Сямён Печанко

Пётр Рудкоўскі: «На жаль, рэпрэсіі будуць працягвацца. Але гэта тупіковая сітуацыя»

У рамках спецпраекта «Што далей?» дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Пётр Рудкоўскі разважае пра перспектывы закручвання гаек і магчымыя наступствы расійска-украінскага канфлікту для Беларусі.

Фота belcollegium.by

— Масавыя пратэсты сышлі з вуліцаў. Гэта поспех рэпрэсійных захадаў уладаў ці зацішша перад бурай?

— Падзеі ў нас можна параўнаць з тым, што было ў Польшчы ў 1981 годзе, калі ўладам ўдалося замарозіць незадаволенасць грамадзянаў шляхам увядзення ваеннага становішча. Там мала хто адважваўся на нейкія публічныя дзеянні, аж пакуль ваеннае становішча не было прыпыненае праз паўтара года.

Пэўныя нясмелыя выступленні адбываліся, напрыклад, пасля забойства спецслужбамі ксяндза Папялушкі. Але ўрэшце ўлады вымушаныя былі пайсці на сур’ёзныя саступкі.

Нешта падобнае назіраецца і ў нас. Пратэст нікуды не знік. І дастаткова ўладам будзе праявіць слабасць, як ён можа выбухнуць. Зрэшты, гэта не абавязкова павінна быць праява слабасці. Магчыма, проста наступіць адчуванне перапоўненасці меры і тады адбудзецца некантраляваны пратэставы выбух.

Я на днях чытаў меркаванні расійскіх экспертаў, якія варожа ставяцца да празаходняга, як яны лічаць, кірунку беларускіх пратэстаў, да той жа Святланы Ціханоўскай. Але яны цудоўна ўсведамляюць, што сітуацыя замарожаная і ў любы момант можа мець некантраляваны паварот.

Прадказаць, спрагназаваць, калі гэта адбудзецца — праз месяц, тры месяцы ці паўгода — немагчыма, бо тут дзейнічаюць часта непрадказальныя эмацыянальныя моманты.

Сітуацыя з рэпрэсіямі тупіковая. Чым больш рэпрэсій, тым больш незадаволеных. А чым больш незадаволеных, тым больш гвалту і рэпрэсій патрабуецца. А рэпрэсіўны рэсурс небясконцы. 

— Пра што гавораць лічбы галасавання, ініцыяванага Святланай Ціханоўскай? На сёння за перамовы з уладай пры пасярэдніцтве міжнародных інстытутаў прагаласавала больш за 770 тысяч беларусаў.

— Тут варта прыгадаць словы Аляксея Венядзіктава, шэфа «Эха Москвы». На ягоныя выказванні пра інсайдэрскую інфармацыю пра перамовы з удзелам Лукашэнкі можна глядзець з пэўнай дыстанцыі. Але тут не выпадае сумнявацца ў тым, што ён ведаў, пра што гаварыў. Што гэта зрабіла ўражанне на міжнародных актораў.

Гэта значыць, што ёсць моцная настроенасць грамадства на вырашэнне праблемы.

Яшчэ адна асаблівасць гэтых лічбаў — гэта колькасць тых, хто прагаласаваў менавіта за мірныя перамовы. Гэта значыць, і за некаторыя саступкі для ўладаў.

Пасля таго, што адбывалася ў краіне ад жніўня і да гэтага часу, значная частка пратэстнага руху проста псіхалагічна не гатовая падпісаць штосьці, што прадугледжвае нейкія саступкі ўладам. Гэтая частка грамадства патрабуе больш рашучых дзеянняў, хоць тут ніхто не адкажа, як гэта зрабіць без больш трагічных наступстваў.

Псіхалагічны фон зразумелы. Калі тысячы і дзясяткі тысяч альбо самі пацярпелі, альбо маюць пацярпелых родных і сяброў, то яны маглі проста не падпісацца за перамовы з такой уладай.

У любым разе, лічба выглядае вельмі ўнушальнай і сур’ёзнай. Калі б лукашэнкаўцы хацелі сабраць галасы за нейкі свой сцэнар… Яны гэтага не робяць, бо ведаюць, які будзе вынік. Памятаем, як яны хацелі восенню сабраць мега-мітынг у сваю падтрымку, і што з гэтага выйшла.

— Ад жніўня сілавікі дзейнічалі паводле сумнавядомай формулы «часам не да законаў». Цяпер іхнім дзеянням нададуць законнасці праведзеныя праз парламент новаўвядзенні. Для чаго спатрэбіліся гэтыя фармальнасці?

— На жаль, рэпрэсіі будуць працягвацца. Па той простай прычыне, што ў лукашэнкаўцаў няма іншай альтэрнатывы. Любое праяўленне слабасці непазбежна прывядзе да новага выбуху пратэстаў. З гледзішча іхняй перспектывы, яны і не маюць іншага выбару, каб захаваць статус-кво, выйграць час.

Таму гэтыя змены ў заканадаўства ўпісваюцца ў логіку працягвання татальных рэпрэсій. І яны будуць выкарыстоўвацца.

Яшчэ адзін аспект, на які звярнуў увагу Віталь Цыганкоў. Тое, што магчыма стаяла за гэтымі зменамі. Сітуацыя, калі заканадаўства адно, а практыка — гэта другое, выклікала сур’ёзны скрыгат унутры сістэмы. Існавала рызыка, што гэта можа выліцца ў масавае непаслушэнства сярод праваахоўнікаў ці наменклатуры.

