Псіхолаг: «Улады ўзяліся за кавалак, які не здольныя з’есці»

Наталля Скібская — пра затрыманне сваіх калег у Беларусі.

Днямі стала вядома пра масавыя затрыманні псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў у Беларусі. Паведамляецца, што падчас допытаў ад іх патрабавалi даць інфармацыю аб «нядобранадзейных» пацыентах.

Наталля Скібская

— Калі разглядаць гэтую новую хвалю затрыманняў як феномен, то можна сказаць, што параноя ва ўладзе павялічваецца, — кажа псіхолаг Наталля Скібская ў інтэрв’ю «Св*бода Premium». — Так заўсёды адбываецца, калі бяруць больш, чым можа вывезці.

Больш улады, трывогі і больш рэпрэсій. Гэта заганнае кола, і так гэта працуе. Калі ты не можаш дацягнуцца да таго, што табе трэба кантраляваць, гэта вядзе да вось такіх дзеянняў.

Эксперт адзначае, што з гэтага года ўступілі ў сілу змены ў законе «Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі»:

— Мне вельмі цяжка аб гэтым казаць, але як ёсць: хай тыя, хто гэтага яшчэ не ведае, ведаюць. Мы (псіхолагі — С.) увогуле лічым, што ўсё, што кажа нам кліент — гэта таямніца, і канфідэнцыяльнасць яе абараняе. Але зараз, па новаўвядзеннях, канфідэнцыяльнасць павінна быць парушана псіхолагам па запыту супрацоўнікаў органаў. Гэты закон дзейнічае з 6 студзеня 2023 года.

Раней канфідэнцыяльнасць магла быць парушана па пісьмоваму запыту органа, які вядзе крымінальную справу. Там былі і іншыя справы, напрыклад, калі чалавек знаходзіцца ў такім стане, што ён пагражае сам сабе ці іншым — плануе самагубства ці забойства, ці яго стан такі, што ў выніку ён можа гэта зрабіць. Тады псіхолаг павінен быў пра гэта сказаць родным, бацькам ці міліцыі. Гэта ёсць ва ўсіх законах аб псіхатэрапеўтычнай дапамозе ўсіх краін свету.

І калі раней псіхолаг проста мог парушыць таямніцу па запыту, то зараз ён павінен яе парушыць. Гэта азначае, што хтосьці можа патэлефанаваць псіхолагу ці прыйсці з ксівай і сказаць: «Я хачу ад вас атрымаць звесткі аб такім чалавеке».

І гэта жах нават не ў тым сэнсе, што яны будуць выкарыстоўваць гэтую інфармацыю, а што гэта вельмі дрэнна паўплывае на псіхатэрапеўтычныя адносіны.

Наталля Скібская лічыць, што затрыманнем псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў улады спрабуюць навязаць хоць нейкія сувязі, але ж падставай для ўсіх гэтых дзеянняў з’яўляецца трывога:

— Бо яны ўзяліся за такі кавалак, які не здольныя з’есці. Таму іх трывога матывуе рабіць гэту жэрсць — ім неабходна правесці хоць нейкія сувязі і аналогіі, каб разумець, на што глядзець. Тое, што адбываецца, напэўна, нават не план, а тое, як працуе зламаная псіхіка і механізмы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(20)