Общество
Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

Прыгоды замежных турыстаў у гомельскім аэрапорце

З Варшавы да Мінска пасажыры “Белавіа” дабіраліся 13 гадзін.

З-за моцнага тумана 26 лістапада “варшаўскі” самалёт “Белавіа” замест Мінска прыляцеў у Гомель. “У выніку пасажыры прыбылі ў сталіцу на некалькі гадзін пазней”, — аптымістычна супакоіў тэлеканал Беларусь-1.

“Наш госць, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Анджэй Яноўскі здолеў дабрацца да Мінска толькі а 3 гадзіне ночы”, — абвяргае звесткі тэлеканала Інэса Кур’ян, якая сустракала прафесара ў Мінску.

Інэса чакала свайго 77-гадовага госця ў аэрапорце “Мінск-2” з 14 гадзін дня да 21-й вечара. Добра, сустракаючым хаця б сказалі, што самалёт накіраваўся ў іншы аэрапорт.

Інэса Кур’ян: “Прафесар распавёў, што ім наогул ніхто не сказаў, што яны прызямліліся ў Гомелі! І толькі калі апынуліся ў нейкім зале, высветлілася, што гэта Гомель! Людзей закрылі там — Гомельскі аэрапорт не мае магчымасці выдаваць візы. Такія службы ёсць толькі ў Мінскім аэрапорце. Сказалі, што сядзець у зале будуць пакуль да іх не прыедзе адпаведная служба”.

“Служба” прыехала праз 5 гадзін з Мінска, каб паставіць візу італьянскаму турысту. Пашэнціла тым, у каго была нейкая “заначка”.

Інэса Кур’ян: “Ніхто нікога не карміў! Ім далі гарбату і нічога іншага. І пасажыры дзяліліся нейкімі сваімі булкамі, якія ў каго былі”.

Праз 5 гадзін памежна-візавыя пытанні вырашылі і пасажырам прапанавалі па жаданні самім вырашаць, што далей рабіць. Бо накіраваны з Мінска самалёт-ратавальнік... не змог прызямліцца ў Гомелі. Некалькі палякаў ужо збіраліся наймаць бус да Мінска, як стала вядома, што беларускі авіяперавозчык ўсё ж даставіць іх у сталіцу — на аўтобусе. І тыя 14 чалавек з 40 пасажыраў, якія яго дачакаліся, у сталіцу трапілі а 3-й гадзіне ночы.

Пасажыры сапраўды крыху затрымаліся, прызнае намеснік дырэктара Гомельскага аэрапорта Анатоль Кірсанаў. Але выключна з-за таго, што чакалі іншага самалёта з Мінска. І памежнікі з візамі тут абсалютна ні пры чым!

Анатоль Кірсанаў: “У нас мытнік дзяжурны знаходзіцца цэлыя суткі тут. І памежнікі цэлыя суткі тут. У сувязі з тым, што самалёт ужо не вылятаў у Мінск, а вызначылася працяглая затрымка, прыехаў яшчэ дадткова начальнік аддзела, і сядзелі мы тут усе разам, хадзілі туды-сюды. І тыя, каму трэба было, цягам гадзіны забралі свой багаж і з’ехалі ад нас”.

Праўда, прызнаецца, што гэта былі тыя шчасліўцы-беларусы, якіх альбо здолелі сустрэць, альбо каму трэба было ў Мазыр ці Жлобін. Астатнія да 21.30 нібыта спакойна елі пячэнне-шакалад з кавай-гарбатай, чакалі аўтобус да Мінска ды дзякавалі гамяльчанам за добрую арганізацыю сустрэчы.

Вось і польская амбасада, відаць, вырашыла “падзякаваць” “Белавіа”. Па словах дарадцы амбасады Альжбэты Шчапаньскай-Дамброўскай, яны рыхтуюць адпаведны ліст да кампаніі.

Дарэчы, як паведамляюць Еўрарадыё ў Памежным камітэце, Гомельскі аэрапорт сапраўды не падрыхтаваны да сустрэчы “незапланаваных” замежнікаў без віз.

Прэс-служба Памежнага камітэта: “Гомельскі аэрапорт — запасны, ён не стаіць у сетцы міжнародных. І таму консульскіх устаноў нашага МЗС там няма”.

Гэта Еўрарадыё пацвярджаюць і ва Упраўленні па пытаннях уезду замежнікаў МЗС Беларусі. Таму сапраўды паставіць замежніку візу ў Гомелі няма каму. І бліжэйшым часам уводзіць у мясцовым аэрапорце такую паслугу не плануецца. Добра, што патэнцыйным гасцям Чэмпіянату свету па хакеі не патрэбныя візы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)