Рэнан Брэсан: «Бацькі сказалі, што будуць любіць мяне і з беларускім пашпартам»
Любімец барысаўскай публікі Рэнан Брэсан распавёў, хто вучыць яго беларускай мове, на што можа разлічваць БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў, і чым бразільскі футбол адрозніваецца ад беларускага.
Даведка
Рэнан Брэсан нарадзіўся ў 1988 у Тубаране (Бразілія). Выступаў за мясцовы «Атлетыка». Ад 2007 у Беларусі. Спачатку гуляў за «Гомель», а ў 2010 перайшоў у БАТЭ. Найлепшы футбаліст і бамбардзір чэмпіянату-2010. Год таму Брэсан атрымаў беларускае грамадзянства. Жанаты, каталік.
У Беларусі было страшна
-- Рэнан, як ты апынуўся ў Беларусі?
-- Выступаў у Бразіліі за клуб з роднага горада. Да нас прыехаў селекцыянер з Украіны. Я адразу спадабаўся яму. На прагляд я паехаў у львоўскія «Карпаты». Але там узніклі праблемы. Урэшце на мяне выйшаў «Гомель».
-- Шок быў ад трапляння ў невядомую краіну?
-- Канечне, быў. Помню адразу па прылёце было тры гадзіны дня, тым не менш, вакол цёмна. Для мяне гэта было вельмі страшна, бо няма такога ў Бразіліі. Але я ведаў, чаго хацеў, таму трымаўся, цярпеў.
-- Ведаў што-небудзь пра Беларусь перад адлётам?
-- Калі шчыра, то нічога. Ведаў толькі пра Аляксандра Глеба, які тады гуляў у «Арсенале».
Сум па пляжы
-- Адкуль ты родам?
-- Горад Тубаран, штат Санта-Катарына. Горад маленькі, менш за 100 тысяч жыхароў. Як Барысаў. Ад мяне 20 хвілін да пляжа. Акіян, шмат турыстаў.
-- Па пляжах не сумуеш?
-- Сумую. Падчас адпачынку на пляжах амаль увесь час. У Беларусі купацца не спрабаваў. Летам мне вельмі падабаецца беларускае надвор’е. Страваў некаторых хоць і не хапае, але ёсць жонка, якая можа гатаваць.
-- Бацькі не прыязджалі ў Беларусь?
-- Не. Былі планы прыехаць на Лігу чэмпіёнаў, але ў таты шмат працы. Ён валодае невялікай фірмай па зборы мэблі. Мама хатняя гаспадыня, але ехаць адна не хоча.
У Бразіліі тэхніка, у Беларусі — тактыка
-- У Гомелі табе падабалася?
-- Я заўсёды з павагай ставіўся да тамтэйшага трэнера Анатоля Юрэвіча. Гэты трэнер давяраў маладым хлопцам. Юрэвіч вучыў мяне футболу, як Драгуна, яшчэ раней Рамашчанку. Ён паказаў мне, як трэба гуляць у Беларусі.
-- Шмат адрозненняў між футболам бразільскім і еўрапейскім?
-- У Бразіліі футбол больш тэхнічны, індывідуальны. Вялікая колькасць футбалістаў, што могуць вырашаць лёс сустрэчы на апошніх хвілінах. Тут такія таксама ёсць, але ў Беларусі больш тактыкі. Часта перамогі атрымліваюцца толькі за кошт трэнерскіх установак.
-- Пераход у БАТЭ быў важнай часткай кар’еры?
-- Гэта найлепшая каманда краіны, якая пастаянна гуляе ў еўракубках. У БАТЭ ўсё бліскуча. Летась столькі ўсяго выйграў і індывідуальна, і камандна. А Ліга чэмпіёнаў — гэта мая мара. Мая мара гуляць за «Барсу», але гуляць супраць яе таксама добра [смяецца].
У зборную Бразіліі не прабіцца
-- А чаму вырашыў атрымаць беларускі пашпарт?
