«Рэжым Лукашэнкі праводзіць акупацыйную палітыку генацыду»

Старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк зьвярнуўся з адкрытым лістом да Рады Эўрапейскага Зьвязу.

“Цяпер у Беларусі ўжо другі месяц працягваецца хваля рэпрэсіяў супраць насельніцтва, распачатая рэжымам Лукашэнкі ў дзень выбараў прэзыдэнта 19-га сьнежня 2010 года, -- піша Зянон Пазьняк у ліцьце, поўны тэкст якога зьмешчаны на сайце “Народная партыя”. -- Плян рэпрэсіяў рыхтаваўся задоўга да выбараў. Лукашэнка заручыўся ў гэтым падтрымкай пэўных колаў Расеі і адначасна вёў перамовы пра “прагрэс” дэмакратыі зь міністрамі замежных справаў Эўразьвязу, пагаджаючыся на дэмакратызацыю некаторых бакоў выбарчага працэсу. Кандыдатам ад апазыцыі прадставілі радыё і тэлеэфір, але адначасна, за пяць дзён да выбараў, пачаўся жорсткі і рэпрэсіўны загон выбаршчыкаў на так званае “папярэдняе галасаваньне”. Выбарчыя камісіі былі складзеныя выключна з прадстаўнікоў рэжыму, і ў дзень галасаваньня адбыліся масавыя фальсіфікацыі выбараў. У рэальнасьці Лукашэнка не набраў патрэбную колькасьць галасоў і не перамог на выбарах” – перакананы Зянон Пазьняк.

Нагадваючы пра рэпрэсіі апошніх тыдняў, лідэр КХП-БНФ адзначае: “Хваля рэпрэсіяў, арыштаў, ператрусаў, допытаў і хапаньня людзей па ўсёй Беларусі разьлічана рэжымам на доўгі час і ставіць на мэце ліквідаваць нацыянальныя сілы грамадзянскай супольнасьці. Пастаўлена задача зьнізіць сацыяльную актыўнасьць і разьвіцьцё інтэлектуальных нацыянальна сьвядомых групаў насельніцтва Беларусі, штурхнуць гэтых людзей у стан сацыяльнай дэградацыі, прымусіць займацца выключна выжываньнем і клопатамі аб фізычным існаваньні”.

На думку Зянона Пазьняка, “зьмест і мэтодыка гэтай хвалі перасьледу людзей у Беларусі вынікае з сутнасьці палітыкі антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі, накіраванай на павольнае этнічнае вынішчэньне беларускай нацыі шляхам стварэньня ўмоваў для сацыяльнай дэградацыі і выміраньня пэўных групаў насельніцтва, ліквідацыі асобаў мэтадам рэпрэсіяў і тэрору. Антыдэмакратычная антыбеларуская палітыка, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі, пачалася з 1994 года, адразу пасьля прыходу яго да ўлады пры садзеяньні савецкага КГБ. За гэты час былі спаленыя беларускія падручнікі для школ, практычна, ліквідаваная нацыянальная беларуская школа і адукацыя. Беларусы цяпер адлучаныя ад атрыманьня адукацыі на роднай мове на ўзроўні школы і ўнівэрсытэту. Вернута камуністычная палітыка русыфікацыі. Пратэсты супраць такой палітыкі разглядаюцца рэжымам як антыдзяржаўная дзейнасьць. Поўнасьцю ліквідаванае нацыянальнае беларускае тэлебачаньне і радыё, разбураныя беларускія нацыянальныя грамадзкія і ўрадавыя інстытуты, творчыя саюзы, беларускія выдавецтвы, беларускі друк, паралізаваная беларуская грамадзкая дзейнасьць, фундамэнтальная і гуманітарная навука. Адбылося рэзкае зьніжэньне якасьці адукацыі і адукацыйнага ўзроўню насельніцтва. Практычна, ліквідаваная ўнутраная і зьнешняя дапамога пацярпеламу ад радыяцыі насельніцтву Чарнобыльскай зоны, спынены ільготы і выплаты людзям за страту здароўя, занячышчаныя землі ўведзены рэжымам у сельскагаспадарчае выкарыстаньне, забруджаная радыёнуклідамі прадукцыя ідзе на ўнутраны рынак, а чыстая прадукцыя – на экспарт у Расею. Беларускую моладзь пасьля вучобы разьмяркоўваюць на працу ў радыяцыйныя зоны Чарнобыльскай катастрофы”.

