Филин

Сяргей Васілеўскі

Рудкоўскі: Лукашэнка не дачакаўся адказу на свае сігналы Захаду, таму «здзелка» па палітвязнях не адбылася

Палітолаг Пётр Рудкоўскі — пра тое чаму палітзняволеныя не трапілі пад амністыю. І што можа дапамагчы вызваліць хоць частку з іх.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства». Згодна афіцыйных паведамленняў, у выніку амністыі плануецца вызваліць ад крымінальнай адказнасці каля 4500 асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі 1600. Яшчэ амаль для 4000 асуджаных тэрмін пакарання будзе скарочаны на год.

Пры гэтым дзеянне закона аб амністыі не будзе распаўсюджвацца на асоб, якія ўчынілі «злачынствы тэрарыстычнай або экстрэмісцкай накіраванасці».

Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётр Рудкоўскі расказаў «Філіну», чаму палітвязні не трапілі пад амністыю і пра тое, што магло б дапамагчы вызваліць хоць бы частку з іх.

Пётр Рудкоўскі

— На вашу думку, у чым такая вось дэманстратыўнасць — народ нібыта адзіны, але пэўную яе частку выводзяць за дужкі? Гэта спроба дадаткова запалохаць нязгодных? Сігнал Захаду, што гандлю палітвязнямі не будзе?

— У адказ на вераснёўскія сігналы, якія Лукашэнка публічна і непублічна высылаў Захаду, нічога не было. Дакладней, быў пасыл: вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне падтрымкі расійскай агрэсіі. Так што «здзелка» не адбылася. Суадносна, усе палітычныя зняволеныя былі выключаны з амністыі. Тое, што закон уступае ў сілу толькі цяпер (прайшло больш за тры месяцы з моманту анонсу) сведчыць, бадай, што ўлады доўгі час чакалі нейкага сустрэчнага сігналу.

— Рэжым настойвае на адмене заходніх санкцый, але ці быў слушным такі разлік ад самага пачатку, улічваючы тое, што самыя моцныя санкцыі былі накладзеныя не за палітычны пераслед беларусаў, а за пасадку самалёта, правакацыю міграцыйнага крызісу і суагрэсію ў вайне?

— Разлік з боку беларускага рэжыму? Гэта не пытанне слушнасці, гэта дзеянне згодна выслоўем: «Попытка не пытка». Складана сказаць, наколькі вялікімі былі спадзевы рэжыму на паслабленне санкцый, але з лікам эканамічнай рэцэсіі, вырашылі паспрабаваць. Магчыма, разважанне было такое: нават калі цяпер паслабленні будуць сімвалічнымі, то гэта адкрые магчымасць для далейшай працы ў гэтым напрамку.

Рэжым здольны на рэпрэсіях выехаць некалькі месяцаў або нават год, але трэба думаць пра больш аддаленую перспектыву. Той самы 2024-ы, 2025 гады (час чарговых выбараў і запуску ВНС). Ва ўмовах даволі жорсткіх санкцый выжыць эканамічна будзе складаней з кожным месяцам. Таму рэжым тут намацваў глебу на перспектыву, так думаю.

— Якія ў сённяшніх варунках застаюцца варыянты для палітвязняў?

— Рэпрэсіі зараз дзейнічаюць на аўтамаце, а яны прадыктаваны палітычным крызісам і залежнасцю ад Расіі. Таму, на жаль, няма надзейнага інструменту вызваліць палітвязняў.

Нават зняццё часткі санкцый не дае гарантыі, але, канешне, спасярод наяўных інструментаў гэта адзін з найбольш абяцаючых. Магчыма, ёсць сэнс папрацаваць у гэтым напрамку: паспрабаваць аддзяліць «ваенны трэк» (санкцыі за дапамогу ў агрэсіі) і «цывільны трэк» (санкцыі за рэпрэсіі).

Рэжыму зараз хоць якое паслабленне санкцый патрэбнае, таму, лічу, дзеля вызвалення хаця б часткі нявінна зняволеных нічога кепскага не было б, каб інструмент «другога трэку» быў бы задзейнічаны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.4(13)