-- Калі ўпершыню прапанавалі, то спалохаўся. Потым палічыў, што ў зборную Бразіліі цяжка прабіцца, там гуляюць вялікія футбалісты. Бацькі сказалі, калі для цябе будзе добра, то чаму не. Сказалі, што ўсё адно будуць мяне любіць [смяецца]. Быць гульцом зборнай — гэта вельмі прэстыжна.
-- Многія хвалююцца, што ты з’едзеш з краіны і не будзеш прыязджаць у зборную.
-- Наадварот. Калі падпішу кантракт з добрым клубам, то ўсім будзе лепш, у тым ліку зборнай. Я магу абяцаць, што заўсёды буду з радасцю адгукацца на выклікі са зборнай.
У БАТЭ ўсе на сваіх месцах
-- У чым феномен БАТЭ?
-- Ёсць Анатоль Анатолевіч Капскі. Усе яго ведаюць, ягоны характар. Таксама ёсць Віктар Ганчарэнка. Яны абодва малайцы. У Капскага заўсёды была мара рабіць вялікі клуб. Усе працуюць на сваіх месцах. Ніхто не замінае іншаму. Калі так працягваць, то БАТЭ можа даходзіць і да чвэрцьфіналаў Лігі чэмпіёнаў.
З адсутнасцю валюты не сутыкаўся
-- Сайты часцей чытаеш беларускія ці бразільскія?
-- Беларускія. У Бразіліі я гляджу толькі сайт свайго горада і футбол. Маё жыццё цяпер тут, таму і чытаю мясцовыя.
-- Палітыкай цікавішся?
-- Не. Не разумею я яе.
-- А што валюты ў краіне няма ведаеш?
-- А хто не ведае? Гляджу ж тэлебачанне. Пакуль што не сутыкаўся з гэтым.
-- З Кежманам пазнаёміўся ўжо?
-- У вельмі добрых стасунках з ім. Ён размаўляе па-іспанску, я таксама крыху. Некалькі дзён трэніраваліся, усё нармальна.
Зямляк Зянона
-- У родным горадзе цябе ўсе ведаюць?
-- Ну, відаць. Калі толькі скончылася лёсаванне, то адразу пачыналі пісаць у фэйсбук. Будуць хварэць за мяне. Чакаюць, калі прыеду ў горад.
-- З Тубарана яшчэ ёсць славутыя футбалісты?
-- Некалі за зборную нават гуляў Зянон. У мяне ў дзяцінстве кумірам быў Рамарыё, бо ён шмат забіваў. Потым любіў Жуніньё Пернамбукана, ён гуляў за мой любімы клуб «Васка да Гама». Цяпер для мяне найлепшы футбаліст Мэсі.
-- З кім сябруеш у Мінску?
-- Ёсць і беларусы сябры, але ў асноўным суайчыннікі з мінскага «Дынама». У вольныя дні можам пайсці некуды пасядзець, у боўлінг пагуляць, більярд.
-- Ты, кажуць, спецыяліст па Рlaystation?
-- Ну так, гуляю. Хаця апошнім часам няма з кім. З Мішам Гардзейчуком у клубе гуляць бессэнсоўна. Прайграю 0:3, 0:5. Міша можа перамагчы з заплюшчанымі вачыма.
Не фанат кавы
-- Каву любіш?
-- Калі шчыра, то не фанат кавы, жонка таксама. Прывозіў хлопцам неяк бразільскай, ім спадабалася. Мне пачка лёгка на год хапае.
-- Беларускія спіртныя напоі спрабаваў?
-- Усё піў. Не вельмі спадабалася, праўда. І гарэлку, і віскі. Магу піць толькі піва і віно. «Аліварыя» някепскае піва.
-- Цябе часта называюць галоўным жартаўніком БАТЭ.
-- Жартуем. Смяюся з Ліхтаровіча і Юрэвіча, што яны дыназаўры, бо самыя старыя ў камандзе. Яны ж мне кажуць, што мне таксама 30 гадоў, а пашпарт я ў Беларусі фальшывы атрымаў.
-- Па-беларуску што-небудзь ведаеш?
-- Цукеркі, бульба, часопіс. Арцём Радзькоў заўсёды мяне вучыць беларускай мове.
Читайте еще
Избранное