Политика
Анастасія Зелянкова

Пушкіну і Янушэўскаму далі сем сутак за выкінуты сцяг

Аршанскі суд прыгаварыў мастака Алеся Пушкіна і барда Аляксея Янушэўскага да сямі сутак зняволення. Іх прызналі вінаватымі ў дробным хуліганстве.

Cправа Алеся Пушкіна (на фота) і Аляксея Янушэўскага, якіх затрымалі 9 верасня ў раёне вёскі Гацькаўшчына, куды яны прыехалі на фэст “Аршанская бітва 2007”, разглядалася два дні. Першапачткова творцы абвінавачяваліся ў дробным крадзяжы – паводле пратакола, яны выкінулі дзяржаўны сцяг з вакна Аршанскага РАУС. Аднак на пасяджэнні суддзя Рыбакова заявіла, што ўчынак падсудных не адпавядае фармулёўцы "дробны крадзёж". Да таго ж высветлілася і некаторыя недакладнасці ў пратаколе.

-- Прынамсі, сцвярджалася, што Пушкіна і Янушэўскага затрымалі пасля 10 раніцы, у той час як у сапраўднасці гэта было а 8-й, і таму ёсць сведкі, -- расказаў “Салідарнасці” палітык Вячаслаў Сіўчык. – Сёння іх зноў судзілі, але ўжо па артыкуле “дробнае хуліганства”. Прычым суд праходзіў за зачыненымі дзвярыма. Як нам патлумачыў намеснік старшыні суда, закрытыя працэсы па адміністрацыйных справах – гэта для іх нармальная практыка. Хаця ў сапраўднасці падэбная рэч не адпавядае закону.

На судзе майстар перфоманса Алесь Пушкін запатрабаваў прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці, а не абражаць артыкулам “за дробнае хуліганства”.

-- Ён заявіў, што абураны тым беззаконнем, якое ўлады прадэманстравалі ў дачыненні да сапраўдных беларусаў, якія ўсяго толькі і хацелі, што сабрацца разам і спяваць беларускія песні, -- адзначыў Вячаслаў Сіўчык. – Паводле Алеся, іншым чынам выказаць свой пратэст, акрамя як выкінуць сімвал гэтай ўлады, якая дапускае падобнае, ён не мог. І зараз ні аб чым не шкадуе.

Пушкін і Янушэўкі выйдуць на волю 16 верасня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)