Филин

Марк Дзюба

«Раскол толькі паглыбляецца». Аналітык – пра заклік Бяляцкага «спыніць грамадзянскую вайну»

Аналітык «Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў» Вадзім Мажэйка – пра апошняе слова Алеся Бяляцкага ў судзе, у якім ён заклікаў «спыніць гэтую грамадзянскую вайну».

Алесь Бяляцкі на судзе

– Адна з думак Бяляцкага: «трэба прызнаць, што грамадства і людзі ў краіне моцна падзеленыя біялагічна, каштоўнасна, ментальна», але гэты падзел не фатальны, «з ім і грамадства, і дзяржава могуць жыць». Што вы думаеце на гэты конт?   

– Сапраўды падзел у беларускім грамадстве ёсць, хаця падзел сам па сабе – гэта нармальна, гэта частка разнастайнасці, аднолькава людзі думаюць толькі пры таталітарызме. На жаль, падзел у беларускім грамадстве ў апошнія гады толькі ўзмацняецца.

Розныя палітычныя бакі ўсё менш гатовыя прымаць адзін аднаго, суіснаваць разам.

Асноўная віна тут ляжыць на рэжыме, які настолькі не гатовы да суіснавання разам з апанентамі, што саджае іх у турмы альбо выціскае з краіны. Раскол толькі паглыбляецца.

У цэлым адзначу гэтую прамову Бяляцкага, бо за апошнія гады з таго, што я бачыў, ён стаў ледзь не адзіным грамадскім дзеячам, які паставіў пытанні пра нармалізацыю не толькі праз перамогу адной сілы, а праз інклюзіўны дыялог і пошукі кансэснсуса, як бы гэта нi было цяжка.

Статус Бяляцкага як лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру надае гэтым словам дадатковай вагі.

Хаця кантэкст гэтай прамовы сумны: Бяляцкі сказаў усё гэта на судзе і ў бліжэйшай будучыні працягам прамовы стане не той дыялог, пра які сказаў праваабаронца, а прысуд яму і яго доўгае знаходжанне за кратамі. І гэта адказ на пытанне, ці ёсць ва ўлады гатоўнасць шукаць кансэнсус з грамадствам. 

– На думку Бяляцкага, без нацыянальнана прымірэння Беларусь чакае  няспынны грамадска-палітычны, сацыяльны, эканамічны крызісы, масавая міграцыя і страта суверэнітэту. На яго думку, найперш уладам трэба праявіць мудрасць і дальнабачнасць. Як вы лічыце, што перашкаджае рэжыму гэта зрабіць?

– Перашкаджае псіхалагічная траўма Лукашэнкі ад падзей 2020 года. І страх, што пратэст можа паўтарыцца і ён можа быць яшчэ больш мацнейшым. Страх перад тым, что пратэст можа стаць гвалтоўным. Адсюль, дарэчы, страх лукашэнкаўцаў перад невялікімі сіламі каліноўцаў ва Украіне.

Таму нават такія ініцыятывы па прымірэнні, як «круглы стол» Васкрасенскага, ідэя пра амністыю палітзняволеных ці стварэнне камісіі па вяртанні людзей з-за мяжы, на справе атрымліваюцца ініцыятывамі не пра прымірэнне, а пра працяг рэпрэсій і ціску.

Пакуль не бачна, як гэта псіхалагічная траўма можа прайсці ці як яе выправіць.

– Нобелеўскаму лаўрэату пагражае 12 гадоў калоніі за праваабарончую дзейнасць. Чаму беларускія ўлады не баяцца рэакцыі ў свеце на прысуд? Навіна пра яго, верагодна, з’явіцца нават у тых краінах, дзе пра Беларусь мала што ведаюць – нашто ўладам яшчэ больш пагаршаць свой імідж?

Вадзiм Мажэйка

– Тое, што для Бяляцкага і яго калег абвінавачванне запрасіла драконаўскія тэрміны, і што ўлады гатовыя стаць фактычна адзіным рэжымам у свеце, які судзіць лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, выглядае, па-першае, дыманстратыўным крокам. Гэта сігнал: рэпрэсіі ўнутры краіны не спыняцца, што б свет нi зрабіў, якую б Нобелеўскую прэмію нi даваў.

Па-другое, гэта дэманструе адрыў беларускага рэжыма ад сусветнага кантэксту. Улады быццам бы не разумеюць, наколькі дрэнна і правакацыйна выглядае прысуд Бяляцкаму. Наколькі гэта даступна патлумачыць астатнім краінам сутнасць беларускага рэжыму.

Мяркую, улады не ўяўляюць якімі будуць усе іміджавыя наступствы для іх. Зрэшты, зараз наўрадці ў сістэме думаюць пра імідж Лукашэнкі на Захадзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(22)