Общество

Вераніка Бялова

Пяць прычын cказаць «дзякуй» Генадзю Бураўкіну

30 мая спаўняецца 10 год, як з намі няма класіка нашай літаратуры, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча і проста сапраўднага сына сваёй Бацькаўшчыны Генадзя Бураўкіна. За гэты час змянілася шмат, але ў тым, што Беларусь і беларусы існуюць і працягваюць рухацца наперад, ёсць яго вялікая заслуга.

«Салідарнасць» прапануе мінімум пяць прычын сказаць «дзякуй» Генадзю Бураўкіну.

Фота «Новы час»

Абараняў беларускую літаратуру і літаратараў  

Калі ў самога Генадзя Мікалаевіча пыталіся, што ён лічыць галоўным дасягненнем у сваім жыцці, паэт заўсёды ўзгадваў пра тое, як здолеў абараніць Васіля Быкава. Гэта было яшчэ падчас працы Бураўкіна ў газете «Літаратура і мастацтва».

— «Советская Белоруссия» ў рэдакцыйным артыкуле беспардонна, па-хамску з палітычнымі абвінавачваннямі прапясочыла Васіля Быкава, — расказваў Генадзь Бураўкін у інтэрв’ю «Салідарнасці». — Мы з Анатолем Вярцінскім вырашылі пратэставаць. Склалі калектыўны ліст, дзе рашуча асуджалася цкаванне Быкава.

За подпісамі пайшлі не толькі да маладых пісьменнікаў, але і да класікаў. Ліст падпісалі Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Іван Мележ, Янка Брыль.

— Калі нам сказалі, што па нашых слядах ужо «ідуць», мяне на гутарку выклікаў сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Пілатовіч, — узгадваў Бураўкін. — Як мы і чакалі, ён пачаў патрабаваць, каб я аддаў яму падрыхтаваны ліст. Я сядзеў у кабінеце і старанна цягнуў час, а Вярцінскі якраз перадаваў ліст у прыёмную ЦК. Як жа Пілатовіч раззлаваўся, калі яму пазванілі і паведамілі, што ліст зарэгістраваны!

Гэта быў вельмі адчайны ўчынак, які мог выклікаць самыя непрыемныя наступствы. За гэта Бураўкіна хацелі выключыць з КПСС, аднак на партыйным сходзе ў Саюзе пісьменнікаў за паэта заступіліся.

Бураўкіну яшчэ неаднаразова даводзілася дапамагаць беларускім літаратарам. І падчас працы рэдактарам часопіса «Маладосць», у якім друкаваў творы Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка ды иншых, і падчас сваёй працы на тэлебачанні, і ўвогуле пры любых пасадах і нават без іх.

 З Васілём Быкавым. Фота baj.by

— Яму ўласцівае абвостранае пачуццё справядлівасці. Гэта давала сілы трываць. І рабіць тое, што лічыў правільным, — казала ў даўнім (2019 год)  інтэрв’ю «Салідарнасці» жонка Бураўкіна Юлія.

А правільным спадар Генадзь лічыў вярнуць беларусам іх мову.

Калі народ не зразумее, што такое мова, то хай рыхтуецца да таго, што спярша яго будуць абсмейваць, потым ім будуць пагарджаць, а пасля ён проста знікне.

Генадзь Бураўкін, з інтэрв’ю Салідарнасці

Прымусіў тэлебачанне загаварыць па-беларуску

Можна без перабольшання сказаць, што менавіта Генадзь Бураўкін зрабіў тэлебачанне беларускім. Стаўшы на чале Дзяржтэлерадыё БССР, ён адразу ж зрабіў акцэнт на нацыянальны і асветніцкі складнік.

Старшыня Белтэлерадыё Генадзь Бураўкін з савецкімі касманаўтамі. Злева направа: Уладзімір Кавалёнак, Аляксандр Іванчанкаў, Валянціна Церашкова, Генадзь Бураўкін, Валерый Скварцоў (сакратар парткама Дзяржтэлерадыё), Пятро Клімук. Фота baj.by

За гэты беларускі разварот Бураўкіна неаднаразова крытыкавалі і нават наўпрост называлі «нацыяналістам». 

– Калі я прыйшоў на Дзяржтэлерадыё, там было засілле рускай мовы, асабліва на тэлебачанні. Я стараўся зрабіць усё, каб беларускай мовы было ўсё больш і больш. Ажыццяўляць гэта было няпроста, — расказваў Генадзь Бураўкін. — На мяне пісалі даносы. Толькі ў ЦК КПСС – тры разы. Хто — не ведаю. Але справа не ў тым, хто пісаў, а ў тым, што гэтыя лісты сур’ёзна разглядаліся. Па адным з іх быў закрыты партыйны сход калектыву Дзяржтэлерадыё. Я ўдзячны калегам: пасля зачытання даносу ніводзін не падтрымаў ананіма. Прызнаюся шчыра, усхваляваны быў ледзь не да слёз.

У сваім апантаным змаганні за мову Бураўкін быў бескампрамісны. Паэт Уладзімір Някляеў узгадваў, як Генадзя Мікалаевіча выклікалі «куда следует» і ўручылі пастанову Бюро ЦК партыі аб адмене беларускай тэлепраграмы.

— Бураўкін сказаў: «Я нічога адмяняць не буду. Няхай гэта робіць новы старшыня Дзяржтэлерадыё», — расказваў Уладзімір Някляеў. — Пасля ён казаў, што яго выратаваў Машэраў.

Генадзь Бураўкін і Пётр Машэраў

Сёння ні такую цвёрдасць у супрацьстаянні сістэме, ні такую упартасць на шляху да беларускасці ў дзяржсістэме нават і ўявіць немагчыма.

