Комментарии

Ірына Марозава

«Пытанне нацыянальнай бяспекі для такіх краін, як Літва, набывае прыярытэтнае значэнне»

Палітолаг Пётр Рудкоўскі ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» — пра песпектывы «жалезнай заслоны» з боку суседзяў Беларусі.

У камісіі па нацыянальнай бяспецы Літвы прапанавалі зачыніць з 1 сакавіка яшчэ два прапускныя пункты на мяжы з Беларуссю: «Лаварышкес» («Катлоўка») і «Райгардас» («Прывалка»).

Таксама прапануецца абмежаваць пасадку і высадку пасажыраў у чыгуначным пункце пропуску «Кена» і зменшыць колькасць дазволаў для беларускіх і літоўскіх кіроўцаў на рэгулярныя аўтобусныя перавозкі.

Нагадаем, на дадзены момант на мяжы Літвы і Беларусі дзейнічаюць чатыры КПП. Зачыніць частку з іх дзеля ўзмацнення барацьбы з кантрабандай і нелегальнай міграцыяй прапануецца не ўпершыню. Аднак канчатковае рашэнне — за ўрадам, а на пытанне, ці зменшыць гэты крок напружанне на мяжы, адказ далёка не відавочны.

Зрэшты, мэры Друскінінкая і Вільнюскага раёна ацанілі ідэю даволі крытычна, кажучы пра негатыўны ўплыў на мясцовы бізнес і стварэнні перашкод не столькі беларускаму рэжыму, колькі самім жыхарам дзвюх краін — прыкладам, тых, у каго родныя па той бок мяжы.

Выказалася наконт верагоднага закрыцця КПП і Святлана Ціханоўская. Палітык адзначыла, што разумее засцярогі спецслужбаў Літвы, аднак такі крок будзе «лячэннем сімптомаў», а не вырашэннем каранёў праблемы, і моцна ўдарыць па беларусах, для якіх гэта адзіны шлях паратунку ад рэпрэсій.

У развагах кожнага з бакоў ёсць пэўная рацыя, але што ў выніку пераважыць?

— Дыскусіі пра змяншэнне колькасці прапускных пунктаў або нават поўнае закрыццё межаў у Літве вядуцца ўжо больш за паўгода, — нагадвае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітолаг Пётр Рудкоўскі. — Пытанне «напружання» або абыходу санкцый тут не самае істотнае. Істотнымі  з'яўляюцца дзве ўзаемапавязаныя рэчы: арганізацыйна-тэхнічныя магчымасці і пытанне бяспекі.

Пётр Рудкоўскі

Літва на дадзены момант — адзіная краіна ЕС, якая суседнічае з Беларуссю і абслугоўвае чатыры кантрольна-прапускныя пункты, у той час як Латвія — два, а Польшча — адзін. Асноўная нагрузка па абслугоўванні патокаў людзей і тавараў у ЕС прыпадае цяпер  на Літву.

Тым часам, дадае эксперт, узрастае і значнасць пытання бяспекі:

— Незалежна ад таго, як хто ставіцца да прагнозаў некаторых экспертаў, што праз два-тры гады Расія паспрабуе заатакаваць балтыйскія краіны, няма сумневу, што пытанне нацыянальнай бяспекі для такіх краін, як Літва, набывае прыярытэтнае значэнне.

Вось гэта і ёсць асноўная прычына рэкамендацый літоўскай Нацыянальнай камісіі па бяспецы — зачыніць яшчэ два прапускныя пункты. Заўважым, што гэта пакуль што толькі рэкамендацыі, хоць, як мне падаецца, імавернасць іх ажыццяўлення немалая.

А калі ўзважыць плюсы і мінусы, хто наогул выйграе ад такога рашэння, калі яно будзе прынятае? Пётр Рудкоўскі мяркуе, што сітуацыю варта разглядаць не ў катэгорыях выйгрышу альбо пройгрышу, але з гледзішча разліку рызыкаў і магчымасцяў.

 — Чалавечыя, фінансавыя і арганізацыйныя рэсурсы абмежаваныя, а рызыкі для бяспекі ўзрастаюць, — канстатуе эксперт. — Палітычнага выйгрышу, як такога, тут няма — у ліберальным свеце складана здабыць палітычныя дывідэнды ад рашэнняў, якія асацыююцца з закрытасцю, абмежаваннямі або «сценамі». Рэкамендацыі і магчымыя рашэнні тут прадыктаваны невясёлымі высновамі з калькуляцыі рызыкаў і магчымасцяў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(14)