Общество
Таццяна Гусева

Продкамі Статкевіча былі слуцкія паўстанцы і рыцары

«Салідарнасць» распытала вядомых беларусаў, да якога калена яны ведаюць свой род.

У Беларусі — генеалагічны бум

Колькасць зваротаў у Нацыянальны гістарычны архіў сведчыць пра тое, што ў Беларусі — генеалагічны бум. З кожным годам усё больш і больш беларусаў праяўляюць цікавасць да сваіх каранёў і звяртаюцца ў архіў. Дырэктар установы Дзмітрый Яцэвіч тлумачыць гэтую з’яву тым, што наша грамадства, у параўнанні з савецкім перыядам, стала больш цікавіца гісторыяй.

— Калі Беларусь набыла незалежнасць, на многія гістарычныя факты сталі глядзець пад іншым ракурсам. Раней людзі баяліся цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і. А раптам твае продкі былі не пралетарскага паходжання? Цяпер знятыя ўсе негалосныя табу, і людзі зацікавіліся гісторыяй сваёй сям’і, — расказваў у інтэрв’ю тэлеканалу АНТ Дзмітрый Яцэвіч. – Многія імкнуцца знайсці шляхецкія карані, хоць гэта проста падцвярджае паходжанне.

Мінімальны кошт генеалагічнага даследавання складае 1 мільён 956 тысяч рублёў, а канчатковы кошт фарміруецца, сыходзячы з аб’ёму інфармацыі і часу, які быў затрачаны на яе пошук.

Уладзімір Гілеп: «Я дайшоў толькі да дзевятага калена»

Менавіта праз Нацыянальны гістарычны архіў складаў свой радавод галоўны рэдактар «Краязнаўчай газеты», старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп.

— Я прайшоў не да канца: толькі дзевяць каленаў па абедзвюх лініях — мамінай і бацькавай. Аказваецца, захаваліся сялянскія рады ў архівах, дзякуючы перапісу насельніцтва і царкве, — распавёў ён “Салідарнасці”. — Даведаўся, што майго пра-пра-пра ...дзеда звалі Ігнатам. У 1733 годзе мой продак, можа, жыў і не вельмі багата, але на яго сям'ю яму хапала трох кароў, двух коней, дзесяць авечак, свіней і зямлі.

Дарэчы, я вывучаў не толькі сваё прозвішча, а ўсю вёску сваю — Острава Капыльскага раёна, дзе я нарадзіўся. Цікава, што прозвішчы тых людзей, якія жылі ў другой палове XIX стагоддзя, тыя ж самыя, што і іх патомкаў, якія жывуць сёння. У нашай вёсцы прозвішчы ўсе чамусьці з жывёльнага і расліннага свету: Сокалы, Каршуны, Пешкуры, Буракі, Чэркасы. Мой дзед меў прозвішча Галоцік — ад слова галата. Радавод ужо пэўна не пайшоў у радзівілаўскі бок, — смяецца Уладзімір Гілеп.

Мікалай Статкевіч: «Гісторыя майго роду шмат што тлумачыць у маім лёсе»

Добра ведае сваё генеалагічнае дрэва і палітык Мікалай Статкевіч.

Жонка палітвязня Марына Адамовіч кажа:

— Наколькі я ведаю, пачынаецца радавод з 17 стагоддзя (1630-1640-я гады). Прадстаўнікі яго роду фундавалі Петрапаўлаўскі сабор, што на Нямізе, і Куцеінскую Лаўру ў Воршы.

Па маці Мікола з роду Валадковічаў — стары і слынны беларускі род, а па бацьку — з роду Статкевічаў, прадстаўнікі якога жылі на Случчыне. Яны былі заможнымі. Захаваліся дакументы, якія сведчаць пра тое, што яны гандлявалі з Радзівіламі, набывалі ў іх зямлю і маёнткі. Продкі Міколы былі ваярамі, удзельнічалі ў паходах.

Радавы герб Статкевічаў “Касцеша”, вядомы з XV стагоддзя, захоўваецца у Баранавічах у доме бацькі палітыка.

Фота Юліi Дарашкевіч

Як распавядаў Мікалай Статкевіч карэспандэнту “Салідарнасці”, згодна з легендай рыцар Касцеша гераічна змагаўся з крыжакамі. Калі пасля бітвы усе хваліліся сваёй здабычай, у яго спыталі: “А дзе твая?”. Тады ён паказаў на плячо, з якога тырчэла страла: “Вось мая здабыча”. З таго часу на гербе Статкевічаў – расшчэпленая страла.

Былі сярод прадзедаў Статкевіча сенатары, маршалкі, удзельнікі Слуцкага паўстання і партызаны.

— Гісторыя майго роду шмат што тлумачыць у маім лёсе, — лічыць палітык. — Статкевічы прымалі ўдзел ува ўсіх ваенных кампаніях. Біліся за сваю веру і краіну. Гэта былі людзі абавязку і гонару. Адважныя людзі.

