Политика
Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»

Разам з Лукашэнкам капалі бульбу, сустракалі Дэпард’ё і Сігала

Пяць фактаў пра новага памочніка прэзідэнта Мікалая Корбута.

Кіраўнік краіны вызваліў Мікалая Корбута з пасады памочніка прэзідэнта па Мінскай вобласці і прызначыў кіраўніком канцылярыі. Гэта пасада была вакантнай больш за год пасля адстаўкі Аляксандра Радзькова ў маі 2015 года. Начальнік канцылярыі мае фактычна штодзённы доступ да кіраўніка краіны. Хто ж гэты чалавек, які заняў такую ключавую пасаду?

Абслугоўваў дыпламатаў

Нарадзіўся Мікалай Корбут у 1963 годзе ў вёсцы Ужа Капыльскага раёна, гэта недалёка ад мястэчка Грозава, дзе праходзілі баявыя дзеянні падчас Слуцкага паўстання 1920 года.

Корбут вышэйшую адукацыю атрымаў у наргасе. Гэты чалавек правераны. 18 гадоў ён адпрацаваў у Кіраўніцтве справаў прэзідэнта. Спачатку ўзначальваў «Дыпсервіс» — арганізацыю, якая займаецца абслугоўваннем дыпламатычнага корпуса і афіцыйных дэлегацый. Акрамя таго, у абавязкі ўстановы таксама ўваходзіць матэрыяльна-тэхнічнае і сацыяльна-бытавое забеспячэнне дзейнасці вышэйшых службовых асобаў. У 2001 ён стаў першым намеснікам кіраўніка справамі. А ў 2009 сам узначаліў гэтае ведамства.

«Для вас важная сумленнасць і прыстойнасць у працы. Вас абавязвае да гэтага сама шыльда вашага ведамства — Кіраўніцтва справаў прэзідэнта. Калі ў вас нейкі пралік — адразу кідаецца цень на прэзідэнта», — казаў Лукашэнка, прызначаючы Корбута.

Загадчык вялізнай бізнэс-імперыі

Кіраўнікоў справаў прэзідэнта інакш называюць прэзідэнцкімі «заўгаспамі». На гэтай пасадзе за часы кіравання Лукашэнкі былі розныя людзі. Напрыклад, першым быў Іван Ціцянкоў. Той самы, які рваў бел-чырвона-белы сцяг пасля рэферэндуму аб змене сімволікі, а пасля ўцёк у Расію. Ад 2001 да 2004 упраўляючай была Галіна Жураўкова, якую арыштавалі за раскраданні, але кіраўнік дзяржавы яе памілаваў. Цяпер узначальвае ведамства сумнавядомы Віктар Шэйман, а памочніцай у яго «хаацічэская» Надзея Каткавец.

Кіраўніцтва справамі прэзідэнта — гэта вялізная бізнэс-імперыя, якая ўключае ў сябе латарэі, офісы, кавярні, нават нацыянальныя паркі, санаторыі, як у Беларусі, так і за мяжой, гатэлямі. Таму і пасада ўпраўляючага вельмі адказная.

Публічную незадаволенасцю працай Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Лукашэнка выказваў аднойчы. Калі сталі вядомыя факты існавання бардэля ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі», а таксама злоўжыванні падчас паляванняў там жа. Корбуту загадалі «жастачайша» з гэтым разабрацца.

Пагроза крымінальнай справы

Сыходзіў з пасады кіраўнікам справамі прэзідэнта Мікалай Корбут са скандалам. Некаторыя СМІ паведамлялі, што чыноўнік змешчаны пад хатні арышт. Нібыта Корбута абвінавачвалі ў масавых парушэннях падчас будаўніцтва беларускіх аб’ектах у Сочы. Праходзіла нават інфармацыя, што намеснік Корбута Анатоль Дазораў спрабаваў ускрыць сабе вены проста ў працоўным кабінеце.

 «Наша Ніва» дазванілася да Корбута ў тыя дні, але ён рашуча адмовіўся каментаваць чуткі пра крымінальную справу супраць яго.

У тым, што дыму без агню не бывае ўскосна сведчыць той факт, што ў выніку за кратамі аказаліся толькі расійскія бізнэсоўцы, якія займаліся будаўніцтвам беларускіх аб’ектаў у Сочы, як Георгій Саракашыш. Сам Корбут пазбег крымінальнай адказнасці, а праз нейкі час быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі па Мінскай вобласці.

Асабліва набліжаны да Лукашэнкі

Мікалай Корбут першы злева.

Тое, што Корбут апошнім часам стаў асабліва набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі сведчыць той факт, што гэта адзіны чыноўнік, які з’яўляецца ў кадрах падчас нефармальных мерапрыемстваў з удзелам кіраўніка краіны. Менавіта Корбут быў адным з тых, хто вучыў касіць сена знакамітага французскага акцёра Жырара Дэпард’ё, разам з Лукашэнкам Корбут збіраў у Драздах бульбу і кавуны. Там былі бізнэсоўцы, спартоўцы, але болей ніводнага чыноўніка. Прысутнічаў ён і падчас нядаўняй вячэры Аляксандра Лукашэнкі з акцёрам Стывенам Сігалам.

Корбут мае свой дом у Драздах — самых прэстыжным раёне беларускай сталіцы.

Сярод чыноўнікаў быў яшчэ адзін Мікалай Корбут

Мікалай Корбут — гэта ўжо другі чалавек з такім імем у найвышэйшых эшалонах улады. Ад 1997 да 2008 міністрам фінансаў быў Мікалай Пятровіч Корбут, працаваў да той пары, пакуль не разбіў інсульт. Мікалай Мікалаевіч Корбут усяго толькі поўны цёзка былога міністра, хоць і паходзяць яны з аднаго слуцка-капыльскага рэгіёна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)