Общество
Ігар Карней, Радыё Свабода

Раўбічы: Вясковы мільярдэр з вуліцы «Земляничной» (1-я частка)

Вёска Раўбічы за 20 кілямэтраў ад Менску стала сынонімам ня толькі посьпехаў беларускага біятлёну ды надзвычайнай канцэнтрацыі элітнай забудовы. Сёньня яна набывае яшчэ адну характэрную асаблівасьць: тут усё часьцей можна сустрэць асобаў з разнастайных «чорных сьпісаў».

Навабуд у стылі мільярдэра Пефціева

Пасьля некалькіх гадоў інтэнсіўнай будоўлі, якую курыравала каманда спэцыялістаў з Латвіі, засяліўся ў свае хайтэкаўскія апартамэнты мільярдэр Уладзімер Пефціеў. На вуліцы «Земляничная» прылеплены да лесу навабуд у стылі «архітэктурнага хаосу» значыцца пад № 1. І ён сапраўды першы — з гледзішча як маштабнасьці праекту, так і фінансавых магчымасьцяў гаспадара.

Застаецца загадкай, чым выкліканая цікавасьць самага заможнага грамадзяніна Беларусі менавіта да Раўбічаў? У вёсцы няма нават мінімальнай інфраструктуры: сельпо са стандартным наборам харчоў, сумнеўнай чысьціні азёрны пляж, не найлепшыя шляхі пад’езду. З праяваў цывілізацыі — хіба вучэбны цэнтар Нацыянальнага банку насупраць.

Шкляная агароджа перад фасадам басэйна

Тым ня меней, як сьцьвярджаюць тутэйшыя, упершыню алігарх усё лета правёў пасярод бярозак, якіх яму, верагодна, не хапала ў пустэльні Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Менавіта там, у даччыных структурах свайго збройнага бізнэсу, алігарх правёў нямала часу пасьля таго, як за фінансаваньне рэжыму Лукашэнкі яго зрабілі неўязным у Эўразьвяз, а тамтэйшыя рахункі замарозілі. Толькі пасьля судовай рэабілітацыі пры канцы мінулага году ён змог вярнуцца на ўсясьветны рынак ваенных тэхналёгіяў.

За адносна кароткі час на ўскрайку Раўбічаў вырас дом незвычайнай формы, а сёлета скончылася і яго ўнутранае аздабленьне. Зрабілі парадак і на ўнутранай тэрыторыі, высадзілі дэкаратыўную расьліннасьць, з тыльнага боку будынку праклалі аўтаномную дарогу.

Вокны зь відам на дарогу наглуха заштораныя

Знаўцы цьвердзяць: агульная плошча дома, мяркуючы па парамэтрах, перавышае 2 тысячы квадратных мэтраў. Толькі пустую «каробку» экспэрты кадастравага агенцтва ацанілі ў 6 мільёнаў даляраў, а канчатковы кошт новабудоўлі наўрад ці магчыма прыкінуць нават прыблізна.

Адзін з будаўнікоў, які працаваў на фінішным этапе, сьцьвярджае: дом літаральна нашпігаваны раскошай. Элемэнты дэкору і інтэр’еру, эксклюзіўная мэбля, сантэхніка замаўляліся за мяжой, найперш у Італіі. Практычна ўсё — ручной работы і ў адзінкавым экзэмпляры, кошт кожнага прадмета ў камплекце — у сярэднім 20 тысяч эўра. Працаёмістасьць нярэдка тармазіла працэс: час ад замовы да мантажу, здаралася, расьцягваўся да году.

Як бальшыня заможных людзей, спадар Пефціеў любіць пацешыць сябе дарагімі «бразготкамі» — у пакоях мноства прадметаў антыкварыяту. Як кажа суразмоўца, апошняе захапленьне гаспадара — рарытэтныя друкавальныя машынкі розных часоў. Акрамя таго, спартовая заля, басэйн, ліфты, зімовы сад, бібліятэка ў шкляной вежы, дамок для гасьцей і чэлядзі, празрыстая агароджа, кругласуткавая ахова, прэміяльны спорткар і наварочаны байк — усё, што можа сабе дазволіць «звычайны мільярдэр». Тым больш — адзіны на ўсю краіну (прынамсі афіцыйна).

