В мире

Максім Маханькоў, Наша Ніва

«Расія ператвараецца з расійскай дзяржавы ў рускую»

Часта, калі кажуць пра расійскі фактар і ўплыў Расіі на наш рэгіён, Расію малююць як такую разнародную раз'яднаную федэрацыю, адкуль вось-вось і пачнуць разбягацца карэнныя нярускія народы. На жаль, гэта зусім не так.

Сучасная Расія (з 1991 года) змагла зрабіць тое, чаго не ўдавалася зрабіць нават Расійскай імперыі і СССР — яна дабілася ашаламляльных поспехаў у плане русіфікацыі карэнных народаў. Раней я наіўна думаў, што гэтая русіфікацыя адбываецца толькі з фіна-ўгорскімі народамі, а вось ў мусульманскіх народаў Паволжа і Каўказа ўсё больш-менш нармальна і з дэмаграфіяй, і з этнічнай самасвядомасцю, і з мовай. Але нічога падобнага. Русіфікацыя моцна падкасіла і іх. Вось толькі некалькі лічбаў.

Башкартастан. Калі ўзяць 2 апошнія перапісы насельніцтва Расіі, з 2002 па 2010 гады колькасць башкір, якія валодаюць башкірскай мовай, скарацілася на 227 тысяч чалавек (з 1,37 млн да 1,15 млн).

Усяго башкір налічылі 1,67 млн, гэта значыць паўмільёна башкір не валодаюць сваёй роднай мовай ні на якім узроўні, нават мінімальным.

Інгушэція. За 8 гадоў колькасць людзей, якія гавораць па-інгушску, скарацілася на 100 тысяч чалавек. А гэта ажно 20% ад усіх інгушоў.

І гэта пры тым, што за гэты ж перыяд колькасць інгушоў павялічылася больш чым на 30 тысяч чалавек.

Чачня. Нават там, нягледзячы на добрую дэмаграфію, моцную самасвядомасць і спецыфічны паўаўтаномны статус у складзе Расіі, сітуацыя цяжкая. За 8 гадоў колькасць чачэнцаў, якія не гавораць па-чачэнску, павялічылася з 30 тысяч да 80 тысяч.

І хай вас не збівае з панталыку Рамзан Кадыраў, які з цяжкасцю гаворыць па-руску. Чачэнцы кажуць, што ён і па-чачэнску гаворыць не лепш.

У рэальнасці, мяркую, лічбы яшчэ горшыя. Па-першае, лічбы апошнія ёсць толькі за 2010 год, мяркую, у 2020 сітуацыя толькі пагоршала. Па-другое, гэта лічбы з перапісаў. А на перапісах людзі могуць гаварыць, што валодаюць нейкай мовай, выключна з салідарнасці. Ды і ўзровень валодання мовай ніяк не правяраецца. Нават калі чалавек можа сказаць толькі некалькі слоў, гэта фармальна можа лічыцца валоданнем мовы.

Калі такія праблемы нават у мусульманскіх народаў, уявіце, якая цемра і бязвыхаднасць у няшчасных фіна-вуграў і паўночных народаў.

Расія паступова ператвараецца з расійскай дзяржаву ў рускую. І гэта факт, з якім нам трэба неяк жыць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.4(34)