Таццяна Рэвяка: «Можа быць, мая бабуля была акторкай прыгоннага тэатра?»

Праваабаронца Таццяна Рэвяка прызнаецца, што ў яе не вельмі вялікія пазнанні пра сваіх продкаў.

— Чамусьці бабуля не хацела распавядаць пра наш род. На той час многія стараліся замоўчваць тое, што было раней, нібыта жывуць з чыстага ліста. Яна заўсёды казала: «Добра, што я хоць на вуліцу магла выйсці пагаласіць». Яе муж загінуў на фронце, а ў некаторых мужыкі пасля акупацыі вярнуліся і трапілі ў турму.

“Дык жонкі нават і галасіць не маглі на людзях, заткнуць сабе рот анучай і дома равуць”, — успамінала бабуля. Удзень яна атрымала пахаронку на мужа, а ўначы моцны буран знёс дах яе хаты — і яна разляцелася. У бабулі на руках было пяцёра дзяцей. Ад гэтых стрэсаў яна, яшчэ маладая жанчына, згубіла зубы...

Сапраўды не прынята было распавядаць пра тыя часы. Я ведаю пра сваіх бабуль-дзядуль і пра іх бацькоў, здымкі захаваліся, канечне. Але шмат у чым гісторыя маёй сям’і засталася для мяне закрытай. І ўжо няма тых людзей, якія маглі б мне яе распавесці.

Гістарычныя часы такія былі: рэвалюцыя, вайна... Скажы сёння адно, дык заўтра за гэта пасадзіць могуць...

Дакументы і архівы – гэта вельмі важна, але асабіста для мяне большае значэнне маюць жыццёвыя гісторыі. Можа быць, у прыгонным тэатры мая прапрабабуля была акторкай? — смяецца Таццяна. —Можа, таму і гісторыя майго роду засталася таямніцай.

Віталь Радзівонаў: «Як з’явіцца час – абавязкова складу свой радавод»

Нападаючы БАТЭ Віталь Радзівонаў памятае сваіх бабуль-дзядуль.

— Бацькавы — з Урала, а сваякі маці — віцебскія. Прадзедаў я ўжо не застаў. Ведаю, што ніхто з маіх продкаў не быў звязаны са спортам. Бабуля і дзядуля па бацьку жылі ў вёсцы, трымалі сваю гаспадарку. Памятаю, малым ездзіў на Урал да іх гасцяваць. А вось уральскія пельмені так і не навучыўся ляпіць.

Віталь Радзівонаў плануе, як з’явіцца час — абавязкова заняцца сваім радаводам.

Дар’я Каткоўская: «Я выходзіла замуж з куфрам маёй прабабкі»

Блогерка Дар’я Каткоўская ведае свой род да чацвертага калена.

— Насамрэч, ува мне вельмі шмат намешана. Мама мая з Расіі, а бацькавы сваякі – з Беларусі. Бабулі і дзядулі мае жылі ў мястэчку Баева — гэта на мяжы з Расіяй, блізка да Смаленску. Калісьці гэта было габрэйскае мястэчка. Дакладна пра габрэйскія карані няшмат ведаю. Але дзядоў маіх звалі Аўраам і Давід.

У маіх беларускіх продкаў было вельмі цяжкае жыццё. Бабуля расказвала, што ў іх было шмат дзяцей, і заўсёды трэба было шмат працаваць. З беларускімі сваякамі мы падтрымліваем сувязь, і ёсць адчуванне сям’і. А з рускай галіной ніякіх стасункаў не падтрымліваем, а тыя, хто жыў тут, ужо памерлі.

Дар’і далі імя ў гонар прабабулі, якая жыла ў Ніжнім Ноўгарадзе.

— Яна была першай жанчынай, якая атрымала пасведчанне кіроўцы ў Ніжнім Ноўгарадзе. Гэта было ў 30-я гады. Яна расказвала, як усе паставыя — а тады светлафораў не было — салютавалі, калі яна праязджала. Падчас вайны яна была адзінай жанчынай, якая працавала кіроўцай хуткай дапамогі пад бамбёжкамi. Яна памерла, калі мне было гадоў сем-восем. Мне здаецца, што мы з ёй падобныя. Яна была трошку шалёная, як і я. А беларускія мае сваякі вельмі мне падабаюцца. Яны вельмі спакойныя, мілыя, — усміхаецца Дар’я.

Дзве Дар’і – праўнучка і бабуля

Ад прабабулі ў Дар’і застаўся куфар XIX стагоддзя.

— З ім яна выходзіла замуж, а пасля і я. Цяпер там жывуць мае панчошкі i туфлiki.

Як сямейную рэліквію Дар’я Каткоўская захоўвае модныя часопісы 1863 года, люлькі і старасвецкі посуд, якія дасталіся ад расійскай галіны сям’і — Абрамавых-Гусаравых. А ў яе бацькоў вісіць каваная венецыянская люстра з дома купца Строганава, дзе пасля калектывізацыі жыла прабабуля.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)