Царкоўнае ўганараваньне мэцэната Пефціева, фота turov.by

Апошнім часам Уладзімера Пефціева заўважаюць на імпрэзах Рускай праваслаўнай царквы, дзе ў белай кашулі і з доўгімі сівымі валасамі ён нешта старанна замольвае. Яго нярэдка згадваюць як мэцэната пры асьвячэньні чарговага храма ці капліцы. А царква сьпяшаецца аддзячыць за гэта сваімі ўзнагародамі.

З удзячнасьцю за «Айчынную вайну-1812»

Апошні раз бізнэсовец быў уганараваны сёлета ў траўні падчас адкрыцьця Нікольскай царквы ў вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёну. У 2012-м алігарх спрычыніўся да зьяўленьня блізу Вілейкі помніка тым, хто загінуў у «Айчыннай вайне 1812 году». Пра гэта сьведчыць гранітная пліта з пайменным пералікам спонсараў і аўтараў праекту мэмарыяльнага крыжа.

Вясковы мільярдэр з вуліцы «Земляничной»

Заходнікі без ваганьняў называюць Уладзімера Пефціева «кашальком сям’і Лукашэнкаў». Асноўны капітал Пефціеў нажыў на збройных кантрактах кампаніі «Белтэхэкспарт» — найбуйнейшага апэратара паставак за мяжу вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі. У чэрвені 2011 году ён першы зь беларускіх бізнэсоўцаў трапіў пад эўрапейскія санкцыі. Уезд у Эўразьвяз яму забаранілі, а актывы вядучых фірмаў замарозілі. У «чорным сьпісе» Эўразьвязу алігарх фігураваў як галоўны эканамічны дарадца Лукашэнкі і ключавы спонсар рэжыму.

Новыя элемэнты ў аздабленьні жытла

У сьнежні 2014-га суд Эўрапейскага Зьвязу, куды пакрыўджаны бізнэсовец зьвярнуўся з пазовам на вэрдыкт афіцыйнага Брусэля, пастанавіў выключыць Пефціева з санкцыйнага сьпісу. Суд вырашыў, што ў Эўразьвязу не было дастатковых падставаў, каб падазраваць мільярдэра ў фінансаваньні цяперашняга рэжыму ды ставіць яго ў адзін шэраг зь вінаватымі ў жорсткім здушэньні выступу апазыцыі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Адпаведна, візавыя і эканамічныя санкцыі супраць Пефціева прызнаныя несапраўднымі. Апраўданы прадпрымальнік найбуйнейшага ў Беларусі калібру вярнуўся да звыклага ладу жыцьця.

Так пляцоўка выглядала яшчэ год таму

Пефціеўскія актывы ўкладзеныя ў разнапрофільныя кампаніі: «БТ Тэлекамунікацыі» (інавацыі, будаўніцтва, фінансавы лізінг), «Дзелавая сетка» (інтэрнэт-правайдэр), «Спорт-пары» (лятарэйны бізнэс), завод «Аквадзіў» у Маліноўшчыне Маладэчанскага раёну (вытворчасьць лікёра-гарэлачных напояў). Апроч таго, Пефціеў — акцыянэр «Белзьнешэканомбанку» і «Прыёрбанку», інвэстар у Аршанскі авіярамонтны завод, стратэгічны партнэр у будоўлі заводу комплексных угнаеньняў у Катары. Значыўся ён і як інвэстыцыйны агент пры правядзеньні хакейнага чэмпіянату сьвету-2014, сябра Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі.

Уладзімер Пефціеў, архіўнае фота

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)