БНР-100
Сямён Печанко

«Расія, як той бандыт, аддала панічу-немцу дзяўчыну-Беларусь у заклад»

У Мінску прэзентавалі кнігі «Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы і «Дарога» Івонкі Сурвілы.

«Бібліятэкар Свабоды» Аляксандр Лукашук

20 сакавіка ў Мінску ў «культурным інкубатары» «Ок-16» прэзентавалi дзве кнігі з серыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе», прысвечаныя Беларускай Народнай Рэспубліцы — «Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы і кнігe ўспамінаў Івонкі Сурвілы «Дарога».

На прэзентацыю сабралася поўная зала. Прысутнічалі гісторыкі, грамадскія дзеячы, пісьменнікі, журналісты і палітолагі. У якасці ганоровага госця быў пасол Чэхіі Мілан Экерт. Сярод выступоўцаў былі гісторык Наталля Гардзіенка, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, выдавец і журналіст Сяргей Дубавец, мовазнаўца Вінцук Вячорка, пісьменнік Уладзімір Арлоў ды іншыя.

Вітальнае слова дзейснай старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы

У сваім відэазвароце Івонка Сурвіла падкрэсліла, што сёлета мы адзначаем не толькі юбілей Беларускай Народнай Рэспублікі, але і стагоддзе змагання за здзяйсненне яе ідэалаў.

— Пра сябе толькі скажу, што адзначаю 25 Сакавіка ўжо 70-ы раз. Дзякуй вам і вітаю са стагоддзем!

Аўтар «Падарожжа ў БНР» Сяргей Шупа

Сяргей Шупа ў сваім выступе падкрэсліў, што ягоную кнігу не варта лічыць навуковай працай, а таму студэнтам трэба ўспрымаць яе ў якасці апрашэння да вывучэння першакрыніцаў.

— Не хачу патэнцыйнага чытача пакрыўдзіць, для мяне гэтае вызначэнне выглядае крыўдным. Гэта гісторыя БНР для чайнікаў.

Частку выступу аўтар кнігі прысвяціў міфам вакол гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Ці адбылася яна як дзяржава, ці была марыянеткай Германіі?

Гісторык Наталля Гардзіенка

— Можна павесці такую аналогію. Нейкі бандыт вінаваты панічу заходняму кучу грошай. Гэта як Берасцейскі мір выглядае. І сёння ў яго гэтых грошай няма, трэба абрабаваць пару хатаў, краму... Але, каб гэты паніч пацярпеў крышку, ён дае яму сялянскую дзеўку: «Вось, пакарыстайся ёй!» Наіўнай такой, прыгожай, шчырай. І той паніч ёй карыстаецца. І гэта заклад за тое, што той бандыт аддасць грошы, — працягваў аналогію Сяргей Шупа.

— Расія мусіла выплаціць вялікую кантрыбуцыю. І як заклад, што яны тую кантыбуцыю выплацяць, дазволілі немцам на гэты час патрымаць гэтую тэрыторыю і рабіць з ёй, што захочаш. І немцы рабавалі — забіралі ўсё, што тут расло, хадзіла, мычала. І Расія гэта дазволіла. І вось гэтыя людзі, гэтыя палітычныя сутэнёры і іх духоўныя нашчадкі ўспамінаюць усе гэтыя тэлеграмы кайзеру. Сто гадоў у іх гэтая шарманка. Яны маюць маральную смеласць закідаць той вясковай дзеўцы, што яна наважылася ў паніча свабоды прасіць!

Цалкам імпрэзу можна пабачыць на відэа Радыё Свабода:

«Падарожжа ў БНР». Сяргей Шупа

Кніга выйшла ў 2018 годзе ў серыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе». Рэдактар Аляксандр Лукашук, мастацкае афармленне Генадзь Мацур, карэктар Вінцук Вячорка.

«Дарога. Стоўпцы — Капэнгагэн — Парыж — Мадрыд — Варшава — Менск». Івонка Сурвіла

Кніга выйшла ў 2018 годзе ў серыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе». Выданне другое, дапоўненае. Рэдактар і ўкладальнік Сяргей Навумчык, мастак Генадзь Мацур, карэктар Галіна Рабянкова.

Бліжэйшая прэзентацыя: 23 сакавіка Гродна, этнакрама «Цудоўня», вул. Кірава, 3. Пачатак ў 18.30.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)