Скандалы
Сяргей Гезгала, «Наша Ніва»

Рэктар ЕГУ Полік сыдзе ў адстаўку. Працэс выбару новага рэктара хоча кантраляваць SIDA

В.а. старшыні Кіраўнічай рады Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) Эн Лонсдэйл абвясціла, што прафесар Дэвід Полік сыдзе з пасады рэктара пры канцы лета.

Пры гэтым паведамляецца, што гэта не датэрміновы сыход, а сканчэнне двухгадовага тэрміну «знаходжання ў ЕГУ паводле першапачатковага плану», паведамляецца ў прэс-рэлізе ўніверсітэта.

Рэктар ЕГУ Дэвід Полік (злева) і в.а. Кіраўнічай рады Эн Лонсдэйл. Фота ЕГУ.

Адстаўка супала з публікацыяй справаздачы аб дзейнасці ЕГУ, зробленай міжнароднай кампаніяй Deloitte, у якой гаварылася пра надзвычай высокія заробкі і траты Поліка на пасадзе рэктара. Справаздача магла стаць прычынай ці адной з прычынаў спынення фінансавання ЕГУ Паўночнай радай, хоць сама Рада называе іншыя прычыны.

Cцвярджаецца, што Полік хацеў сысці раней, аднак «па просьбе Выканаўчага камітэта Рады ласкава пагадзіўся працягнуць тэрмін да канца бягучага навучальнага года, каб завяршыць працэс стратэгічнага планавання і распрацоўкі новага блока агульнаўніверсітэцкіх курсаў, а таксама даць магчымасць правесці прафесійны міжнародны пошук новага рэктара. Кіраўнічая рада глыбока ўдзячная праф. Поліку за гатоўнасць пайсці насустрач супольнасці ЕГУ ў такі важны для нас час», — піша Лонсдэйл.

Абранне Поліка выклікала абурэнне многіх выкладчыкаў ЕГУ і пратэсты беларускай грамадзянскай супольнасці. Як адзначалася ў вынікх аўдыту, праведзенага кампаніяй Deloitte, працэдура абрання парушалася, а пераможцам урэшце выйшаў чалавек, які не ведае ні расейскай, ні беларускай моваў і ніколі не працаваў з Беларусі ані ў рэгіёне.

Пры гэтым Поліку была вызначаная гіганцкая зарплата плюс выплаты.

Дагэтуль няясна, ці было абранне Поліка ідэяй прафесара Міхайлава, доўгатэрміновага рэктара ЕГУ, які перайшоў на пасаду прэзідэнта, ці Кіраўнічай рады.

Некаторыя назіральнікі выказвалі меркаванне, што прыход Поліка меў на мэце стварыць апраўданне для падвышэння заробкаў адміністрацыі ЕГУ. Іншыя тлумачылі кандыдатуру Поліка ягонымі асабістымі сувязямі з членамі Кіраўнічай рады. Алею ў агонь падліў каардынатар выпускнікоў ЕГУ Серж Харытонаў, які выявіў, што Полік давёў да банкруцтва папярэдні каледж, які ўзначальваў, пры гэтым яго і там абвінавачвалі ў празмерных заробках.

Эн Лонсдэйл у сваёй заяве піша: «Для нас — Кіраўнічай рады — заўжды было відавочна, што праф. Полік меў намер працаваць тут толькі два гады. Я таксама вельмі ўдзячная за тое, што ён пагадзіўся застацца на больш доўгі тэрмін, пакуль не пачне работу новы рэктар. Мы ўсклалі на яго цяжкія абавязкі: стварэнне і рэалізацыю стратэгічнага плана, поруч са значным скарачэннем універсітэта ў адказ на зніжэнне колькасці студэнтаў у рэгіёне і неабходнасцю падвысіць эфектыўнасць выдаткаў. Гэта надзвычай складаная кіраўнічая задача, але дзякуючы яго бліскучаму акадэмічнаму кіраванню і актыўнай падтрымцы з боку калег па ЕГУ яна набліжаецца да завяршэння і будзе завершаная да яго сыходу ўлетку 2016 г. Мы неймаверна ўдзячныя Дэвіду за яго нястомную працу на карысць універсітэта. Мы жадаем яму ўсяго самага найлепшага ў яго новых пачынаннях».

У прэс-рэлізе ЕГУ адзначаецца, што Полік за час свайго знаходжання на пасадзе «ажыццявіў наступныя задачы, якія былі яму даручаныя Кіраўнічай радай:

прывядзенне ўніверсітэта ў адпаведнасць з працоўным заканадаўствам Літвы;

паспяховая пераакрэдытацыя ўніверсітэта;

перапрацоўка Статута ўніверсітэта;

новая партыцыпатарная структура кіравання;

рэструктурызацыя кіраўніцтва;

новы партыцыпатарны бюджэтны працэс;

аўтсорсінг IT-паслуг;

бюджэтныя скарачэнні звыш 25% аперацый;

удзел у пяці аўдытах універсітэцкіх фінансаў і працэдур».

У прэс-рэлізе адзначаецца, што будзе праведзены адкрыты міжнародны пошук новага рэктара і што «Шведскае агенцтва міжнароднага развіцця (SIDA) будзе граць важную ролю ў працэсе прыняцця гэтых рашэнняў. Яны патрабуюць, каб мы скарысталіся паслугамі пошукавай фірмы, якую яны самі прызначаць.

Пошук распачнецца напрыканцы мая і, як мы спадзяёмся, завершыцца адборам кандыдата-фіналіста Кіраўнічай радай ЕГУ ў верасні 2016 года, каб новы Рэктар мог распачаць працу ўжо ў пачатку наступнага навучальнага года».

Галоўнай праблемай ЕГУ стала зніжэнне колькасці студэнтаў. На сёння там на вочнай форме навучаецца ўсяго каля 500 чалавек — менш, чым на сярэднім факультэце беларускай ВНУ.

Агульная колькасць студэнтаў ЕГУ паменшала за апошнія шэсць гадоў з 1965 да 1050.

Колькасць выкладчыкаў за гэты ж час паменшала з прыкладна 250 да 170.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)