Далей старшыня КХП-БНФ адзначае: “Дзеяньні антыдэмакратычнага, антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, апісаныя мной у гэтым лісьце, падпадаюць пад ацэнку і юрысдыкцыю артыкула №127 (Генацыд) Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, а таксама адпавядаюць міжнародным азначэньням генацыду ў дачыненьні да палітыкі і дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі. Улічваючы аўтарытарны і абсалютны характар улады Лукашэнкі, у Беларусі практычна немагчыма ўзбудзіць супраць яго справу па артыкуле 127 (Генацыд), паколькі прызначэньне і дымісія Генэральнага пракурора, усіх кіраўнікоў юстыцыі і судоў -- залежаць ад самога Лукашэнкі. Фармальна ня можа ўзбудзіць справу і Міжнародны Крымінальны Суд (МКС) у Гаазе, паколькі Рэспубліка Беларусь не падпісала Рымскі Статут і дзяржавай-удзельнікам МКС не зьяўляецца. Вядома, аднак, што хоць МКС не ўваходзіць у афіцыйныя структуры Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў, але, тым ня менш, па прадстаўленьні Рады Бясьпекі ААН можна ўзбуджаць справы і супраць асобаў тых краін, што не зьяўляюцца дзяржавамі-удзельніцамі МКС. Прэцэдэнт такі ўжо быў. Мэханізм існуе”, -- лічыць З. Пазьняк.

Зьвяртаючыся да міністраў краінаў Эўразьвязу, Зянон Пазьняк піша: “прашу разглядзець на паседжаньні Рады Эўрапейскага Зьвязу 31 студзеня гэтага году магчымасьць прыняцьця рашэньня аб звароце ў Раду Бясьпекі ААН на прадмет прадстаўленьня ў Міжнародны Крымінальны Суд прапановы (рэзалюцыі) аб узбуджэньні справы супраць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча па абвінавачваньні – “генацыд”, стварэньня ўмоў для дэградацыі і выміраньня групаў насельніцтва беларусаў і асобных грамадзян. Зьвяртаю ўвагу, што ў сытуацыі, якая існуе, рэальнай магчымасьцю ліквідаваць антынародны рэжым у Беларусі ёсьць арышт узурпатара. У выпадку ўзбуджэньня справы Міжнародным Крымінальным Судом, дні рэжыму будуць палічаныя. Беларусы самы арыштуюць яго і прывязуць у Гаагу”.

Гаворачы пра рэзалюцыю Эўрапарлямэнту ад 20 студзеня, Пазьняк удакладняе, што "Лукашэнка ня меў права балатавацца трэці і чацьверты разы на прэзыдэнта Беларусі (рэфэрэндум 2004 года пра трэці тэрмін Лукашэнкі быў незаконны, сфальшаваны і не прызнаны Міжнароднай супольнасьцю). Таму заклік Эўрапарляманту да новых выбараў у Беларусі мусіў бы быць удакладнены тым, што Лукашэнка не валодае больш законным правам балятавацца на выбарах, выбары мусяць быць бяз Лукашэнкі".

У завяршэньні свайго адкрытага ліста ў Раду Эўрапейскага Зьвязу Зянон Пазьняк адзначае: “Рэжым Лукашэнкі праводзіць антыдэмакратычную, тыпова акупацыйную антыбеларускую палітыку паўзучага генацыду, сьвядома накіраваную супраць культурнага існаваньня беларускай нацыі. Зважаючы на гэта, мы прасілі б не карыстацца тэрмінамі “беларускі рэжым”, “беларуская палітыка”, “беларуская ўлада”, “беларускі лідар” у дачыненьні да Лукашэнкі, тэрмінам “санкцыі супраць Беларусі” і т.п., бо гэта зьневажае пачуцьці дэмакратычных беларусаў і вольных людзей. Гэты рэжым, палітыка, улада і “лідар” – антыбеларускія, гэбоўскія, антынародныя. Вольныя беларусы не называюць гэты чужы рэжым “беларускім”. Мы спадзяемся на дзейныя рашэньні Рады Эўрапейскага Зьвязу ў пытаньні дачыненьняў з антыбеларускім рэжымам і з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі”, -- завяршае свой ліст старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі Зянон Пазьняк.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)