Комментарии
Аляксандр Класкоўскі, «Народная воля»

Расія ў яме

Карупцыя, сыравінная эканоміка, няякасныя дэмакратычныя інстытуты і слабая грамадзянская супольнасць — вось партрэт сучаснай Расіі. І намаляваў яго не радыкальны апазіцыянер, а сам прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў.

Сенсацыйны артыкул, надрукаваны 10 верасня на яго афіцыйным сайце, азначае адно: прыехалі, далей ужо няма куды! І гэты меседж наўпрост тычыцца нас, беларусаў.

Шэраг гадоў айчынная ўлада педалявала “братнюю інтэграцыю”. Аж пакуль не падвяла Беларусь да мяжы страты суверэнітэту. Калі Масква стала выкручваць рукі, патрабуючы ласыя кавалкі ўласнасці, тутэйшаму начальству стала нарэшце зразумела, што справы дрэнь. І давялося шукаць паразумення з “гнілым Захадам”.

Апошні, дарэчы, ратуе сёння беларускія фінансы ад краху, даючы крэдытныя грошы праз МВФ. Прычым пад меншы працэнт, чым Масква. Тая ж заціснула абяцаную траншу, абставіўшы яе выдачу, як прызнаўся Лукашэнка, патрабаваннем прызнаць Абхазію з Паўднёвай Асеціяй.

Чаму, спытаецеся, Мінску так выкручваюць рукі ў гэтым пытанні? Ды таму, што такое прызнанне рэзка сапсуе дачыненні з Еўропай. І тады Беларусь апынецца прыпёртай да сценкі.

Бязлітасны артыкул Мядзведзева — гэта, канечне, учынак. Але падкрэслю тры моманты.

Па-першае, сёння Расіяй кіруе дуумвірат, і гэты піяраўскі ход гаспадара Крамля можа быць прадыктаваны ў значнай ступені саперніцтвам яго групоўкі з пуцінскай. Не ўпэўнены, што зыход двубою будзе на карысць Расіі, а не асобна ўзятага клану.

Па-другое, калі ўявіць цуд — мадэрнізаваную Расію, дык на яе рынку не стане чаго рабіць нашым вытворцам, што ўсімі праўдамі і няпраўдамі прапіхваюць туды маральна састарэлы тавар. Прагрэсіўная, ачышчаная ад карупцыі Расія не стане ладзіць нафтавых афшораў ды іншых мутных гешэфтаў з Беларуссю. Айчынная мадэль наркатычнай эканомікі, эканамічных прэферэнцый у абмен на прарасійскі курс канчаткова збанкрутуе. Утрымацца на плыву нам дапамогуць толькі ўласныя гаспадарчыя рэформы ды заходнія інвестыцыі, і чым хутчэй, тым лепей. Таму наш эканамічны паратунак — у Еўропе.

Па-трэцяе, і гэта галоўнае, паставіць дыягназ — яшчэ не азначае вылечыць. Расію ўжо не аднойчы спрабавалі вырваць з векавой адсталасці, мадэрнізаваць — і цары, і бальшавікі, але канчалася вялікім абломам, а то і вялікай крывёю. І ў найноўшы час пасля супярэчлівай эпохі Ельцына ўсталяваўся пуцінскі застой з элементамі загнівання. У прыватных размовах ад інтэлектуалаў суседняй краіны я не аднойчы чуў горкую выснову: менавіта карупцыя — тое зло, што знішчыць Расію.

Шчыра хацелася б поспеху рэформам Мядзведзева. Але, кладучы руку на сэрца, у цуд слаба верыцца. Сам гаспадар Крамля прадракае, што “нашай працы будуць спрабаваць перашкаджаць. Уплывовыя групы прадажных чыноўнікаў і “прадпрымальнікаў”, якія нічога не прадпрымаюць. Яны добра ўладкаваліся... Яны збіраюцца да сканчэння веку выціскаць даходы з рэштак савецкай прамысловасці ды разбазарваць прыродныя багацці...”. Ці вялікія шанцы, што гэта не фатальны прагноз?

Сёння, паводле меркавання расійскіх жа экспертаў, краіна тэхналагічна развальваецца. Гэта яскрава засведчыла жнівеньская катастрофа на Саяна-Шушанскай ГЭС. Рэсурс савецкага абсталявання вычарпаны, а шалёныя нафтадолары мінулых гадоў пайшлі па вялікім рахунку не на інавацыі, а на ўзбагачэнне купкі ўладных ды прыўладных алігархаў. Народ гэтай краіны, таленавіты, шчыры і смелы, стагоддзямі застаецца ў беднасці ды скарыстоўваецца як гарматнае мяса дзеля імперскіх амбіцый.

Дарэчы, што да імперскай спадчыны: шматэтнічная і слабакіраваная Расія можа распаўзціся, як лапікавая коўдра. Масква фактычна ўжо страціла кантроль над Каўказам, там дэ-факта палае вайна.

Доўгі гістарычны досвед падказвае беларусам: варта разумна дыстанцыравацца ад краіны перманентных сацыяльных, этнічных, тэхнагенных ды іншых катастроф.

Ніхто не заклікае да канфрантацыі з Расіяй. Проста ў нас розныя гістарычныя шляхі. Для кампактнай Беларусі з векавымі традыцыямі еўрапейскай ментальнасці самы лагічны і натуральны напрамак — уліцца ў сям’ю дэмакратый Старога Свету.

Расіі ж застаецца пажадаць шчаслівай дарогі ў святле заклікаў Мядзведзева. Гэта еўразійская краіна, якую “аршином общим не измерить”, так ці іначай мусіць рухацца сваім адмысловым пакутлівым шляхам. Яна элементарна не ўлазіць у Еўропу паводле фармату, не кажучы пра астатняе.

І тут мы падыходзім да пытання пра намер асобных апазіцыйных лідэраў паказаць сябе перад прэзідэнцкімі выбарамі лепшымі інтэгратарамі, чым Лукашэнка. Мы, маўляў, удыхнём новае жыццё ў братні саюз.

Гэта або палітычная слепата, або цынізм. Адзіны варыянт, які адпавядае інтарэсам Беларусі, — класічныя міждзяржаўныя стасункі, без гульняў у саюзную дзяржаву. Гульні могуць скончыцца толькі далучэннем да вялікай хворай краіны з “ганебнай сыравіннай залежнасцю” ды “хранічнай карупцыяй”. З эканомікай, што “ў значнай ступені ігнаруе патрэбы чалавека”. З краінай, дзе “грамадзянская супольнасць слабая, узровень самаарганізацыі ды самакіравання невысокія”. Гэта ўсё цытаты з Мядзведзева.

І палітыкам, і звычайным беларусам варта зрабіць спакойныя і цвярозыя высновы з бязлітаснага дыягназу, пастаўленага расійскім кіраўніком уласнай краіне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)