Коктейль

Алена Ляшкевіч, Зялёны партал

Прырода настолькі ачысцілася, што ў Дом урада вярнуліся зайцы

Што вядома пра зайца на плошчы Незалежнасці.

У маі СМІ публікавалі фота і відэа дзікага зайца, які скакаў па газоне на мінскай плошчы Незалежнасці і нават прабягаў ля ўвахода ў Дом урада. Мы сабралі ўсё, што вядома пра жывёлку, і спыталі людзей, якія працуюць на плошчы, ці бачылі яны зайчыка.

Фота Тамара Хаміцэвіч, Минск-новости

Першай сфатаграфавала зайца карэспандэнтка агенцтва «Мінск-Навіны» Тамара Хаміцэвіч. Яна рабіла рэпартаж пра тое, як у Мінску святкуюць 1 мая. Жывёлка трапіла ў аб’ектыў выпадкова.

Ахоўнік Дома ўрада паведаміў журналістцы, што шэры жыве на газонах плошчы ўжо каля тыдня (з канца красавіка). Фотамадэль збегла ў бок Чырвонага касцёла, а потым на вуліцу Савецкую. Чытачы здзівіліся, і на наступны дзень рэдакцыя апублікавала больш фота зайца. Тамара Хаміцэвіч упэўніла, што жывёла дзікая, а здымкі праўдзівыя.

Неўзабаве відэа прабежкі зайца-русака па адным з мінскіх двароў недалёка ад плошчы Незалежнасці апублікаваў сайт Sputnik.by. Сказаць упэўнена, што гэта тая ж жывёла з рэпартажа «Мінск-Навіны», нельга, аднак, тэнцыю любові касых да гэтай часткі Мінска адзначыць можна. Журналісты прапанавалі версію, што русак прыскакаў з Камсамольскага возера, дзе іх жыве шмат.

17 мая фота касога літаральна ля ганка Дома ўрада з’явілася на старонках сацсеткі «УКантакце» Мая краіна Беларусь і Минск сейчас. Іх перадрукавалі шматлікія СМІ.

Чытачы жартавалі: «Прырода настолькі ачысцілася, што ў Дом урада вярнуліся зайцы»; «Чакаем, пакуль прырода ачысьціцца настолькі, што туды вернецца парламент узору 1994 году»; «Калі так пойдзе, неўзабаве вернецца і бел-чырвона-белы сцяг»; «Заяц вырашыў падацца ў прэзідэнты»; «Гэта валюта 1993-94 гг. скача»; «Абнуленне! Вяртаемся да грошаў-зайчыкаў!»; «Гэта ён з аўтобуса выскачыў»; «Кантралёраў паменела, вось зайцы і распладзіліся».

Зялёны партал вырашыў разабрацца на месцы. 19 мая журналістка выправілася на плошчу Незалежнасці, узброіўшыся фотаапаратам. Новых здымкаў касога зрабіць не атрымалася, зайца нідзе не было відаць.

У ахоўнікаў Дома ўрада была перазменка, пагутарыла адразу з двума. Адзін мужчына паведаміў, што бачыў зайца з месяц таму і дадаў: «А што яму ў нас рабіць? Газоны пакошаныя. Можа, ля Чырвонага касцёла бегае, там яму больш чаго пад’есці».

Другі ахоўнік сустрэў шэрага пару дзён таму ўначы. Нарад міліцыі, што патрулюе плошчу, распавёў, што зайчык з’яўляецца ў кустах амаль кожную ноч: «А ўдзень спіць, мабыць. Яны ж начныя жывёлы. Так што прыходзьце на фотапаляванне ў прыцемках!»

Супрацоўнікі педуніверсітэта, галоўны корпус якога стаіць на плошчы Незалежнасці, пра зайца нічога не чулі. Лакальнай знакамітасцю касы пакуль не стаў.

Гэта далёка не першы выпадак, калі дзікія жывёлы, і зайцы ў прыватнасці, з’яўляюцца ў цэнтры сталіцы. За апошнія два гады касых фатаграфавалі ля Нацыянальнага мастацкага музея, на перакрыжаванні вуліц Платонава і Казлова. Месяц таму ля Нацыянальнай бібліятэкі заўважылі лася.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(17)