«Рада БНР гатовая да супрацоўніцтва»

У апошнія месяцы мне даводзілася шмат чытаць прапаноў і меркаваньняў, датычных дзейнасьці Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якую я маю гонар узначальваць. Разумею, што гэта выклікана ў тым ліку і новай хваляй эміграцыі з Бацькаўшчыны – людзі, якія актыўна змагаліся з рэжымам у Беларусі, хочуць працягваць рабіць гэта і ў замежжы.

Такое жаданьне, безумоўна, вартае павагі і ўсялякай падтрымкі. І Рада БНР гатовая да супрацоўніцтва з сапраўднымі беларускімі патрыётамі. Але, вітаючы іх рашучасьць, я, адначасна хацела б выказацца адносна небясьпекі пасьпешлівых ці не да канца прадуманых дзеяньняў.

У жніўні на вэб-сайце “Беларускі партызан” быў надрукаваны артыкул шаноўнага Уладзімера Барадача. Я чула гэтае прозьвішча і раней – а днямі незалежная прэса прыгадала легендарную прысягу афіцэраў-патрыётаў, якую 8 верасьня 1992 году на плошчы перад Домам ураду зачытваў палкоўнік Барадач.

Ужо адно гэта сьведчыць, што ён – чалавек, адданы беларускай справе не адзін дзень і не адзін год. У сваім артыкуле спадар Барадач выказвае шэраг меркаваньняў, многія з якіх я падзяляю (хаця зь іншымі і паспрачалася б) і прыгадвае пра свой ліст да Рады БНР. Сапраўды, адзін з маіх калегаў атрымаў такі ліст, які мы ўспрымалі як канфэдыцыйны і пачалі рыхтаваць на яго адказ, але сваім артыкулам спадар Барадач прымусіў закрануць некаторыя пытаньні публічна. Зрэшты, можа быць, гэта і да лепшага: зьявілася нагода яшчэ раз высьветліць і патлумачыць пазыцыю і становішча Рады БНР.

Па-першае, хачу нагадаць, што на працягу дзесяцігодзьдзяў Рада БНР заяўляла на міжнароднай арэне пра сувэрэнныя правы беларускага народа на ўласную дзяржаву. У самыя змрочныя часы бальшавіцкага тэрору, панаваньня камуністычнай сыстэмы, калі нашыя суродзічы на Бацькаўшчыне не маглі ў голас казаць пра беларускую Незалежнасьці (а тыя, хто меў сьмеласьць гэта вымавіць – ішлі ў Курапаты і ў ГУЛаг) – Рада БНР заяўляла, што Беларусь павінна быць сувэрэннай дзяржавай.

Да прыкладу, у 1950-70-ыя гады на 25 сакавіка сябры Рады БНР мелі выступы ў Кангрэсе ЗША, у парлямэнтах іншых дзяржаў, пра што, зразумела, у савецкай прэсе не казалася ні слова, але праз заходні друк людзі ў розных краінах даведваліся пра Беларусь.

У пачатку 1990-ых, калі Беларусь аднавіла незалежнасьць, некаторым здавалася, што функцыі Рады БНР вычарпаныя і што варта перадаць мандат ў Менск. Між іншым, гэтага вельмі моцна дамагалася ад Рады кіраўніцтва тагачаснага ўраду, на чале якога быў Кебіч. У прыклад ставілася Украіна, дзе ўрад УНР склаў свае паўнамоцтвы перад прэзыдэнтам Краўчуком. Аднак мы не былі перакананыя ў незваротнасьці дэмакратычных працэсаў і, галоўнае, у поўным зьнікненьні пагрозы Беларускай дзяржаўнасьці, На жаль, нашыя засьцярогі пацьвердзіліся – з прыходам Лукашэнкі дэмакратыя ў Беларусі была задушаная, а пагроза анэксіі краіны Масквой застаецца і нават павялічваецца. Што да прыкладу Украіны, дык магу засьведчыць, што мне неаднаразова даводзілася чуць шкадаваньне прадстаўнікоў украінскай дыяспары з нагоды заўчаснай, як на іх думку, перадачы мандату.

Па-другое, я хацела б адказаць тым, хто заяўляе, што “ня бачыць” дзейнасьці Рады БНР. Безумоўна і для нас бясспрэчна: галоўнае змаганьне за Беларусь адбываецца ў самой Беларусі – сіламі тых актывістаў, якія вядуць штодзённую працу і вельмі часта плоцяць за гэта сваёй свабодай, як Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Сяргей Каваленка, Павал Севярынец, Мікола Статкевіч. Рада БНР ўсялякімі спосабамі падтрымлівае іх дзейнасьць у сваіх кантактах з палітыкамі заходніх краінаў.