Гэта нагадвае сітуацыю з выбарамі: сфальсіфікаваць 15 ці 20 працэнтаў — гэта адно. А калі размова ідзе пра 50-70%, то многія праглынуць такое не маглі ніяк.

Не сама змена заканадаўнасць, але і неабходнасць яго мяняць таксама па-свойму інфарматыўная. Тут варта прыгадаць асаблівасці аўтакратый, якія бралі за ўзор савецкі досвед. У чым ён палягаў? У тым, каб ствараць прывабны і гуманны фасад. Няма нічога больш гуманнага, чым савецкі суд, напрыклад. Але практыка была зусім адваротнай.

Такі стыль да сёння быў і ў неасавецкай лукашэнкаўскай аўтарытарнай мадэлі. Той самы прыгожы фасад. На паперы, у плане нейкіх паказчыкаў, усё павінна было выглядаць досыць прыстойна. Тое, што адбывалася за фасадам, унутры сістэмы, было ўнутранай справай.

Уладам давялося адыйсці ад гэтай мадэлі. Па вышэй згаданай прычыне: з’явіліся сумневы ў дысцыплінаванасці выканаўцаў — міліцыянтаў, чыноўнікаў, суддзяў. Ім давялося памяняць і фасад, ён стаў брыдкім. Бярэш гэтыя законы, чытаеш і бачыш, што яны рэпрэсіўныя.

Гэта адбылася не ад лёгкага жыцця. Сам рэжым мяняецца, ён мусіць адаптоўвацца да гэтай сітуацыі. І гэта можа несці новыя рызыкі. Адна справа, калі ты вырашаеш праблему разыходжання паміж дэкларацыяй і практыкай. І зусім іншая справа, калі робіцца абсалютна відавочным, што гэтыя практыкі несумяшчальныя з прынцыпамі гуманізму. Што яны кантрастуюць нават з практыкамі іншых аўтарытарных краінаў, не кажучы ўжо пра дэмакратычныя краіны.

Гэта і рэпутацыйныя выдаткі, што нясуць рызыкі ў плане падтрымкі з боку пакуль што лаяльных або запалоханых чыноўнікаў.

— Што стаіць за кампаніяй дэманізацыі апанентаў улады? Як паўплывае статус «тэрарыстаў» на рэпутацыю той жа Святланы Ціханоўскай, якая паслядоўна выступае за мірны шлях вырашэння палітычнага крызісу?

— Улады перадусім павінны вырашаць унутранную праблему — гарантаванне лаяльнасці высокіх чыноўнікаў і асабліва сілавых органаў. І гэты крок, я тут моцна перакананы, у першую чаргу скіраваны на гэта.

Наданне апанентам рэжыму статусу тэрарыстаў і экстрэмістаў стварае для прадстаўнікоў сілавога блоку моцны псіхалагічны і юрыдычны бар’ер у плане магчымай камунікацыі з імі.

Адна справа, калі ты камунікуеш з умоўным «ворагам уладаў». Іншая справа, калі гаворка ідзе пра «тэрарыста» ці «экстрэміста». Гэта зусім іншая катэгорыя. Калі да гэтага часу кожны сілавік мусіў тры разы падумаць, ці кантактаваць яму з тым жа Латушкам, то цяпер падумаць давядзецца сем разоў. Тут і псіхалагічная аўра, і наступствы зусім іншыя.

Таму, я думаю, гэта працяг праблемы, якая найбольш хвалюе ўладу — дысцыплінаванне сваіх, асабліва сілавікоў.

У прапагандысцкім плане эфект для рэпутацыі палітыкаў будзе хутчэй адваротны. Адна справа, калі «экстрэмістам» прызнаеш Пуцілу, чыя рыторыка даволі вострая. Тут хоць ёсць хай сабе і вельмі аддаленае і бляклае падабенства на нейкую агрэсіўнасць. І абсалютна не ў якія вароты залічваць у «тэрарысты» Святлану Ціханоўскую, якая па сваёй прыродзе не здольная на радыкальныя крокі, не кажучы ўжо пра тэрарызм.

Не толькі мне гэта ясна, тут я магу гаварыць за большасць беларускага насельніцтва. У такой якасці яе ніхто не будзе ўспрымаць.

Запісванне яе ў гэтую катэгорыю азначае поўнае размыванне такіх паняццяў, як «экстрэмізм», «тэрарызм». Гэта як са спробай спісаць выключа ўнутраныя праблемы на знешняе ўмяшальніцтва і пагрозу, каб пры патрэбе прыцягнуць для разгону пратэстаў войска. Гэта таксама прыклад размывання мяжы паміж паняццямі знешняй пагрозы і ўнутраннай масавай незадаволеннасці грамадзян.

Гэта мае свае межы. Фальш і хлусня могуць дзейнічаць даволі доўга, але і ў іх ёсць пэўныя межы, пераступіць праз якія без сур’ёзных наступстваў амаль немагчыма.

Улады мусяць задумацца над урокам жніўня. На выбарах з 80% яны моцна апякліся. Так, што пазней праз сацыялагічнае апытанне вымушаныя былі сур’ёзна знізіць афіцыйны рэйтынг Лукашэнкі. І гэта можа азначаць, што яны і самі ўсвядомілі той факт, што перагнулі палку.

Працяг інтэрв'ю чытайце на нашым сайце тут.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:32)