Пугач: «Узровень цікавасці да расійскай культуры не будзе расці»

Музыка, які вымушана з’ехаў у Варшаву, – пра геапалітычны выбар Беларусі, культурную дамінацыю ўсходняга суседа і культуру адмены.

– Мне здаецца, што ісці за кімсці – гэта, наогул, вельмі дрэнны геапалітычны выбар, – разважае ў эфіры «Е*рарадыё» музыка Уладзімір Пугач. – Бо паглядзіце на Украіну. Яна, па-першае, лічыць і адчувае сябе перадусім Украінай. Яна мае свой асабісты погляд на рэчы.

І я б не сказаў, што галоўнае для ўсіх украінцаў – гэта трапіць у НАТА або ў ЕС. Для іх галоўнае – гэта захаваць сваю культуру, сваю краіну і развівацца. Таму што сама па сабе Украіна – гэта даволі цэнтравая краіна.

Тое ж самае я жадаю і Беларусі. А яшчэ, каб беларускія палітыкі не казалі, што нам трэба кудысці за кімсці ісці. Калі такія палітыкі знікнуць і з’явяцца тыя, што, перш за ўсё, будуць вызначаць для нашай краіны менавіта беларускае месца, тады, на мой погляд, і ўздымецца нацыянальная свядомасць.

Так, пасля 2020-га ўзнік пэўны ўздым, і беларусы пачалі адчуваць сябе грамадзянскай нацыяй. Але гэта не мусіць прыводзіць да таго, што нам зараз трэба рабіць геапалітычны выбар за чырвоных або за белых.

Нягледзячы на тое, што Расія паводзіць сябе агрэсіўна, а большасць беларусаў падтрымлівае Украіну, Уладзімір Пугач кажа, што не трэба вызначаць месца Беларусі толькі па тых абставінах, якія склаліся зараз:

– Так не было раней і, спадзяюся, будзе не заўсёды. А Беларусь будзе існаваць значна даўжэй. Не трэба рабіць выбар, які праз 5 год можа быць проста неактуальным.

Зразумела, што беларусы – гэта еўрапейцы. Гэта, на мой погляд, цэнтральная Еўропа. Гэта бачна і па менталітэту, і па культуры, і па таму, што адбывалася апошнія два гады, гэта таксама важна.

Кажучы пра культурную дамінацыю Расіі, музыка заўважае, што яна неўзабаве можа змяніцца:

– Відавочна, што за 70 год культурная дамінацыя не магла не адбіцца на беларусах. Так, у нас значная большасць краіны размаўляе па-руску. У нас большасць цікавіцца расійскім кіно, іх музыкай і гэтак далей. І, на мой погляд, пэўным чынам гэта перашкаджала развіццю беларускай культуры. Што будзе адбывацца зараз? Я не ведаю.

Мне падаецца, што ўзровень цікавасці да расійскай культуры, добра гэта або дрэнна, не будзе расці, а можа, і будзе змяншацца. І я мару і спадзяюся, што на гэта вольнае месца прыйдзе цікавасць непасрэдна да культуры беларускай.

Але ж, што тычыцца адмены рускай культуры, музыка ў гэтым пытанні імкнецца быць асцярожным:

– Я калісці прыдумаў такі тэрмін, як спажывецкі экстрэмізм, калі ты адмаўляешся ад нейкіх тавараў і ад нейкай культуры, таму што гэта культура належыць, у дадзеным выпадку, да краіны агрэсара.

Тут трэба быць вельмі асцярожным, бо, як нам відавочна, не ўсе рускія фашысты і не ўсе падтрымліваюць гэту вайну. І я б сказаў, што большая частка тых, хто ствараў або зараз стварае пэўныя культурныя каштоўнасці, яны не падтрымліваюць тое, што адбываецца, – лічыць музыка. – Я разумею, чаму так робяць украінцы. Ім проста балюча.

Яны знаходзяцца ў такім становішчы і маюць на гэта права.

Што тычыцца мяне, то я ў стане падзяляць для сябе артэфакты, якія зроблены для падтрымкі рускага міра і імперскага светапогляда і проста добрую культуру, створаную ў Расіі. Для мяне гэта не так проста, не чорна-белы свет.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(9)