«Раней як страшылі дзяцей? Ня будзеш вучыцца — пойдзеш у дворнікі. А цяпер і дворнікам уладкавацца ў радасьць»

Праца на сьвежым паветры, фізычная, за два з паловай мільёны, процьма кантралёраў — выгады дворнічых ад штодзённага прыбіраньня гарадоў. Зь якім настроем гэтыя жанчыны сустракаюць Міжнародны жаночы дзень, на што наракаюць і спадзяюцца? Карэспандэнт Свабоды пагутарыў з магілёўскімі дворнічыхамі.

Цыклён «Зісі» па-свойму павіншаваў дворнічых зь Міжнародным жаночым днём. Моцны сьнегапад напярэдадні жаночага сьвята падкінуў працы камунальнікам. Нароўні са сваімі калегамі-мужчынамі жанчыны разграбалі шуфлямі сумёты на гарадзкіх вуліцах і дварах.

У адным з двароў спальнага магілёўскага раёну дзьве ўпрацаваныя жанчыны прыселі перадыхнуць ля пад’езду «хрушчоўкі».

«Вядома ж наша праца ня зь лёгкіх. Узімку сьнег, увосень лістота, — першай пагаджаецца на гутарку маладзейшая з дворнічых. — Бачыце, колькі сьнегу намяло? Даводзіцца яго ўручную зграбаць. Каб ёй быў сухі, дык клопату было б няшмат, а гэты мокры, цяжкі. Рук ужо і не падняць. Ад шостай раніцы корпаемся. А цяпер трэцяя гадзіна дня».

«Які мужчына пойдзе на працу за два з паловай мільёны? — са скрухаю працягвае жанчына. — Як нам, дык, мы нібыта і прызвычаіліся ўжо. Зь іншага боку, пашукай цяпер працы. Во мая сяброўка, дык ужо з лапатаю ходзіць дванаццаць год».

Каляжанка суразмоўніцы даўно на пэнсіі. «Ды нічога, я дужая. А хіба дома ўседзіш? Дый дзецям дапамагчы трэба», — далучаецца да гутаркі кабета.

«Заробкі ў дворнікаў мізэрныя. У мяне дык пэнсія, а маладзейшыя дворнікі і ня ведаю, як выжываюць, — кажа суразмоўніца. — Як прыцісьне, бягуць да мяне: „Дапамажы, цётка!“. А як адмовіш? А ў якіх крэдыт яшчэ, дык наагул галадаюць. А як жыць без халадзільніка ці пральнай машыны?»

Паводле суразмоўніц, у дворнікі ідуць пераважна жанчыны, таму падарункаў ад калегаў-мужчын на 8 сакавіка не бывае.

«У нашай брыгадзе дужа мала мужчын, а з такімі яшчэ заробкамі, як нашы, дык яны праз падарункі нам з торбаю пойдуць», — з усьмешкамі кажуць жанчыны.

«Заробкі ў нас усе пазразалі. Прэміяльных няма даўно. Раней на Дзень камунальнага работніка пры канцы сакавіка прэміі давалі, а цяпер гэта ўжо ўспамін. Дацягваюць выплаты толькі да мінімальнай зарплаты. Як пашанцуе, дык гэта два мільёны пяцьсот, — апавядае наступная суразмоўніца.

«Кантралёраў працы дворнікаў цяпер стала болей, чым саміх дворнікаў. І ў іх, пэўна ж, заробкі не па два з паловай мільёны, — абураецца дворнічыха. — Акрамя таго, на дворнікаў зьбіраюцца „павесіць“ і прыбіраньне пад’ездаў. За яго цяпер вылічваюць з жыхароў.

А калі жыхары заплацілі, скажам, якіх пятнаццаць тысяч, дык ужо будуць пільнаваць, як мы прыбіраем. А скардзіцца нашы людзі ўмеюць, вы ж ведаеце.

А як скарга будзе, дык „пад пісталетам“ давядзецца прыбіраць зноў пад’езд».

Паводле суразмоўніцы, спробы дворнікаў абараніцца ад усё большага аб’ёму працы без адпаведнага матэрыяльнага заахвочваньня сканчаюцца звыклым начальніцкім выракам: «Не падабаецца, звальняйся!».

«Атмасфэра ў нашым калектыве цяпер напружаная, — працягвае жанчына. — Усё часьцей пагаворваюць, што нібыта дворнікаў чакае скарачэньне. А куды нас скарачаць, нас і так не хапае. Няхай скароцяць майго напарніка, я ўжо з дваром неяк упраўлюся. А вось пабегай зь вёдрамі па паверхах. Ня ўсе жыхары даюць набраць вады нават. Цяпер жа ўсе на ўсім эканомяць. Асабліва старыя. У хрушчоўках іх большасьць жыве. Таму стараемся адбіцца ад прыбіраньня пад’ездаў».

Дворнічыха кажа, што мужчыны, якія ідуць у дворнікі, альбо абавязаныя асобы, якім трэба сплачваць, напрыклад, алімэнты, альбо тыя, якім і сапраўды няма куды падацца.

«Нямала ў нас пэнсіянэраў ці людзей перадпэнсійнага веку. Яны ўжо нікому не патрэбныя. Нам, жанчынам, прыдалася б фізычная сіла мужчын, але тры пэнсіянэркі часам дужэйшыя за аднаго мужчыну. Цяпер яны кволыя. Дый на мужчын спадзеву мала: то запой у іх, то яшчэ чаго. А наагул за такі заробак нармальны чалавек хіба да нас пойдзе?» — разважае суразмоўніца.

Нярэдка ўлады вінавацяць дворнікаў, што гарадзкія тэрыторыі не прыбраныя. Камунальнікі не хаваюць, што чуць такую крытыку крыўдна, пагатоў калі чыноўнікі нават і не спрабуюць разабрацца ў сытуацыі.

«Іншым разам і хочацца ім адказаць ёмкім словам, але яно не для прэсы, — заяўляюць наступныя суразмоўніцы, прыбіраючы ад сьнегу прыпынак грамадзкага транспарту.

«Няхай бы з кабінэтаў выйшлі ды з намі памахалі рукамі. Ды зьверху лепей кіраваць. А людзі ў нас неахайныя. Недакуркі, відаць, ніколі не зьвядуцца. Вёдрамі іх зьбіраем», — ня стрымліваюць эмоцыяў дворнічыхі.

«Цяпер жа беспрацоўе. Мне да пэнсіі засталося тры гады. Ніхто браць на працу ня хоча. Насілу дворнікам уладкавалася, бо і на яго вакансіяў няма», — адказвае на пытаньне, чаму людзі ідуць у дворнікі, ведаючы, што іх праца ня цукар, наступная сурамоўніца.

«Раней жа як страшылі дзяцей? Ня будзеш слухацца ці вучыцца, дык пойдзеш у дворнікі. Вы ж згадайце школьныя часы. Упэўненая, што такое самі чулі. Гэта такі быў прыклад непасьпяховасьці, — кажа дворнічыха. — А цяпер часы зьмяніліся, і дворнікам уладкавацца ў радасьць».

Як заўважае жанчына, самыя адказныя дворнікі — пэнсіянэры. «Лямку цягнуць больш за ўсіх, — кажа яна. — Дзецям дапамагчы хочуць. Дый нічога кепскага, я вам скажу, у нашай працы няма. Увесь час на сьвежым паветры. Ну, сёньня ня наш дзень, бачыце, колькі намяло. Але да 8 сакавіка разграбём».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)