатку 2020-га таксама не было ў грамадстве амаль ніякіх прыкметаў пратэстных настрояў.
Рудкоўскі: Вайна ва Украіне, страх перад вайной у Беларусі, моцныя эмоцыі — усё гэта не спрыяе рацыянальнаму мысленню
Вынікі года вайны ва Украіне і яго ўпылыву на беларусаў Филин абмеркаваў з палітолагам, акадэмічным дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пятром Рудкоўскім.
— Як гэты ваенны год паўплываў беларусаў?
— Лістападаўскае апытанне ў рамках праекта «Беларускі трэкер перамен» паказала, што цягам 2022 года ў беларускім грамадстве узрос «давер да ўладаў». Што неабавязкова азначае давер да Лукашэнкі.
Самі аўтары апытання зазначылі, што тут мог паўплываць фактар страху і тое, што вялікая частка актыўных грамадзян эмігравала. Так ці інакш, не варта ўспрымаць гэта як сігнал паразы або нейкай анамаліі.
Вайна ва Украіне, страх перад вайной у Беларусі, шмат розных патокаў інфармацыі, моцныя эмоцыі — усё гэта не спрыяе рацыянальнаму мысленню, а спрыяе арыентацыі на фактычны цэнтр улады. Пытанне легітымнасці гэтай улады ў такіх сітуацыях адыходзіць на другі план.
— Чым беларусы могуць ганарыцца і за што ім можа быць сорамна, калі азірнуцца на гэты год вайны?
— Чым ганарыцца — нам падказваюць газета Washington Post і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. У красавіку мінулага года WP апублікавал аналіз першых дзён вайны. Аналіз паказаў, што ключавую ролю ў правале рашысцкага бліцкрыгу згулялі беларускія рэйкавыя партызаны.
Бо перадусім дзякуючы ім расійскія войскі засталіся без ежы, паліва і боепрыпасаў ужо праз некалькіх дзён пасля ўварвання ва Украіну.
А правал бліцкрыгу ў сваю чаргу запусціў ланцуговую рэакцыю: змена пазіцыі заходніх краін (пачаткова ніхто не збіраўся пастаўляць Украіне зброю, а пасля правалу пазіцыя змянілася), вера ўкраінцаў ва ўласныя сілы, дэматывацыя расійскіх ваенных, саступкі Крамля ў ходзе Мінскіх і Стамбульскіх перамоваў і г.д. Вялікі гонар за тых беларусаў, хто са зброяй у руках змагаюцца на баку Украіны. Думаю, што там паўстае і гартуецца аснова нацыянальнага беларускага войска.
21 лютага падчас сваёй прамовы ў Варшаве Джо Байдэн нагадаў пра тое, што «адважныя лідары беларускай апазіцыі і народ Беларусі працягваюць змагацца за сваю дэмакратыю». Мы можам ганарыцца лідэрамі апазіцыі — і тымі, хто дзейнічаюць у эміграцыі, і тымі, хто цяпер, на жаль, знаходзіцца ў зняволенні.
І надалей можам ганарыцца сваім народам, а перадусім той часткай, якая нават у гэты змрочны час захоўвае святло, нават знаходзячыся ўнутры Беларусі: хто падтрымлівае сем’і палітвязняў, піша ім лісты, перадае патрэбную інфармацыю цэнтрам апазіцыі. Асаблівы гонар за тых, хто 27 лютага мінулага года выйшлі на вуліцы, каб нягледзячы на звыш-жорсткія рэпрэсіі выказаць свой пратэст супраць расійскай агрэсіі.
— Існуе пашыранае меркаванне, што за гэты год Лукашэнка не ўступіў у вайну ўласным войскам не ў апошнюю чаргу таму, што большасць беларусаў не жадае гэтага. Наколькі слушная гэтая думка, ці насамрэч ён баіцца рэакцыі беларусаў? Бо нават такі ўдзел у канфлікце, як цяпер, рызыкуе выліцца ў непасрэднае супрацьстаянне.
— Лукашэнка не той чалавек, каторы будзе прыслухоўвацца да грамадскай думкі. Але ўлічваць яе ён, безумоўна, улічвае. Асабліва, калі яна супадае з яго ўласнымі інтарэсамі. Не ў інтарэсах Лукашэнкі цалкам пагружацца ў вайну.
Вайна супраць Украіны — гэта ідэя Крамля, а Лукашэнка тут быў пастаўлены перад выбарам: або падтрымаеш, або сыходзь з пасады. Таму задача Лукашэнкі — дэманстраваць лаяльнасць, але пазбягаць празмернага заангажавання. У гэтым плане яго інтарэсы і настроі ў грамадстве супадалі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное