Рудкоўскі: Да словаў Макрона пра больш вытанчаны санкцыйны падыход можна прыслухацца
Палітолаг, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётр Рудкоўскі пркаментаваў Филину чарговую ініцыятыву прэзідэнта Францыі датычна беларускага рэжыму.
— Прэзідэнт Францыі Макрон мяркуе, што санкцыі ў дачыненні Беларусі штурхнулі Лукашэнку ў абдымкі Крамля. На яго думку, дадатковыя агрэсіўныя крокі ў дачыненні лукашэнкаўскага рэжыму не патрэбныя. Але пры гэтым трэба рабіць усё магчымае, каб беларускае войска не ўступіла ў вайну.
Ці згодныя вы з такой пазіцыяй? Ці можна сёння неяк паўплываць на Лукашэнку, напрыклад, адмовай ад новых санкцый?
— Насамперш варта ўдакладніць сказанае Макронам. Так, мяркуючы па данясеннях СМІ, была фраза ў Макрона кшталту «санкцыі піхнулі Лукашэнку ў бок Крамля».
Тут адразу заўважым, што сазвоны Лукашэнкі з Пуціным, заява апошняга пра сфармаванне «рэзерваў» для дапамогі беларускаму рэжыму пачалі адбывацца яшчэ да таго, як былі ўведзены якія-кольвечы санкцыі.
Таму тут больш правільным будзе сказаць не што «санкцыі паштурхнулі да Расіі», а, скажам так, «санкцыі прыпячаталі паварот Лукашэнкі да Расіі». Бо да Расіі ён павярнуўся і без санкцый.
Але Макрон сказаў яшчэ нешта. А менавіта: варта аказваць ціск на Лукашэнку і яго атачэнне, але пры гэтым даючы магчымасці выйсця са склаўшайся сітуацыі. Інакш вы замацоўваеце рэжым у працягванні цяперашняга курсу.
З прагматычнага гледзішча заўвага трапная. Калі мэтай ёсць змена паводзінаў, то апрача бізуна мусіць быць абавязкова морква. Канешне, можна ставіць справу інакш: наша мэта — не змяніць паводзіны рэжыму, а прывесці да яго звяржэння.
Што ж, ад сябе заўважу, што санкцыі, як правіла, рэдка самі па сабе прыводзяць да змены рэжыму. Узяўшы ўсё гэта пад увагу, я схільны прызнаць наяўнасць нейкай рацыі ў словах Макрона.
Не поўнай рацыі, бо заява пра тое, што нібыта санкцыі піхнулі ў напрамку Расіі — як мінімум нятрапная. Але тэза пра тое, што варта падумаць пра больш вытанчаны санкцыйны падыход — вось тут можна і прыслухацца.
— Лукашэнка тым часам вінаваціць суседзяў у падрыхтоўцы дзяржперавароту ў Беларусі. А таксама шкадуе, калі кажа пра сённяшнюю вайну, што «мы не вырашылі гэтае пытанне ў 2014-2015 гадах, калі не было ні арміі ва Украіны, ні гатоўнасці».
Наколькі гэта кантрастуе з заявамі Макрона і ці можна казаць пра канчатковае пахаванне міратворчых амбіцый Лукашэнкі?
— Тут маем дачыненне з рыторыкай. Лукашэнкава рыторыка — гэта як тая капуста, якую можна спрабаваць распранаць, здымаць слой за слоем, каб урэшце пераканацца, што нічога ўнутры няма. Так яно ёсць і ў гэтым выпадку. Унутры сапраўды нічога няма, у сэнсе — нічога, што сведчыла б пра ўласную пазіцыю Лукашэнкі.
Заяўляючы пра тое, што нібыта «не вырашылі пытанне ў 2014-2015», Лукашэнка чарговы раз выступае ў ролі інфармацыйнага лёкая Крамля. Гэта яго адна з асноўных задач у часе вайны з Украінай, магчыма, плата за неўступленне ў ваенныя дзеянні супраць Украіны.
Што да міратворчых амбіцый — так, незалежна ад гэтай рыторыкі яны ўжо даўно пахаваны. Але асаблівага кантрасту з заявамі Макрона тут няма, бо выказванні аднаго і другога зроблены на зусім іншых узроўнях.
У аднаго — рыторыка на службе «сюзерэна», у другога — разважанні прагматычнага характару, сфармуляваныя на экспертным форуме.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное