Рудкоўскі: «У Беларусі армія вялікая ў колькасным плане, але пры гэтым самая бедная пасля малдаванскай»

Акадэмічны дырэктар BISS аналізуе інфаграфіку Валдая.

— У Беларусі армія вялікая ў колькасным плане, але пры гэтым самая бедная пасля малдаванскай, — піша Пётр Рудкоўскі. — Гэта добра відаць з інфаграфікі Валдая.

Найбольш інфарматыўнае тут супастаўленне зялёнага кружочка і чалавечка. Калі чалавечак і кружочак блізкія па памерах, то значыць, армія добра фінансуецца: хапае і на харошыя зарплаты і на пастаянную мадэрнізацыю арміі. А пастаянная мадэрнізацыя — гэта і прэстыж, і матывацыя, і эфектыўнасць.

Калі чалавечак — гігант, а кружочак маленькі — значыць, фінансаванне арміі жабрачае. Зарплаты мізэрныя, любая нават дробная мадэрнізацыя — гэта эпахальная падзея. Ніякага прэстыжу, слабая матывацыя, слабая эфектыўнасць.

У дапратэстную эпоху «Военно-политическое обозрение» — неафіцыйны сайт беларускіх ваенных — ад душы наракаў на жабрацкае фінансаванне беларускай арміі. Не без зайздрасці фіксаваліся доўгатэрміновыя планы ў суседніх краінах па павелічэнні фінансавання.

«На протяжении последних почти 30 лет Вооруженные Силы Беларуси жили практически на голодном пайке, — пісаў сайт пад канец 2019 года. — То, что при недостаточном финансировании белорусская армия очень активно ведет учения и считается одной из наиболее боеспособных и подготовленных в Восточной Европе, не может продолжаться долго при таком количестве выделяемых денежных средств».

Цяпер БелВПО такога не піша. Заціснуўшы зубы, маўчаць афіцэры пра тое, як іх трактуе рэжым. Але што сядзіць у душы, можна здагадацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(22)