Общество

Пятро Садоўскі: «Нас ператвараюць у цэль №1, а мы разважаем пра асаблівасці беларускага светаўспрымання»

Народная Воля наведалася да дэпутата Вярхоўнага Савета ХІІ склікання і першага амбасадара незалежнай Беларусі ў Германіі Пятра Садоўскага, каб пацікавіцца, наколькі спакойна яму апошнім часам жывецца. Бо, апрача іншага, дом, у якім ён жыве, рэжымны.

 — Пятро Вінцэнтавіч, цягам апошніх тыдняў па кватэрах ходзяць міліцыянеры (не толькі ўчастковыя) — праводзяць прафілактычныя гутаркі, аглядаюць памяшканне, каб не дай Божа не было чаго недазволенага. Да вас не прыходзілі?

— Прыходзілі пару тыдняў таму, праўда, не для прафілактыкі — прапаноўвалі паставіць «трывожную кнопку». «Ведаеце, у нас у краіне амаль надзвычайны стан, трэба вам паставіць».

Трое ў міліцэйскай форме, адзін — у цывільным. Пытаюся: «Хто вы такі? Пакажыце ваша пасведчанне». Ён пасведчанне мне тыцнуў і адразу схаваў у кішэнь, я не паспеў нічога прачытаць. Відаць, прадстаўнік спецслужбаў.

Адмовіўся я. Слухайце, трыццаць гадоў я жыву ў гэтым доме, і ніколі тая «кнопка» не была патрэбна. Мне адзін знаёмы падказаў, што праз «трывожную кнопку» робяцца праслухоўванні. Што ж тут паробіш — наш парламент у пачатку года прыняў пастанову, паводле якой дзяржава мае права нас праслухоўваць. Нават ніякай санкцыі не трэба.

— У Беларусь вось-вось Расія завязе ракеты з ядзернымі зарадамі, і ўсе маўчаць. Маўчыць, як вы кажаце, парламент, маўчыць урад, няма ніякай грамадскай дыскусіі (апрача сацсетак). Ці не зацягнулася ўсеагульнае маўчанне?

— Мы маўчым, мы як зачараваныя, глядзім гідры ў вочы. А трэба схамянуцца, выйсці і на ўсю Беларусь крычаць «гвалт!». Але куды і каму тут выходзіць? Калі я выйду і памру, як Данка з вырваным сэрцам, — нічога гэта не зменіць.

Амерыканскі культуролаг Джордж Стайнер пісаў пра двух яўрэяў, якія вось-вось зойдуць у крэматорый, але стаяць і спрачаюцца, як трактаваць адну мясціну ў тэксце Торы. Яны ведаюць, што праз хвіліну згараць у агні і ўсё ж спрачаюцца…

І Стайнер піша, што так праяўляецца веліч чалавечага духу. Гэтак і я, бяссільны, стары чалавек, сяджу і рэфлексую ў сацсетках пра наша жыццё-быццё. Нас ператвараюць у цэль №1, а мы разважаем пра асаблівасці беларускага светаўспрымання…

— Пра тое беларускае светаўспрыманне ўсё радзей можна пачуць па БТ. Учора ўключыў, а там расійскі казацкі хор выступае, нейкі «Батька атаман»…

— Таму што ў нас афіцыйна аб’яўлена, што Беларусь стварае адзіную інфармацыйную прастору з Расіяй. А што ў тую прастору ўваходзіць? СМІ, мастацкая літаратура, кіно, тэатр, школьная адукацыя і гэтак далей.

Але тут ніякага парытэту няма і быць не можа. У Расіі нашмат больш рэсурсаў, мы, як кажуць, па-за конкурсам. Возьмем, напрыклад, кнігавыданне. Як мы можам тут быць на роўных, нашы дзяржаўныя кнігавыдавецтвы бедныя, а прыватных амаль не засталося.

— Хто ў гэтым вінаваты, мы збольшага ведаем. А што рабіць?

— Ну, пакуль у Беларусі, як ужо часткова зроблена ў Расіі і Кітаі, не перакрыюць інтэрнэт, то неабходна яго выкарыстоўваць. У нас яшчэ ёсць Ютуб, ёсць сацсеткі, дзе можна выказацца. І нам трэба лезці ва ўсе шчыліны, дзе толькі можна, каб даносіць сваю думку да людзей. Скажам, я амаль штодня пішу тэкст і выстаўляю ў сацсетках. І маю надзею, што нехта прачытае, што нейкае зерне ў душу я камусьці закіну.

— …Паставіўшы на месца дзяржаўнае выдавецтва, вы, можа, і пенсіі заслужанай дамагліся — як дэпутат Вярхоўнага Савета і былы першы амбасадар Беларусі ў Германіі? Чым закончылася ваша вядомая пенсійная эпапея?

— Цяпер у мяне пенсія амаль 900 рублёў. На ежу, на трусы і шкарпэткі хапае, калі дарагіх лекаў не купляць. Дамагацца большай не бачу сэнсу.

У свой час мне было патлумачана, што Нацыянальны Сход не з’яўляецца спадкаемцам Вярхоўнага Савета, таму мая праца амбасадарам і членам Прэзідыума ВС не можа быць улічана. Ну як жа не з’яўляецца, калі гэта той самы парламент, толькі назва змянілася?

Калі я раней хадзіў з гэтай праблемай у Кабінет Міністраў, там сядзеў нейкі палкоўнік, які сказаў: «Садоўскі, не хадзі, усё роўна нічога не выхадзіш, бо ты ёсць у пэўным спісе». Таму я і перастаў хадзіць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(18)