Адразу пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году Рада БНР выступіла з адпаведнай заявай, асабіста я кантактавала з прадстаўнікамі канадыйскага ўраду, мы запатрабавалі максымальна жорсткага стаўленьня да Лукашэнкі і выканаўцаў злачынных дзеяньняў супраць мірных маніфэстантаў. Разам з тым, мы заўсёды просім кіраўніцтва заходніх дзяржаў разьмяжоўваць паняцьці “рэжым” і “народ” (што выяўляецца, напарыклад, у патрабаваньні ўвесьці санкцыі супраць адказных за рэпрэсіі і адначасна – скасаваць альбо, у крайнім выпадку, максымальна спрасьціць візавы рэжым для звычайных грамадзянаў Беларусі ў заходнія краіны). Мы таксама падтрымліваем грамадзкія і культурніцкія праекты ў Беларусі – пералік іх заняў бы тут багата месца.

Пры ўсім гэтым існуе адна акалітчнасьць, пра якую хачу тут сказаць (і, калі не памыляюся, публічна -- ўпершыню): Рада БНР не карыстаецца ніякай фінансавай падтрымкай ад заходніх дзяржаў ці арганізацый. Усе, што мы маем – гэта складкі і добраахвотныя ахвяраваньні актывістаў беларускай дыяспары. Такая практыка не спрашчае працу, але дае тую несумненную і каштоўную перавагу, што дазваляе нам пачувацца незалежнымі ад тых ці іншых дзяржаў ці палітыкаў.

Ня мае Рада БНР дачыненьня і да разьмеркаваньня грантаў.

Цяпер колькі слоў пра паўнамоцтвы Рады.

З 1918 году – ужо больш як дзевяць дзесяцігодзьдзяў -- Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прадстаўляе сувэрэнныя правы беларускага народа на грунце Акту 25 сакавіка, а не якую-небудзь партыю ці групу партый. Рада БНР зьяўляецца адзіным, непадзельным органам, цалкам адказным за спаўненьне свайго мандату.

Рада БНР можа перадаць свае паўнамоцтвы толькі свабодна абранаму воргану ўлады ў Беларусі – калі будзе перакананая, што гэты ворган у стане гарантаваць захаваньне Незалежнасьці Беларусі.

Такім чынам, паўнамоцтвы і легітымнасьць Рады не падлягаюць ніякаму часткаваму падзелу і часткавай перадачы. Іншымі словамі, Рада БНР ня можа перадаць нейкую частку сваіх статутных функцыяў – воргану ўлады, партыі ці групе асобаў.

Пры гэтым, Рада можа прадаставіць сваю эгіду -- напрыклад, для вялікай кааліцыі сілаў, якія абапіраюцца на ідэалы Акту 25 сакавіка, калі такая кааліцыя паўстане з саміх палітычных сілаў у Беларусі. Гэтак сама, Рада можа стварыць экспэртныя групы для выпрацоўкі пэўных прапаноў і рашэньняў ў пэўных галінах, прыцягваючы да гэтага адмыслоўцаў як з Беларусі, гэтак і з дыяспары.

Часам да мяне і маіх калег зьвяртаюцца з прапановамі выказаць стаўленьне да тых ці іншых праблемаў, якія непасрэдна закранаюць узаемадачыненьне паміж арганізацыямі і асобамі, якія ў Беларусі змагаюцца з рэжымам Лукашэнкі. Павінна адзначыць, што Рада прынцыпова ня ўмешваецца ва ўнутраныя канфлікты і не займае бок нейкай канкрэтнай палітычнай арганізацыі ці групы арганізацый. Наадварот – мы падтрымліваем усе палітычныя сілы, якія змагаюцца за Незалежнасьць Бацькаўшчыны.

І, безумоўна, адкрытыя да супрацоўніцтва – як з арганізацыямі ў Беларусі, гэтак і з тымі, якія створаныя ў замежжы тымі, каму прыйшлося ратавацца ад перасьледу на чужыне. Спадзяюся, што неўзабаве ў мяне будзе магчымасьць абмеркаваць гэта з Уладзімерам Барадачом і зь іншымі патрыётамі Беларусі.

Івонка Сурвілла, Старшыня Рады БНР

12 верасьня 2012 г.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)