Стаў голасам Беларусі ў свеце

Нью-Ёрк, 1976 год. Бураўкін сярод дэлегатаў ХХХI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Фота bellitmuseum.by

Генадзю Мікалаевічу сапраўды выдатна ўдавалася спалучаць свой паэтычны талент з дзяржаўнымі пасадамі. Яшчэ адным месцам праяўлення яго здольнасцяў стала праца ў ААН ў 1991 годзе. Менавіта Бураўкін стаў першым пастаянным прадстаўніком незалежнай Беларусі ў гэтай міжнароднай арганізацыі. Амаль 4 гады сям’я пражыла ў ЗША. Гэта сапраўды былі часы ўмацавання сувязяў з дыяспарай.  Кіпелі, Янка Запруднік, Данчык і многія іншыя дзеячы замежжа нарэшце сталі часткай беларускай культуры і ў самой Беларусі.

Пры ААН Генадзь Бураўкін таксама займаўся дапамогай дзецям Чарнобыля.

Але ж сэрца рвалася на радзіму, бо вельмі хацелася быць ў віхуры беларускага адраджэння, дапамагаць станаўленню маладой дзяржавы. Нарэшце ягоная просьба была задаволеная.

Вось толькі на радзіме ён знайшоў не тое, чаго чакаў. Вельмі хутка на пасаду прэзідэнта заступіў Аляксандр Лукашэнка…

— Прыехаў і сапраўды аказаўся нікому не патрэбны. Нікуды яго не бяруць, ні на якую працу. Спрабаваў намеснікам міністра культуры, але адразу адчуў, што «не ко двору». Праз паўгода ён сышоў, не змог там быць, — узгадвала ў 2019-м Юлія Бураўкіна.

З жонкай Юліяй. 1994 год

Закалыхаў пакаленні беларусаў

І ўсё ж, нягледзячы ні на якія пасады, Генадзь Бураўкін заставаўся паэтам. Нават той, хто зусім не цікавіцца беларускай паэзіяй, не раз падпяваў ягонай «Завірусе» ці «Зачарованай».

Ну а на «Калыханцы» Бураўкіна без перабольшання выраслі некалькі пакаленняў беларусаў. Прычым як ні намагаліся ўлады і тэлебосы прыбраць «Калыханку» з эфіру, ім так і не ўдалося.

Ну, і канешне, вершы. Шчырыя, лірычныя, грамадзянскія, поўныя болю і светлай надзеі і, безумоўна, наскрозь беларускія.

Чорнай навалаю коціцца зверху

Гвалт небывалы,

Раз’ятраны вэрхал.

У кіраўнічых суровых прамовах

Бэсціцца зноў беларуская мова.

Генадзь Бураўкін

Дагэтуль стаіць папярок горла Лукашэнку

І гэта яшчэ адно пацверджанне: тое, што зрабіў Генадзь Бураўкін, было правільна і жыве па сёння.

Паэт не любіў уладу за яе антыбеларускую палітыку і яна адказвала яму тым жа. Ягоныя творы выкідаліся з падручнікаў, сустрэчы з чытачамі забараняліся, кнігі не выдаваліся. Толькі напрыканцы 2018 года, праз 20 гадоў забыцця і ўжо пасля смерці паэта, выдавецтва «Мастацкая літаратура» выдала першую за гэты час кнігу — зборнік «Ніці лёсу».

Улады не дазволілі нават усталяваць мемарыяльную шыльду на доме, дзе жыў Бураўкін. З такой ініцыятывай у 2016 годзе выступала алімпійская чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя. Нягледзячы на тое, што да справы далучыліся творчыя саюзы, усё заглухла на ўзроўні Мінгарвыканкама. Нават пасля сваёй смерці Бураўкін заставаўся папярок горла сённяшняй уладзе.

Генадзь Бураўкін і Аляксандра Герасіменя

Тое, што бывае, калі дзяржава адмаўляецца ад сваіх талентаў, лепш за ўсё патлумачыў у сваім вершы сам Генадзь Бураўкін. Так хацелася б, каб гэтыя словы былі пачутыя.

«На цябе неаднойчы вастрылі нажы,
Каб навекі цябе загубіць.
Беларусь,
Свае таленты беражы,
Калі хочаш свабоднаю быць!

Ты аглухла сягоння ад песень чужых,
А свае ўсе паспела забыць.
Беларусь,
Свае таленты беражы,
Калі хочаш славутаю быць!

Сіратліва не стой ля суседскай мяжы
I не дай сваю памяць знябыць.
Беларусь,
Свае таленты беражы,
Калі хочаш шчасліваю быць!»

— Бураўкін не проста суперпаэт і дзеяч культуры — гэта ўсё адназначна так, — але на ягоным прыкладзе бачна, як чалавек культурнай эліты, чалавек нацыянальна свядомы, трапляе ва ўладу, яшчэ ў тую, камуністычную, і колькі многа там робіць для Беларусі, — адзначае ў інтэрв’ю «Салідарнасці» палітык Аляксандр Мілінкевіч. — Робіць таму, што сэрцам так адчувае. І на рэдактарскай пасадзе, і ў ААН, і на тым жа тэлебачанні ён быў лідарам, які вызначаў стратэгію. Ён хварэў за мову, за беларускасць, за культуру.

Роля такіх людзей вырашальная і прыклад для ўсіх нас. І я такі шчаслівы, што мы з ім кантачылі і маглі дапамагаць, калі ён ўжо моцна хварэў. Сёння вельмі важна, каб у палітыку прыходзілі менавіта такія людзі, якія сэрцам робяць сваю справу і гатовыя ахвяраваць дзеля Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(53)