Общество
Іна Студзінская, Радыё Свабода

«Раней атрымлівалі каля 800 даляраў. Цяпер 200–250»

Як рабочыя сталічных заводаў адрэагавалі на рашэньне ўлады дэвальваваць нацыянальную валюту, высьвятляла каля прахадной Менскага трактарнага заводу карэспандэнтка Свабоды.

У перапынак на абед каля прахадной МТЗ каля фантану рабочыя ахвотна распавядалі пра свае праблемы:

Мужчына: «Учора зьмяніўся курс валют і цэны на бэнзін. Высокія цэны вельмі».

Юнак: «Вочы вялікія ад цэнаў сямізначных. Як раней жарт быў: «Ня ведаеш, ці то тэлефонны нумар, ці то цана».

Жанчына: «Мы адчуваем, што ўсё адно будзе неадпаведнасьць: у крамах новыя закупы — і новыя цэньнікі будуць. Гэта нерэальна ў параўнаньні з нашымі заробкамі. Мы перажываем вельмі».

Дзяўчына: «Цэны — проста няма слоў, заробку не хапае ні на што. Што раней магла сабе дазволіць, цяпер не магу. Заробку ў 500 даляраў няма і блізка».

-- Гэта вы ў самым гарачым цэху працуеце?

Рабочы: «Так, у кавальскім. Працую тэрмістам, гарачая сетка і ўсё астатняе. Шкоднасьць вялікая, а заробак ніякі. Працуеш, працуеш, каб зарабіць, а тут усё менш і менш выходзіць».

-- А заробку хапае?

-- Не. Акрамя таго, што кошты ўзьняліся, заробкі ўпалі.

-- А калі апошні раз падымалі заробак? Істотна?

-- Перад выбарамі, і ня вельмі істотна — на 20%.

-- А пасьля гэтага падаў заробак?»

-- Ну, так. У мінулым годзе курс даляра быў 3100, мы атрымлівалі каля 800 даляраў. Зараз курс ужо 5 тысяч, на дадзены момант заработная плата ў пераліку дзесьці 200–250 даляраў.

-- А наагул стабільна працуеце? Няма прастояў, адпачынкаў, выходных?

-- Не, няма. Працуем нават у 3 зьмены. І нават па выходных днях просяць выйсьці на працу. Работы хапае, вось толькі заробкі ніякія.

-- Скажыце, некалі перакрывалі рабочыя вуліцу, выходзілі на плошчу, калі таксама эканамічныя цяжкасьці былі. Зараз такіх пратэстных настрояў няма?

-- Ёсьць. У нашым цэху ўжо пачынаюць. Я працую ў кавальні, настроі такія зьяўляюцца. Мы ўжо падвышэньня заробку спрабуем дамагчыся. Таму што трактары таксама даражэюць, кошты ідуць у рост, продажы ёсьць, а заробкі ўсё ніжэй і ніжэй. Прадукцыя прадаецца — павінны і заробкі павышацца, а ў нас яны ўсё ніжэй і ніжэй.

-- Рэальна могуць выйсьці страйкаваць рабочыя?

-- Зараз жа любыя масавыя выступы, страйкі — і ў міліцыю забіраюць. Зараз падумаюць, перш чым кудысьці пайсьці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)